RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Забарона на наведванне лясоў уведзена ў трох раёнах Магілёўскай вобласці

Забарона на наведванне лясоў уведзена ў трох раёнах нашай вобласці: Бабруйскім, Кіраўскім, Магілёўскім. Прычына – высокі клас пажарнай небяспекі. Стаіць сухое надвор’е, няма ападкаў, пажар узнікае ад самай маленькай іскры. Пры гэтым асноўнай прычынай пажараў па-ранейшаму застаецца чалавечы фактар. Людзі выпальваюць сухую расліннасць, у выніку парываў ветру агонь пераходзіць у лясны фонд, часта пакутуе асабістая маёмасць насельніцтва.

Міністэрства лясной гаспадаркі пераканаўча просіць грамадзян паклапаціцца аб захаванасці сваёй маёмасці і нагадвае, што парушэнне патрабаванняў пажарнай бяспекі ў лясах і на тарфяніках або забароны на іх наведванне, якое не выклікала прычыненне шкоды, цягне папярэджанне або накладанне штрафу ў памеры да 25 базавых велічынь (1 БВ – Br27) згодна з арт.15.29 КаАП.

Таксама ў ведамстве звярнулі ўвагу, што на іх сайце размешчана інтэрактыўная карта забаронаў і абмежаванняў на наведванне лясоў. З яе дапамогай можна ў аператыўным рэжыме адсачыць, у якіх рэгіёнах часова забаронена наведваць лясны фонд.

Правілы бяспечных паводзін у лесе:

– нельга кідаць цыгарэты, недакуркі, запалкі, не пераканаўшыся, што яны надзейна патушаныя;

– нельга разводзіць вогнішчы на захламленым месцы, сярод густой сухой травы, на сухой мохавай падушцы–папярэдне трэба ачысціць месца для вогнішча, прыбраць з яго ўсе расліны;

–нельга разводзіць вялікі агонь сярод блізка размешчаных кустоў, пад кронамі дрэў, у сухім травастоі;

– пры моцным ветры трэба загарадзіць вогнішча ад ветру, з асаблівай асцярожнасцю выкарыстоўваць у якасці паліва пароды дрэў, якія даюць пры згаранні шмат іскраў;

– рэкамендуецца рабіць вогнішчы кампактнымі і не пакідаць іх без нагляду на працяглы час;

– пры сыходзе трэба старанна пагасіць вогнішча.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая