RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Як жыхары вёскі Галкавічы Мсціслаўскага раёна ўвекавечылі памяць продкаў

У вёсцы Галкавічы Мсціслаўскага раёна былыя жыхары ўстанавілі капліцу. Ідэя такім чынам увекавечыць памяць аб населеным пункце ўзнікла ў мсціслаўца Леаніда Галкоўскага.

У гэтай вёсцы прайшло яго дзяцінства, юнацтва. Тут жылі яго бацькі, сябры.

– У той час калі людзей у Галкавічах заставалася ўсё менш і менш, у мяне з’явілася думка паставіць капліцу, – гаворыць ён. – Канчатковае рашэнне я прыняў тады, калі хтосьці падпаліў траву і вёска ледзь не згарэла. Падумаў, што калі-небудзь можа не стаць маёй малой радзімы і ніхто не будзе ведаць, што тут былі Галкавічы.

 

Увасобіць у жыццё сваё жаданне мужчыну самастойна было нялёгка. Для гэтага трэба было шмат грошай.

– Улетку я вырашыў паказаць свайму сябру Уладзіміру Бурдакову, які жыве ў Нарве, што засталося ад нашай вёскі, – расказаў Леанід. – Разам са сваім сынам я прайшоў па тых месцах, дзе раней стаялі дамы, клуб, школа. Мы знялі відэа і размясцілі яго ў сацыяльнай сетцы «Аднакласнікі».

Мая зямлячка Галіна Аляксеева кінула кліч землякам дапамагчы нам у гэтай справе.

Так, на просьбу Леаніда Галкоўскага адгукнуліся не толькі землякі, але і чужыя людзі. Грошы на капліцу былі сабраныя.

– У жніўні я стаў будаваць, – кажа ўраджэнец Галкавічаў. – Разлічваў толькі на свае сілы. Часам мне здавалася, што хтосьці дапамагае звыш. Увесь вольны час я прысвячаў будаўніцтву. Гэта праца прыносіла мне вялікае задавальненне. Потым да мяне падключыліся Артур Піменаў, Дзмітрый Астанковіч, Андрэй Тарабараў, Юрый Лазараў. Яны мае аднавяскоўцы.

Капліца ўжо гатовая. Леанід адзначае, што яна цяпер з’яўляецца сімвалам памяці. Каля яе змогуць сабрацца былыя жыхары вёскі, каб пагаварыць, успомніць сваіх суседзяў, сяброў.

Мужчына плануе і далей працягнуць добраўпарадкаванне гэтага месца:

– Хутка ўсталюем таблічку. Яна ўжо гатовая. На ёй будуць напісаны словы: «З глыбокай удзячнасцю продкам в. Галкавічы ад удзячных нашчадкаў. Вёска Галкавічы заснавана ў 1825 годзе». Ужо прывезлі з Чэрыкава камень-валун. Услончык зраблю. На ім будуць сядзець самыя старыя жыхары вёскі. Іх усяго тры. Туі пасаджу. Хачу зрабіць яшчэ купал. Вось толькі каштуе ён дорага. Кветкі пасадзім. Думаю, што на Радаўніцу капліцу асвяцім…

Леанід Галкоўскі скончыў 4 класа Галкавіцкай школы. Потым вучыўся ў СШ № 3. У ГПТУ № 92 атрымаў прафесію сталяра. Пасля арміі служыў у міліцыі. Больш за 20 гадоў працуе на масласырзаводзе. Чалавек ён актыўны, адказны, майстар на ўсе рукі.

Дарэчы, каля могілак у Галкавічах быў усталяваны паклонны крыж. Яго асвяціў айцец Міхаіл. Цяпер вёска знаходзіцца пад абаронай Божай…

Упершыню гэтая вёска згадваецца ў 1825 годзе. Праз пяць гадоў яна адзначыць сваё 200-годдзе. Калісьці тут была пачатковая школа, клуб, пражывала больш за 300 чалавек.

Сёння ад вёскі засталося некалькі дамоў і добрыя ўспаміны пра тых, хто тут жыў. Сюды прыязджаюць былыя жыхары ў бацькоўскія дамы, каб пасеяць агарод, набраць яблыкаў у садзе свайго дзяцінства, прывесці ў парадак тэрыторыю ля дома.

 

Толькі буслы не пакінулі сваю малую радзіму. Яны кожны год вяртаюцца сюды…

Фота Натальи Ціханоўскай, mstlife.by

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая