RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Якія змяненні чакаюць ІП у Беларусі

Законапраект «Аб змяненні законаў па пытаннях прадпрымальніцкай дзейнасці» паступіў у Палату прадстаўнікоў. Дакумент рыхтуецца да першага чытання, а пакуль ён павінен прайсці абмеркаванне з зацікаўленымі па ўсёй краіне. Аб навацыях законапраекта расказаў член Пастаяннай камісіі па эканамічнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Анатоль Насеня.

«Законапраект прадугледжвае рэфармаванне сістэмы малога і сярэдняга прадпрымальніцтва. Яго галоўная мэта - упарадкаванне прадпрымальніцкай дзейнасці, што дасць магчымасць стварыць канкурэнтнае асяроддзе паміж рознымі арганізацыйна-прававымі формамі малога бізнесу, паставіць іх ва ўзаемавыгадныя ўмовы, - сказаў Анатоль Насеня. - Законапраект прадугледжвае планамерны пераход ад індывідуальных прадпрымальнікаў да юрыдычных камерцыйных арганізацый малых і сярэдніх. У малых прадугледжваецца, што будзе працаваць да 100 чалавек уключна, у сярэдніх - да 250 чалавек. Рэфармаванне прадугледжана на працяглы тэрмін».

Паводле яго слоў, задача на бягучым этапе - максімальна вывучыць рэакцыю малога і сярэдняга бізнесу на такі законапраект. «У сувязі з гэтым плануецца правесці шэраг круглых сталоў з прыцягненнем і прадстаўнікоў бізнесу, і ў цэлым усіх зацікаўленых асоб, - адзначыў парламентарый. - Задача не нашкодзіць і ў ходзе абмеркавання выявіць магчымыя праблемныя пытанні, з якімі якраз прадстаўнікі малога і сярэдняга бізнесу могуць сутыкнуцца ў ходзе рэалізацыі такой рэформы, і пры падрыхтоўцы да першага чытання ўжо выпрацаваць прапановы карэкціроўкі законапраекта, знізіць негатыўныя наступствы і забяспечыць давядзенне гэтай інфармацыі індывідуальным прадпрымальнікам, камерцыйным арганізацыям».

Законапраект размешчаны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. «Ва ўсіх ёсць магчымасць з ім азнаёміцца. Актыўнае абмеркаванне пачынаецца з 2 мая. Напрыклад, дэпутаты цяпер працуюць у рэгіёнах і гэту магчымасць выкарыстоўваюць, каб правесці дыялогавыя пляцоўкі. Так, магу сказаць, што 3 мая адбудзецца дыялогавая пляцоўка ў Магілёўскім аблвыканкаме. 4 мая - у Брэсцкім аблвыканкаме. Такія дыялогавыя пляцоўкі пройдуць з прыцягненнем прадстаўнікоў малога і сярэдняга бізнесу, канфедэрацый прадпрымальнікаў. У нас у планах ва ўсіх абласных цэнтрах правесці такія абмеркаванні».

У першым чытанні праект закона плануецца разгледзець у Авальнай зале на гэтай сесіі. «Прыняцце такога закона дасць магчымасць трансфармаваць інстытут малога прадпрымальніцтва, упарадкаваць умовы для дзейнасці яго суб'ектаў. Другое - павысіць ступень удзелу абноўленага складу суб'ектаў малога прадпрымальніцтва ў фінансаванні дзяржаўных расходаў. Трэцяе - стварыць зразумелыя ўмовы для вядзення бізнесу. Чацвёртае - спрасціць адміністраванне бізнес-працэсаў. Пры пераходзе ў камерцыйныя арганізацыі індывідуальныя прадпрымальнікі будуць мець у тым ліку магчымасць на дзяржпадтрымку. Прычым закон не прадугледжвае знікненне інстытута прадпрымальніцтва. Акрамя таго, змяняецца статус самазанятых асоб. З аб'ектаў малога прадпрымальніцтва выключаецца катэгорыя мікраарганізацыі. Гэта значыць арганізацыі колькасцю да 15 чалавек. Прапануецца законапраектам змяніць падыход прадастаўлення дзяржаўнай фінансавай падтрымкі суб'ектам малога і сярэдняга прадпрымальніцтва. У прыватнасці, на такую падтрымку могуць прэтэндаваць і самазанятыя, і рамеснікі. Але пакуль нам важна вывучыць рэакцыю бізнесу».

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая