RU BY EN 中文
Twitter Instagram

З пачатку эпідэміі ў Мсціслаўскім раёне выздаравелі 548 пацыентаў з каранавірусам

Алгарытм выратавання

Другая хваля пандэміі Мсціслаўскі раён зачапіла куды мацней за першую. Сёння ў цэнтральнай раённай бальніцы пацыентаў з дыягназам COVID-19 прымае інфекцыйнае аддзяленне і перапрафіляванае тэрапеўтычнае. У дзень нашага прыезду з пацверджаным дыягназам тут было 27 чалавек. Плюс – двое цяжкіх у рэанімацыі. 174 жыхары раёна – кантакты першага ўзроўню, а таксама тыя, у каго хвароба працякае ў лёгкай форме, – знаходзіліся дома пад амбулаторным наглядам.

Уваход забаронены

Пра тое, што тэрапія цяпер чырвоная зона, наведвальнікам нагадвае залепленая кнопка трэцяга паверха ў ліфце: «Уваход забаронены». Аддзяленне, разлічанае на 48 месцаў, падзеленае. У адной частцы знаходзяцца хворыя, у якіх каранавірус пацверджаны (іх 24), у другой – астатнія пацыенты.

Асноўны кантынгент тых, хто падхапіў COVID-19, – пенсіянеры. Большасць з іх – са спадарожнымі захворваннямі: сардэчна-сасудзістымі, лёгачнымі, цукровым дыябетам і... атлусценнем. Пры наяўнасці лішняй вагі каранавірус, паводле слоў медыкаў, вельмі цяжка паддаецца лячэнню.

Намеснік галоўнага ўрача бальніцы па медыцынскай частцы Таццяна Сокал з тых, хто ў чырвонай зоне бывае штодня. Урач-рэаніматолаг з 30-гадовым стажам, яна рэгулярна наведвае хворых у тэрапіі, інфекцыйцы, карэктуе алгарытмы лячэння, дзяжурыць у рэанімацыі, дзе выходжваюць самых складаных пацыентаў. І выхадныя – не выключэнне.

У суботу прывезлі на хуткай жанчыну: белая як мел,скардзілася на слабасць, галавакружэнне. Шэсць гадоў таму ў яе дыягнаставалі анкалогію, нядаўна яна прайшла курс хіміятэрапіі, – вярнуўшыся з абходу, расказвае Таццяна Міхайлаўна. Аказалася, у яе вельмі нізкі гемаглабін. Аналізы, здымак лёгкіх пацвердзілі нашы здагадкі аб пнеўманіі. Пазней высветлілася, што яшчэ наклаўся COVID-19. Зрабілі пацыентцы пераліванне крыві, прызначылі кіслародную тэрапію, перавярнулі на жывот. Для кавідных хворых (лёгкая форма не ў рахунак) гэта найлепшае становішча цела. У звыклым на спіне – узнікаюць праблемы з насычэннем крыві ў лёгкіх, на якія цісне грудная клетка, кіслародам. Праз некалькі дзён стан пацыенткі палепшыўся.

Таццяна Сокал і сама нядаўна на жываце кісларод прымала. З тэмпературай 39, запаленнем лёгкіх і пацверджаным каранавірусам апынулася на лячэнні ў Магілёўскім абласным супрацьтуберкулёзным дыспансеры. А як толькі закрыла бальнічны, зноў прыступіла да працы.

Усе пайшлі на перадавую

У нас калектыў згуртаваны: ні ўрачы, ні медперсанал не адмаўляюцца працаваць у чырвонай зоне. Наадварот, некаторыя, як Таццяна Міхайлаўна, ахвяравалі адпачынкам, каб дапамагаць калегам, – з удзячнасцю гаворыць галоўны ўрач Мсціслаўскай ЦРБ Наталля Філіпенка. На перадавой барацьбы з кавідам і нашы маладыя спецыялісты. Яны прымаюць людзей з вострымі рэспіраторнымі захворваннямі, з падазрэннем на каранавірус ў паліклініцы. Паколькі паток такіх пацыентаў вялікі, на падмогу ім прыйшлі лор-урач і неўролаг, якія на час перакваліфікаваліся ў тэрапеўтаў. У чырвонай зоне бальніцы працуе і медперсанал з сумежных аддзяленняў: фізіятэрапеўтычнага, аперблока.

Да другой хвалі каранавіруса мсціслаўскія медыкі падрыхтаваліся грунтоўна. Калі ў першую хвалю тут было 11 кропак падключэння кіслароду, то сёння ўжо 22, плюс – два апараты канцэнтратара кіслароду і чатыры апараты штучнай вентыляцыі лёгкіх. Гэтага дастаткова.

У нас добрая клінічная лабараторыя, дзе праводзім тэсты на пракальцытанін. Ён як маркер бактэрыяльнай інфекцыі паказвае, ці трэба прызначаць хвораму антыбіётыкі. Тут жа можна здаць аналізы і даведацца, ці няма пагрозы закаркавання згусткам крыві вен і артэрый. Аналіз на антыцелы да каранавіруса робім круглыя суткі, бо пацыенты і ноччу паступаюць. Таксама круглыя суткі – рэнтгенаграму лёгкіх, – падкрэслівае Наталля Філіпенка. Пры бальніцы сфарміравана пяць кантактных брыгад. Медыкі, якія прайшлі спецыяльную стажыроўку, у супрацьчумнай экіпіроўцы штодня наведваюць дома кавідных хворых, кансультуюць, робяць забор мазкоў, бяруць аналізы ў кантактаў першага ўзроўню. Каб не перагружаць стацыянар, пацыентаў, у якіх каранавірус працякае без клінічных праяў, лечым амбулаторна. Але кожны выпадак у нас пад кантролем пры самым малым пагаршэнні стану чалавека шпіталізуем. Нягледзячы на загружанасць, настроены аптымістычна.

Вольга Кісляк, фота Андрэя Сазонава, СБ

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая