Усе 683 участковыя камісіі, утвораныя ў Магілёўскай вобласці, гатовы да таго, каб забяспечыць выбарчы працэс у адпаведнасці з Выбарчым кодэксам. Аб гэтым сёння расказаў на сустрэчы з журналістамі старшыня Магілёўскай абласной камісіі па выбарах Прэзідэнта Яўген Алекса. У найбліжэйшы час участковыя камісіі будуць забяспечаны выбарчымі бюлетэнямі, якія нядаўна атрыманы абласной выбарчай камісіяй.
«Мы падыходзім да вельмі адказнага этапу сёлетняй электаральнай кампаніі. Ужо з 21 па 25 студзеня пачнецца датэрміновае галасаванне, а 26 студзеня адбудзецца асноўны дзень выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, - расказаў ён. - З 683 камісій 32 будуць працаваць непасрэдна 26 студзеня, у асноўны дзень галасавання, з прычыны таго, што яны пачнуць сваю працу ў бальніцах і санаторыях. Датэрміновае галасаванне будзе забяспечваць 651 участковая камісія, дзе ўжо з 21 чысла гатовы прымаць выбаршчыкаў, каб яны зрабілі свой выбар. Участкі для галасавання забяспечаны ўсім неабходным і поўнасцю гатовы да прыёму выбаршчыкаў, прадугледжаны ўсе неабходныя ўмовы, у тым ліку і для выбаршчыкаў з абмежаванымі магчымасцямі. Напрыклад, для асоб з парушэннем зроку на ўчастках для галасавання будуць прадастаўляцца лупы, павелічальнае шкло для самастойнага запаўнення бюлетэня або спецыяльны трафарэт для невідушчых грамадзян. Таксама ўчасткі размяшчаюць інфармацыйнымі матэрыяламі, вырабленымі шрыфтам Брайля. Акрамя таго, будзе арганізавана дзяжурства валанцёраў у дапамогу тым, хто будзе ў гэтым мець патрэбу. Для асоб з абмежаванымі магчымасцямі таксама абсталяваны адпаведныя кабінкі, якія забяспечаць найважнейшы прынцып выбарчага працэсу – таямніцу галасавання».
Таксама Яўген Алекса адзначыў, што выбаршчыкі маюць права аж да 18:00 26 студзеня звярнуцца ў адпаведную ўчастковую камісію і пакінуць заяўку на галасаванне дома. Прычыны, з якіх могуць звярнуцца выбаршчыкі, могуць быць розныя: гэта і стан здароўя, і фізічны стан, якія не дазволяць ім ні ў перыяд датэрміновага галасавання, ні ў асноўны дзень прыйсці на ўчастак. Усім неабходным для гэтага ўчастковыя камісіі таксама забяспечаны: пераноснымі скрынямі для галасавання, транспартам.
Нагадаў старшыня абласной камісіі і аб правілах. Так, прыходзячы на свой участак для галасавання, выбаршчык павінен найперш прад'явіць дакумент, які сведчыць асобу: «У асноўным гэта пашпарт альбо ID-карта. Таксама, калі гэтыя дакументы па нейкай прычыне ў выбаршчыка, унесенага ў спіс для галасавання, адсутнічаюць, ён можа прад'явіць вадзіцельскае пасведчанне, пасведчанне супрацоўніка дзяржаўных органаў, студэнцкі білет або білет навучэнца, для ваеннаслужачых - ваенны білет, пенсіённае пасведчанне або пасведчанне інваліда пры наяўнасці ў ім фота, альбо даведку органа ўнутраных спраў, якая пацвярджае асобу, у выпадку страты (крадзяжу) пашпарта або ідэнтыфікацыйнай карты грамадзяніна, - растлумачыў Яўген Алекса. - На падставе гэтых дакументаў члены камісіі выдадуць грамадзяніну адпаведны бюлетэнь для галасавання.
Тым грамадзянам, у якіх месца рэгістрацыі адрозніваецца ад месца іх фактычнага пражывання, у выпадку, калі яны хочуць прагаласаваць менавіта на ўчастку, дзе пражываюць, але не зарэгістраваны, неабходна ў перыяд датэрміновага галасавання звярнуцца ва ўчастковую камісію, прад'явіць пашпарт і дакумент, які пацвярджае факт пражывання іх на тэрыторыі гэтага выбарчага ўчастка. Такімі дакументамі могуць быць дагавор найму жылога памяшкання, пасведчанне аб рэгістрацыі ўласнасці на гэтым выбарчым участку і іншыя. Гэта, у сваю чаргу, дасць магчымасць членам камісіі звязацца з участковай камісіяй, дзе выбаршчык зарэгістраваны, каб выключыць яго з аднаго спіса тых, хто галасуе, і ўнесці ў іншы. Але зрабіць гэта трэба да 25 студзеня. У асноўны дзень галасавання такой магчымасці не будзе».
Таксама Яўген Алекса расказаў, што на адным з участкаў рэгіёну будзе прадастаўлена магчымасць прагаласаваць грамадзянам Беларусі, якія часова пражываюць за межамі нашай краіны. «У Магілёўскай вобласці гэта ўчастак №84, які размешчаны ў Ленінскім раёне Магілёва ў сярэдняй школе №24 ім. Канстанціна Сіманава (вул. Бярозаўская, 1). Такое права яны змогуць скарыстаць толькі на гэтым участку. Датэрмінова ці ў асноўны дзень яны могуць прыйсці на дадзены ўчастак, прад'явіць пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь і іх унясуць у спісы для галасавання, даўшы магчымасць аддаць свой голас за абранага кандыдата».
Усяго ў Магілёўскай вобласці паводле папярэдніх падлікаў налічваецца каля 800 тысяч выбаршчыкаў. З іх каля 9 тысяч - упершыню галасуючыя.
«Сёлета Цэнтральнай выбарчай камісіяй для грамадзян Беларусі, якія ўпершыню галасуюць, падрыхтавана ў падарунак сувенірнае выданне «Сімвалы суверэннай Беларусі». Паглядзеўшы якое, нашыя маладыя выбаршчыкі яшчэ раз адчуюць, у якой краіне яны жывуць, чым гэтая краіна па праве можа ганарыцца. І што трэба захаваць і пранесці праз усё сваё наступнае свядомае жыццё», - падзяліўся старшыня абласной камісіі па выбарах Прэзідэнта.
«Назіранне за выбарчым працэсам у Магілёўскай вобласці будуць ажыццяўляць больш за 5,5 тысячы нацыянальных назіральнікаў, якія ўжо нават у перыяд датэрміновага галасавання будуць прысутнічаць на выбарчых участках. Гэта прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, палітычных партый, прадстаўнікі працоўных калектываў. Таксама ў нас у рэгіёне будуць працаваць міжнародныя назіральнікі, якія атрымалі акрэдытацыю пры Цэнтральнай выбарчай камісіі», - праінфармаваў Яўген Алекса.
Таксама ён зазначыў, што на выбарчых участках традыцыйна будуць арганізаваны культурная і спартыўная праграмы, выязны гандаль.
Выбары Прэзідэнта Беларусі назначаны на 26 студзеня 2025 года.
Юлія Таранава, фота Галіны Гаўрыловіч
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
20.02.2025 - 10:06
20.02.2025 - 09:41
20.02.2025 - 09:20
19.02.2025 - 18:17
Навуковыя распрацоўкі ў металургіі: беларуска-расійскія ініцыятывы