RU BY EN 中文
Twitter Instagram

З якімі вынікамі сустракаюць свята хлебаробы Магілёўшчыны

 Першы намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Уласевіч: «Наша мэта – паўтара мільёна тон збожжа»

Плюс 150 тысяч тон збожжа каласавых культур да ўзроўню мінулага года – каравай Магілёўскай вобласці значна пацяжэў. Тры раёны – Магілёўскі, Шклоўскі і Горацкі – намалацілі звыш 100 тысяч тон кожны. На абласных «Дажынках» у Слаўгарадзе заслужаныя ўзнагароды атрымаюць працаўнікі-рэкардсмены: у асабістым заліку старшага камбайнера з СВК «Калгас “Радзіма”» Бялыніцкага раёна Мікалая Дарэчкіна больш за 5 тысяч тон, у СП «Газавік-Сіпакова» Шклоўскага раёна ўраджайнасць наблізілася да 70 цэнтнераў з гектара. Дзякуючы чаму аграрыі Прыдняпроўя ў няпростых пагодных умовах змаглі сабраць годны ўраджай і ў чым бачаць кропкі росту, расказаў першы намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Уласевіч.

– Анатоль Васільевіч, як вы ацэньваеце мінулае жніво? Сабраны ўраджай – нагода для гонару хлебаробаў рэгіёна?

– Ураджай-2022 парадаваў вобласць, хоць мы разлічвалі на яшчэ больш высокі вынік. Бо на корані спела пад мільён 200 тысяч тон, але на прадуктыўнасць палёў паўплывала засуха ў момант наліву збожжа. На сёння ў нас мільён 20 тысяч тон збожжа каласавых культур, што больш чым на 150 тысяч тон вышэй за ўзровень мінулага года. Сярэдняя ўраджайнасць – 30,2 цэнтнера з гектара (больш чым на 4 цэнтнеры перавышае леташнюю). Такі паказчык даў нам магчымасць на 100 працэнтаў закрыць дзяржзаказ па харчовым збожжы (136 тысяч тон), піваварным ячмені (12 тысяч тон). Масласямян рапсу ў засекі заклалі звыш нормы, каля 400 тысяч тон фуражнага збожжа для грамадскага пагалоўя буйной рагатай жывёлы, свіней і птушкі. Разлічваем атрымаць 6400 тон грэчкі, 2400 тон проса і выканаць дзяржзаказ (па грэчцы – 5800 тон, па просе – 1600). Ідзе ўборка кукурузы на зерне. Па прагнозах, чакаецца 200–250 тысяч тон. Разам атрымаем мільён 300 тысяч, а то і мільён 400 тысяч тон. І гэта вельмі годны вынік. Наша мэта на найбліжэйшыя гады – паўтара мільёна тон збожжа.

– Сёлета герояў абласных «Дажынак» прымае Слаўгарад. Заўсёды прыемна глядзець на светлыя твары тых, хто падымаецца на сцэну, атрымліваючы ўзнагароды за сваю высакародную працу: камбайнераў, аграномаў, кіраўнікоў паспяховых сельгаспрадпрыемстваў. Пазнаёмце нас з тымі, хто на гэтай жніве заслужыў золата.

– Самага высокага выніку ў вытворчасці збожжа традыцыйна дасягнулі хлебаробы Шклоўскага раёна, дзе намалочана 121 тысяча тон з ураджайнасцю 48,4 цэнтнера з гектара. У фермерскай гаспадарцы «Пралесак» ураджайнасць – 50,8 цэнтнера з гектара, у разліку на бала-гектар яна стала лідарам у вобласці (193 кілаграмы). Сярод сельгасарганізацый рэкорд за СП «Газавік-Сіпакова» ВРУП «Магілёўаблгаз» Шклоўскага раёна: 68,8 цэнтнера з гектара пры валавым зборы звыш 11,7 тысячы тон.

На гэтым жніве 327 экіпажаў (кожны трэці) намалацілі больш за 1000 тон, у тым ліку 41 – звыш 2000, дзесяць – больш за 3000, чатыры – звыш 4000. Мікалай Дарэчкін з СВК «Калгас “Радзіма”» Бялыніцкага раёна з памочнікам Яўгенам Сарбаевым намалацілі больш за 5000 тон. А такая прадукцыйнасць працы – залог дабрабыту тых, хто працуе на зямлі. Механізатары атрымліваюць годныя заробкі, перад уборачнай з імі агаварылі расцэнкі, забяспечылі іх спецвопраткай, кармілі гарачымі абедамі. Нашы людзі працаваць умеюць, хварэюць за вынік, нікога падганяць не прыйшлося, мы ні ў кога не прасілі дапамогі – працавалі камандай на агульны вынік.

– Сёлета хуткай дапамогай для аграрыяў Магілёўшчыны сталі мехатрады. Ці атрымае развіццё такая практыка тэхпадтрымкі ў гарачую пару палявых работ?

– Сапраўды, мехатрады сталі адным з фактараў своечасовай сяўбы і ўборкі збожжавых культур. Яны былі створаны па ініцыятыве і даручэнні старшыні Магілёўскага аблвыканкама Анатоля Ісачанкі на базе ААТ «Задняпроўскі міжрайаграсэрвіс». Адно падраздзяленне складалася з шасці камбайнаў: палова новыя, астатнія сабраны са спісанай тэхнікі. Кожны намалаціў не менш за 1000 тон. У другім – 10 энерганасычаных трактароў, якія былі занятыя на ўзворванні. Гэту тэхніку набывалі з дапамогай абласнога і рэспубліканскага бюджэту. Дзякуючы такім мехатрадам, з вопытнымі механізатарамі ўдалося не толькі своечасова і без страт сабраць ураджай, але і ў тэхналагічныя тэрміны пасеяць больш за 60 тысяч гектараў азімага рапсу, 28 тысяч гектараў азімага ячменю і звыш 15 тысяч гектараў шматгадовых траў. Гэта была вялізная дапамога для сельгаспрадпрыемстваў: не адцягвалі ўвагі механізатараў, падрыхтоўка глебы ішла ў патрэбным тэмпе. Таму ўжо да наступнага сезона палявых работ колькасць адзінак тэхнікі плануем павялічыць. На базе ААТ «Задняпроўскі міжрайаграсэрвіс» вядзецца праца па стварэнні мехатрада, які будзе дапамагаць адсталым сельгаспрадпрыемствам у нарыхтоўцы кармоў. Рашэннем Магілёўскага аблвыканкама дадаткова створана сем мехатрадаў, закуплена 13 высокапрадукцыйных кармаўборачных камбайнаў. Гэтыя ж атрады абсталёўваюцца сучаснымі энерганасычанымі трактарамі, глебаапрацоўчай тэхнікай, прычапным інвентаром для арганізацыі ўсіх відаў палявых работ. Аператыўная перакідка збожжаўборачнай тэхнікі з паўднёвых раёнаў у паўночныя таксама адыграла станоўчую ролю: тыя, хто фінішаваў са жнівом, ішлі да суседзяў на падмацаванне.

– Якія тэндэнцыі тэхпераўзбраення магілёўскіх аграрыяў?

– Мы павінны зыходзіць з таго, што на вёсцы застаецца менш кадраў, а парк камбайнаў скарачаецца. Калі ў 2014–2016 гадах у нас было каля 1600 збожжаўборачных камбайнаў, то ў гэтым – 1100. Нагрузка на адну машыну вялікая – амаль 400 гектараў. Вядома, сучасная беларуская сельгастэхніка больш прадукцыйная і яе неабходна загрузіць на поўную магутнасць, што дасць максімальны эканамічны эфект. Напярэдадні па ініцыятыве і з удзелам старшыні аблвыканкама ў Чавускім раёне правялі эксперымент – выпрабаванне новай сельгастэхнікі ў полі. Мэта – павелічэнне прадуктыўнасці пасяўных работ у некалькі разоў. Канструктары і аграномы аналізавалі эфектыўнасць культыватараў з шырынёй захопу ўжо не 4–6 метраў, а 10–13, а замест 40 гектараў за змену яны могуць апрацаваць 100–150. У далейшым гэта добрая дапамога сельгаспрадпрыемствам, каб вытрымліваць агратэхнічныя тэрміны апрацоўкі глебы, сяўбы, догляду, бо вельмі важна захаваць ураджай.

– Ва ўмовах глабальнага пацяплення халодны разлік пры фарміраванні структуры пасяўных плошчаў – яшчэ адзін складнік ураджаю. Традыцыйна стаўка на азімыя. Якія яшчэ новаўвядзенні ўкараняюць аграномы ў Магілёўскай вобласці?

– У сувязі з тым што азімыя культуры даюць ураджайнасць амаль на 10 цэнтнераў з гектара вышэйшую за яравыя, пашыраем пад іх плошчы. Калі раней пад азімыя збожжавыя адводзілі 180–190 тысяч гектараў, то ў гэтым годзе намецілі планку 223 тысячы гектараў. Пасеем дзесьці 230 тысяч. Азімы ячмень займае плошчу ў пяць разоў большую, чым летась, – 27,7 тысячы гектараў.

Яшчэ адно важнае пытанне – забеспячэнне жывёлагадоўлі бялковымі кармамі, апрацоўку адпаведных культур. Для Магілёўскай вобласці новая культура – сланечнік, пад яго адвялі 600 гектараў. У Клічаўскім раёне дзве гаспадаркі ўжо некалькі гадоў вырошчваюць сою і за кошт гэтага атрымліваюць нядрэнныя малочныя прыбаўкі. Экзатычную пакуль для нас культуру не прадаюць, а выціскаюць з яе максімальную выгаду: тры гады таму УКСП «Саўгас “Дабраволец”» Клічаўскага раёна набыло лінію па перапрацоўцы рапсу, а праз год частку яе прыстасавала пад сою.

– Белым золатам у сельгаспрадпрыемствах называюць малако. Якія пункты росту, на ваш погляд, у жывёлагадоўлі рэгіёна?

– Па даручэнні кіраўніка дзяржавы неабходна пабудаваць новыя буйныя малочна-таварныя комплексы. Мы ўнеслі прапановы па 11 сельгаспрадпрыемствах. У прыватнасці, ва УКСП «Саўгас “Дабраволец”» Клічаўскага раёна будзе самы буйны комплекс на 6,5 тысячы галоў, з іх 2,5 тысячы – дойны статак. Разгойдвацца няма калі: павінны пабудаваць за 2023 год і ў 2025-м атрымаць эканамічны эфект у выглядзе нарошчвання аб’ёмаў прадукцыі і ўзнаўлення статка.

Ведаем пра свае недапрацоўкі ў жывёлагадоўлі. Летась праз засуху недабралі кармоў, што натуральным чынам адбілася на надоях. У 2022-м сельгаспрадпрыемствы рэгіёна нарыхтавалі больш сенажу, зернефуражу, на гэту дату больш кукурузнага сіласу. У разліку на ўмоўную галаву БРЖ – плюс 2,5 цэнтнера кармавых адзінак, а ўсяго ўжо ёсць 22 цэнтнера кармаадзінак, плануем нарыхтаваць не менш за 30–31, што значна перавышае ўзровень мінулага года. Такім чынам, зімоўка жывёлы будзе значна больш надзейнай. І каб у асобных сельгасарганізацыях не спатрэбілася ў зімова-стойлавы перыяд звяртацца да перакідання кармоў, там цяпер працуюць мехатрады.

– Анатоль Васільевіч, што б вы хацелі пажадаць людзям, якія працуюць на зямлі?

– Новае пакаленне не заспела часу пустых прылаўкаў, калі ўсё было па талонах, у краіне не было пшаніцы, каб выпякаць добры белы хлеб. Сёння ў нас прадуктовае багацце. Мы экспартуем вялізную колькасць сельгаспрадукцыі: урад плануе па выніках гэтага года выйсці на 8 мільярдаў долараў. Усё гэта стала магчымым дзякуючы правільным кіраўніцкім рашэнням і намаганням работнікаў палёў, ферм, перапрацоўчых прадпрыемстваў. Нізкі паклон усім ім за нялёгкую працу і вернасць роднай зямлі.

СБ

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая