RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Юрый Сянько: у Магілёўскай вобласці вялікі патэнцыял у нарошчванні экспарту ў Кітай

Анлайн-сустрэча дзелавых колаў Магілёўскай вобласці і г. Цяньцзінь (КНР) адбылася сёння пры ўдзеле Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Рэспублікі Беларусь у Кітайскай Народнай Рэспубліцы Юрыя Сянько, прадстаўнікоў Упраўлення замежных спраў муніцыпальнага народнага ўрада г. Цяньцзінь і Магаблвыканкама.

Прадукцыя магілёўскіх прадпрыемстваў ужо пастаўляецца на рынак Кітая ў правінцыі Цзянсу, Хэнань, Шэньсі і іншыя. З мэтай наладжвання супрацоўніцтва з правінцыяй Цяньцзінь магілёўскі бок выступіў ініцыятарам правядзення дадзенай відэаканферэнцыі.

Як падкрэсліў Юрый Сянько, вялікі плюс, што мерапрыемства арганізавана ў межах выканання дамоўленасцей кіраўнікоў дзвюх дзяржаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі і Старшыні Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Цзіньпіна па выніках тэлефонных размоў 11 чэрвеня 2020 года і 26 студзеня 2026 года. У адной з іх Аляксандр Лукашэнка адзначыў важнасць нарошчвання экспарту беларускай прадукцыі ў Кітай, а Сі Цзіньпін выказаў гатоўнасць аказаць падтрымку, пазначыўшы асаблівую зацікаўленасць у харчовай прадукцыі.

«Ужо ў жніўні бягучага года ўрадамі дзвюх краін адкрыты год рэгіёнаў Беларусі і Кітая, які будзе праводзіцца ў 2021‑2022 гадах. Зацверджаны план рэалізацыі дадзенай ініцыятывы, што яшчэ раз падкрэслівае важнасць сённяшняй анлайн-сустрэчы. Нягледзячы на негатыўныя наступствы пандэміі каранавірусу па выніках 2020 года знешнегандлёвы абарот Беларусі і Кітая склаў $5,4 млрд (тэмп росту 102,4%) і дасягнуў гістарычнага максімуму. Тэмп рост беларускага экспарту – 115,7%.

Пры гэтым хачу адзначыць, што экспарт беларускай сельскагаспадарчай і харчовай прадукцыі ў Кітай мае вялікі патэнцыял. За 10 месяцаў бягучага года экспарт у Кітай беларускай харчовай і сельскагаспадарчай прадукцыі вырас у 1,4 раза і склаў $258 млн., гэта гаворыць аб зацікаўленасці кітайскага спажыўца беларускай прадукцыяй, якая вядомая сваёй высокім якасцю і экалагічнасцю. Таксама ўсё больш беларускіх тавараў мы сустракаем на папулярных электронных пляцоўках Кітая, што таксама сведчыць аб іх запатрабаванасці і канкурэнтаздольнасці.

У Магілёўскай вобласці вялікі патэнцыял у нарошчванні экспарту ў Кітай якаснай прадукцыі. Упэўнены, кітайскія партнёры звернуць заслужаную ўвагу на шырокі асартымент прадукцыі, выпускаемай прадпрыемствамі дадзенага рэгіёна. Таксама ўвазе кітайскага боку тут прадстаўлена магчымасць эканамічнага супрацоўніцтва ў галіне інвестыцый. Свабодная эканамічная зона «Магілёў» прапануе выдатныя ўмовы для інвестараў.

Асаблівай увагі заслугоўвае праект па стварэнні сумесных вытворчасцей на тэрыторыі Кітая і Беларусі па перапрацоўцы высакаякаснай беларускай сельгассыравіны ў харчовую прадукцыю ў строгай адпаведнасці з патрэбамі кітайскага рынку.

Таксама хачу адзначыць, што Магілёўская вобласць славіцца сваімі ВНУ, што даюць студэнтам адукацыю, якая адпавядае сусветным стандартам. Таму патэнцыял Магілёўшчыны можа прадстаўляць цікавасць для кітайскіх партнёраў не толькі ў сферы праграм і інвестыцый, але таксама ў сферы адукацыі і турызму. У рэгіёне робіцца ўсё магчымае для яго ўмацавання і развіцця. І тут гатовыя ўмацоўваць сяброўства з кітайскім народам».

У сваю чаргу намеснік старшыні камітэта эканомікі Магаблвыканкама Павел Марыненка адзначыў:

 «Усе вядучыя прамысловыя прадпрыемствы з багатай гісторыяй, размешчаныя ў Прыдняпроўскім краі, мы змаглі захаваць і забяспечыць іх далейшае развіццё. І сёння Магілёўшчына вырабляе ліфты, тэхніку і аўтамабільныя шыны, трактары. Безумоўна, эфектыўнымі застаюцца хімічная і перапрацоўчая прамысловасць, а таксама сельская гаспадарка. Бачачы эфектыўнасць працы і патэнцыял, многія замежныя кампаніі таксама размяшчаюць свае вытворчасці на тэрыторыі Магілёўскага рэгіёна. Сярод іх IKEA, «Кронаспан», «Хайнекен» і іншыя. Мы падтрымліваем знешнеэканамічныя адносіны больш чым са 100 краінамі свету».

 

Пасля афіцыйнай прывітальнай часткі бакі перайшлі да перагавораў. Быў прадстаўлены інвестыцыйны і экспартны патэнцыял СЭЗ «Магілёў», адбыліся прэзентацыі дзейнасці прадпрыемстваў Магілёўскай вобласці і г. Цяньцзінь. Наш рэгіён прадставілі ААТ «Бабушкина крынка» – кіруючая кампанія холдынгу Магілёўская малочная кампанія «Бабушкина крынка», ААТ «Магілёўская фабрыка марожанага», ААТ «Булачна-кандытарская кампанія “Дамачай”», ААТ «Магілёўскі мясакамбінат», СЗАТ «Сервалюкс», ААТ «Горкілён».

Юлія Таранава, фота Галіны Гаўрыловіч

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая