RU BY EN 中文
Twitter Instagram

За ўклад у развіццё Магілёва спецыяльнай прэміяй гарвыканкама «Дасягненне» ўзнагароджана 18 чалавек

Ушанаванне лаўрэатаў спецыяльнай прэміі Магілёўскага гарвыканкама «Дасягненне» адбылося сёння каля гарадской Ратушы. Такой высокай узнагароды было ўдастоена 18 прадстаўнікоў розных прафесій, прызнаныхнайлепшымі ў сваёй справе.

Як адзначыў старшыня Магілёўскага гарвыканкама Уладзімір Цумараў, гэта ўзнагарода – удзячнасць за працу, неабыякавыя і спагадлівыя адносіны да сваёй справы, актыўны ўдзел у жыцці горада, любоў да малой радзімы і роднай Беларусі.

Кіраўнік абласнога цэнтра нагадаў, што 28 чэрвеня адзначалася 754-я гадавіна з дня заснавання Магілёва. «Свята горада для нас–своеасаблівае падвядзенне вынікаў пройдзенага і адпраўны пункт рэалізацыі намечаных планаў, – падкрэсліў ён. – Працай рук магіляўчан, іх упартасцю, мужнасцю, розумам і талентам будуюцца дарогі і жыллё, фарміруецца сацыяльная інфраструктура і ўзводзяцца аб’екты культурнага прызначэння». Толькі за апошні год быў рэалізаваны шэраг маштабных праектаў. У Магілёве адкрылі басейн пры СШ № 46, паліклініку ў мікрараёне Казіміраўка. Сёлета плануецца здаць дзіцячы сад у мікрараёне Спадарожнік. Завяршаецца будаўніцтва фізкультурна-аздараўленчага комплексу ў мікрараёне жылой забудовы Фаціна і мадэрнізацыя стадыёна «Хімік» па вуліцы Чалюскінцаў. Актыўнымі тэмпамі ідзе будаўніцтва кардыяхірургічнага корпуса Магілёўскай абласной клінічнай бальніцы, інфекцыйнага корпуса Магілёўскай бальніцы № 1 і радыялагічнага корпуса абласнога анкадыспансера. Пачата рэалізацыя маштабнага праекта па будаўніцтве пуцеправода-дублёра вул. Якубоўскага – Загарадняя шаша. Завершаны першы этап капітальнага рамонту вул. Крупскай. Ідзе рамонт пуцеправода па вул. Чалюскінцаў. Далейшае развіццё атрымаў новы мікрараён Спадарожнік-2.

Уладзімір Цумараў выказаў падзяку ўсім працоўным калектывам, якія ўносяць дастойны ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё горада. «Веру, што разам мы зробім усё, што задумалі, захаваем найлепшае і абавязкова даможамся новых поспехаў у развіцці і росквіце любімага Магілёва», – сказаў ён.

Сённяшнія лаўрэаты абсалютна розныя па родзе заняткаў. Сярод іх–урачы, навукоўцы, прадпрымальнікі, спартсмены, сацыяльныя работнікі і прадстаўнікі сферы культуры, а гэта гаворыць аб усебаковым развіцці беларускага грамадства. І аб’ядноўвае гэтых людзей адно–імкненне да дасканаласці.

Так, напрыклад, дырэктар МГКУ «Спецааўтапрадпрыемства» Генадзь Іванчанка лічыць: «Ёсць праца, якой не відаць, але калі яе не выконваць, то гэта становіцца прыкметна ўсім. Збор адходаў – адна з іх». Лаўрэат, нягледзячы на параўнальна невялікі стаж працы ў сферы ЖКГ (каля 3 гадоў), актыўна ўключыўся ў вытворчы працэс і згуртаваў калектыў для дасягнення асноўнай мэты–якаснай і своечасовай санітарнай ачысткі горада. Прамежкавы вынік гэтай працы–істотнае абнаўленне аўтапарка, поўная замена састарэлых металічных кантэйнераў для смецця на сучасныя еўракантэйнеры і кантэйнеры заглыбленага тыпу, што дазволіла Магілёву выйсці ў лідары па гэтым кірунку ў краіне.

У скарбонцы прафесійных дасягненняў начальніка архітэктурнага аддзела № 3 ААТ «Інстытут«Магілёўграмадзянпраект» Вольгі Дольнікавай – архітэктурная частка рэканструкцыі ФАКа пад крыты лёгкаатлетычны манеж па вул. 30 гадоў Перамогі, плошчы Леніна, дэталёвага плана забудовы паўднёва-заходняй часткі Крычава, мікрараёна жылой забудовы ў межах вул. Крупскай, Стасава, Грышына, Калужскай у Магілёве, вучэбна-лабараторнага корпуса БРУ па вул. Ленінскай, адміністрацыйна-дзелавога цэнтра «Атрыум», праектаванне жылых шматкватэрных дамоў, дзіцячых садоў і інш.

Член Прэзідыума гарадскога савета ветэранаў, кандыдат гістарычных навук, прафесар Генадзь Валчок з’яўляецца аўтарам больш за 75 навуковых прац, прысвечаных, у ліку іншага, абароне Магілёва, антыфашысцкаму падполлю і партызанскаму руху ў гады Вялікай Айчыннай вайны, 11 навукова-папулярных работ аб будаўніцтве Саюзнай дзяржавы, 17 публікацый аб праблемах сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі і Магілёўскай вобласці ў 1920–1930 і 1990–2014 гадах.

Дырэктара ААТ «Мажэліт» Вікенція Ермалёнка можна назваць патрыётам прадпрыемства: яго стаж працы ў працоўным калектыве– 47 гадоў, з іх на пасадзе дырэктара – 32 гады. Ён унёс вялікі ўклад у тэхнічнае пераўзбраенне вытворчасці, удасканаленне тэхналогіі і прасоўванне прадукцыі на замежныя рынкі. З’яўляецца сааўтарам патэнтаў на спосабы атрымання жэлаціну, многіх тэхнічных навінак, аўтарам рацыяналізатарскіх прапаноў і вынаходак. Па выніках мінулага года «Мажэліт» спрацаваў настолькі паспяхова, што быў занесены на Рэспубліканскую дошку гонару, а прэмія «Дасягненне», па словах Вікенція Браніслававіча, пацвярджае: калектыў у развіцці ідзе па дакладным шляху, павышаючы дабрабыт свой і дзяржавы.

А вось рэдактар установы «Рэдакцыя газеты «Вестник Могилева» Павел Савельеў, можна сказаць, кіраўнік новай фармацыі. Добра разбіраецца ў апошніх дасягненнях высокіх тэхналогій і прымяняе іх у прафесійнай дзейнасці. За тры апошнія гады (роўна столькі прайшло з таго часу, як ён пераехаў у Магілёў са Шклова), актыўнае развіццё атрымаў сайт газеты, сацыяльныя сеткі выдання. У пачатку 2021 года адбылася прэзентацыя новага інфармацыйнага партала mogilove.by. Паказчык паспяховага кіраўніцтва газетай–1 месца ў конкурсе сярод выданняў Магілёўскай вобласці па выніках 2019 года. А зараз Павел атрымаў рэспубліканскую ўзнагароду «Залатая літара» за найлепшы аналітычны матэрыял, стаў лаўрэатам конкурсу «Залатое пяро» Беларускага саюза журналістаў у намінацыі «За грамадзянскую пазіцыю». У планах–зрабіць рэдакцыю мультымедыйнай, каб газету можна было не толькі чытаць, але і глядзець.

«Прыемна, калі праца, якую любіш усім сэрцам, твая прафесія–гэта яшчэ і захапленне. А калі яе ў дадатак цэняць з боку–матывуе яшчэ больш працаваць на карысць Магілёва, – падкрэсліў Павел Савельеў. – За тры гады горад стаў мне сапраўды родным. Раней прыязджаў сюды як госць, а сёння ведаю амаль кожны куток».

Прэмія «Дасягненне» заснавана Магілёўскім гарвыканкамам з мэтай стымулявання творчай працы, прапаганды інавацыйных ідэй, перадавога вопыту, а таксама прызнання ў вытворчай і грамадскай дзейнасці. Яна прысуджаецца ў 19 намінацыях. У гэтым годзе было прынята рашэнне не ўручаць ўзнагароду ў катэгорыі «Транспарт і сувязь».

Лаўрэаты прэміі «Дасягненне»

у сферы «Прамысловасць» – Ермалёнак Вікенцій Браніслававіч, дырэктар адкрытага акцыянернага таварыства «МАЖЭЛІТ»;

у сферы «Будаўніцтва» – Аракелян Лявон Гарагінавіч, дырэктар адкрытага акцыянернага таварыства «Магілёўскі домабудаўнічы камбінат»;

у сферы «Гандаль»– Матоліна Ірына Мікалаеўна, аперацыйны кіраўнік па аперацыйнай дзейнасці ўсходняга рэгіёна (Магілёўская, Віцебская, Гомельская вобласць) таварыства з абмежаванай адказнасцюСанта Рытэйл»;

у сферы «Грамадскае харчаванне»– Заблоцкая Кацярына Пятроўна, загадчык кафэ «Burgerhouse» таварыства з абмежаванай адказнасцю «Зорная плошча»;

у сферы «Адукацыя»– Галуза Вікторыя Віктараўна, выкладчык харавых дысцыплін установы адукацыі «Магілёўская дзяржаўная гімназія-каледж мастацтваў імя Яўгена Глебава»;

у сферы «Ахова здароўя»– Паўчына Ірына Уладзіміраўна, урач-рэабілітолаг (загадчык) аддзялення медыцынскай рэабілітацыі ўстановы аховы здароўя «Магілёўская цэнтральная паліклініка»;

у сферы «Культура і мастацтва, уключаючы ўстановы адукацыі сферы культуры»– Шэпелева Алена Міхайлаўна, загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя К. Маркса установы культуры «Цэнтралізаваная сістэма дзяржаўных публічных бібліятэк г. Магілёва»;

у сферы «Навука» – Казанскі Андрэй Уладзіміравіч, прарэктар па выхаваўчай працы міждзяржаўнай адукацыйнай установы вышэйшай адукацыі «Беларуска-Расійскі ўніверсітэт»;

у сферы «Архітэктура» – Дольнікава Вольга Міхайлаўна, начальнік архітэктурнага аддзела № 3 адкрытага акцыянернага таварыства «Інстытут«Магілёўграмадзянпраект»;

у сферы «Фізічная культура і спорт»– Пятрэня Таццяна Алегаўна, спартсменка-навучэнка аддзялення скачкоў на батуце дзяржаўнай вучэбна-спартыўнай установы «Магілёўская гарадская спецыялізаваная дзіцяча-юнацкая школа алімпійскага рэзерву «Багіма» імя А. Р. Мішчанкі»;

у сферы «Сацыяльная абарона» –Дзеўбунова Алена Анатольеўна, загадчык аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў установы «Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ленінскага раёна г. Магілёва»;

у сферы «Камунальная гаспадарка»– Іванчанка Генадзь Рыгоравіч, дырэктар Магілёўскага гарадскога камунальнага ўнітарнага спецыялізаванага аўтапрадпрыемства;

у сферы «Сацыяльнае партнёрства – мецэнат года» – Мардачоў Уладзімір Анатольевіч, дырэктар прыватнага гандлёва-вытворчага ўнітарнага прадпрыемства «ДжиПиГрупп»;

у сферы «Праваахоўная дзейнасць»– Пахоменка Цімур Алегавіч, начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі аддзела ўнутраных спраў адміністрацыі Ленінскага раёна г. Магілёва;

у сферы «Дзейнасць па папярэджанні і ліквідацыі надзвычайных сітуацый, грамадзянскай абароне і арганізацыі пажарнай бяспекі» –Цалабёнак Юрый Юр’евіч, начальнік штаба ліквідацыі надзвычайных сітуацый цэнтра аператыўнага кіравання Магілёўскага гарадскога аддзела па надзвычайных сітуацыях установы «Магілёўскае абласное ўпраўленне Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь»;

у сферы «Журналісцкая дзейнасць, дзейнасць у сферы камунікацыі і інфарматызацыі» – Савельеў Павел Віктаравіч, галоўны рэдактар установы «Рэдакцыя газеты «Вестник Могилева»;

у сферы «Літаратурная дзейнасць»– Усцінава Жанна Віктараўна, член грамадскага аб’яднання «Саюз пісьменнікаў Беларусі»;

у сферы «Грамадска-палітычная дзейнасць»–Валчок Генадзь Ігнатавіч, член Прэзідыума Савета Магілёўскай гарадской арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая