RU BY EN 中文
Twitter Instagram

За 2022 год Магілёўская вобласць павялічыла свой уклад у рэспубліканскі экспарт на 5,2 працэнта

Час нестандартных рашэнняў

Эканамічныя выклікі 2022 года ўнеслі істотныя карэкціроўкі ў планы сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёнаў. Перш за ўсё яны закранулі рэальны сектар эканомікі. Але дзякуючы зладжанай рабоце органаў улады, дырэктарскага корпуса, працоўных калектываў удалося нівеліраваць негатыўныя наступствы і ў цэлым паказаць дастойныя вынікі.

Уклад Магілёўскай вобласці ў рэспубліканскі экспарт па выніках 2022 года з'яўляецца станоўчым: 2483,3 млн. долараў ЗША, што на 5,2 працэнта больш, чым у аналагічным перыядзе 2021 года. Сальда знешняга гандлю склала плюс 1013,5 млн. долараў ЗША.

Найважнейшыя прадпрыемствы вобласці змаглі павялічыць аб'ёмы экспарту. Гэта ААТ «Бабулін гладыш» — кіруючая кампанія холдынгу «Магілёўская малочная кампанія «Бабулін гладыш», ААТ «Малочныя горкі», ААТ «Магілёўліфтмаш», ЗАТ «Сервалюкс Агра», ААТ «Белшына», СТАА «Джакей Магілёў» і інш. Дзякуючы паскоранай адаптацыі менеджменту да новых эканамічных умоў гэтым прадпрыемствам удалося хутка змяніць геаграфію паставак, таварную наменклатуру экспарту і сістэму фінансавых разлікаў.

Паказальны вопыт ААТ «Магілёўліфтмаш» (флагман экспарту ў прамысловасці), а таксама ААТ «Бабулін гладыш» і ААТ «Магілёўскі мясакамбінат» - лідэраў рэгіёну ў перапрацоўцы сельскагаспадарчай прадукцыі. Яны змаглі выпрацаваць зразумелыя механізмы супрацоўніцтва з расійскімі і кітайскімі партнёрамі, захаваўшы адносіны з Захадам як стратэгічна важным і ўжо напрацаваным напрамкам.

Так, ААТ «Бабулін гладыш» і ААТ «Магілёўскі мясакамбінат» максімальна пераарыентавалі схемы паставак з марскога транспарту на чыгуначны, наладзілі работу па аплаце кантрактаў у кітайскіх юанях.

Геаграфія экспартных паставак ААТ «Бабулін гладыш» яшчэ пяць гадоў таму ўключала пяць краін, сёння прадукцыя пастаўляецца ў 25. Стратэгічна дакладна прадпрыемствам быў выбраны «ўсходні вектар»: Расія, Кітай, Інданезія, іншыя краіны Азіі. У «санкцыйным» 2022 годзе ААТ «Бабулін гладыш» адкрыла ўласнае прадстаўніцтва ў г. Гуанчжоу (КНР), пастаўкі ў Кітай пастаянна павялічваюцца. У мінулым годзе прырост экспарту склаў 20 працэнтаў, асноўнымі пазіцыямі сталі сухое малако і сухая малочная сыроватка.

Наяўнасць шырокай дылерскай сеткі ААТ «Магілёўліфтмаш» дазволіла прадпрыемству ў найкарацейшыя тэрміны заняць пакінутыя еўрапейцамі нішы на рынку Расійскай Федэрацыі, выйсці на ўзровень продажаў пачатку 1990-х. Да развалу СССР на саюзны рынак завод пастаўляў 14042 ліфта ў год. У 2022 годзе было выпушчана 12 400 ліфтаў, на рынак Расійскай Федэрацыі пастаўлена 9700. Магілёўскія ліфты занялі 23 працэнты расійскага рынку.

Бачыцца, што праца галіновых міністэрстваў і канцэрнаў сёлета павінна выбудоўвацца па шляху кансалідацыі і абмену досведам, быць жывой і дынамічнай: кожнаму ёсць што сказаць і ёсць што пачуць. Усе ўдзельнікі рынку павінны ўсвядоміць, што аднолькавага рашэння «для ўчора» і «для заўтра» не існуе. Эканамічныя паказчыкі Магілёўшчыны пацвярджаюць, што спраўляцца з выклікамі сённяшняга дня - задача, якая цалкам вырашаецца.

СБ

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая