Чым больш доўжыцца пандэмія, тым больш людзей перанеслі каранавірусную інфекцыю і, адпаведна, больш жадаючых здаць плазму. Толькі вось стаць донарам можа далёка не кожны, у чым я пераканалася на асабістым вопыце.
На бальнічным з COVID-19 я апынулася яшчэ ў пачатку снежня і ўжо тады выразна для сябе вырашыла дапамагчы іншым, здаўшы плазму. Вычакала пару месяцаў, падрыхтавала неабходныя дакументы і адправілася на Магілёўскую абласную станцыю пералівання крыві.
Адразу адзначу, што санітарныя і супрацьэпідэмічныя нормы тут строга выконваюцца, каб не нашкодзіць ні донару, ні рэцыпіенту – чалавеку, якому ў далейшым будзе пераліта плазма. На ўваходзе ўсіх наведвальнікаў сустракае супрацоўнік –вымярае тэмпературу, просіць апрацаваць рукі і надзець маску.
У рэгістратуры выдаюць анкету і правяраюць паперы: выпіску з медкарты аб перанесеным захворванні, флюараграфію, кардыяграму. Жанчынам таксама патрэбна даведка аб аглядзе ў гінеколага не пазней за шэсць месяцаў.
Адсеў патэнцыйных донараў вялікі. У спіс супрацьпаказанняў уваходзяць, напрыклад, нядаўна перанесеныя аперацыі, вага не менш за 60 кілаграмаў. Не бяруць і людзей, якія перахварэлі на пнеўманію, бо па правілах у гэтым выпадку трэба вычакаць паўгода пасля выздараўлення і зрабіць кантрольны здымак, які пацвярджае адсутнасць паталогій.
І нават калі з усімі вышэйпералічанымі пунктамі поўны парадак, не факт, што вы падыходзіце. На заключным этапе робіцца кантрольны аналіз на колькасць антыцелаў, і калі тытр нізкі –да пабачэння. Прычым гэты паказчык не залежыць ні ад цяжару захворвання, ні ад узросту, ні ад полу, ні ад якіх іншых фактараў –індывідуальная асаблівасць арганізма.
Тут, дарэчы, я і зрэзалася. Далей назірала за працэсам ужо як журналіст, суправаджаючы ганаровага донара Аляксандра Вераксу. Магілёвец здае кроў і плазму на працягу пяці гадоў:
– Перахварэў кавідам ў канцы зімы ў лёгкай форме (самае цікавае, што жонка і дзіця вірус не падхапілі). У цэлым лічу донарства ідэальным спалучэннем –магчымасцю дапамагчы іншым людзям і зарабіць дадатковую капейку ў сямейны бюджэт. Таму я тут.
Спачатку Аляксандр наведаў кабінет загадчыцы аддзялення камплектавання донарскіх кадраў, дзе Анжаліка Чыканава правяла агляд стану і дала допуск да данацый. Адтуль адправіўся ў буфет. Зефір, мармелад, гематаген, печыва, сокі –донарскі сняданак дапамагае лягчэй перанесці страту 600 мілілітраў плазмы. У канчатковым пункце, донарскай зале, пацыент затрымліваецца на 30–40 хвілін, пакуль доўжыцца працэдура забору кампанентаў крыві.
Магілёўская абласная станцыя пералівання крыві займаецца нарыхтоўкай імуннай антыкавіднай плазмы з мая 2020 года –165 літраў донарскага матэрыялу дапамогуць больш за 800 чалавек з каранавірусам.
– Першы час самі шукалі донараў, у паліклініках бралі кантакты перахварэлых ва ўзросце 25–45 гадоў, тэлефанавалі, запрашалі да нас – расказала загадчыца аддзялення захоўвання і выдачы прадуктаў крыві станцыі Вікторыя Яраховіч. – Спачатку людзі ставіліся да нашых просьбаў насцярожана, паколькі інфармацыі аб інфекцыі на той момант было няшмат. Але крок за крокам сітуацыя змянялася, і ў другую хвалю пацыенты самі сталі праяўляць ініцыятыву. Хтосьці здае плазму нават не адзін, а два, тры, чатыры разы.
Антыкавідную плазму ў медустанове ўжо нарыхтавалі ў дастатковай колькасці, але паўстала іншая праблема – недахоп звычайных донараў крыві. Адны хварэюць, іншыя вытрымліваюць належныя тэрміны пасля выздараўлення. Таму станцыя пералівання запрашае жыхароў Магілёўскай вобласці да супрацоўніцтва. А каб не заблытацца ва ўсіх правілах,складаных толькі на першы погляд, патэнцыйныя донары плазмы могуць уважліва вывучыць інфармацыю на сайце медустановы, а таксама запісацца на кансультацыю або ўдакладніць усё па тэлефоне.
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
17.04.2025 - 16:42
15.04.2025 - 10:05
10.04.2025 - 12:07
Медыкі Магілёўшчыны - у ліку лаўрэатаў прэміі БПРЗ у галіне аховы працы
09.04.2025 - 12:10
Навучанне прафактыва - інвестыцыя ў будучыню арганізацыі аховы здароўя