RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Забяспечаны на месяц. Валанцёры БРСМ падтрымалі магілёўскіх медыкаў і перадалі ім 80 літраў антысептыку

Магілёўская цэнтральная паліклініка атрымала ад валанцёраў «Добрае сэрца» 80 літровых бутэлек антысептычнага сродку для рук. Медыкі кажуць, што ім хопіць на месяц.

Узначаліў дабрачынную акцыю, якая прайшла ў межах рэспубліканскага марафону #ДзякуйМедыкам, першы сакратар Магілёўскага абласнога камітэта БРСМ Уладзімір Паўлоўскі:

– Падтрымаць работнікаў сферы аховы здароўя ў такі напружаны перыяд вельмі важна. Яны на перадавой, кожны дзень добрасумленна выконваюць сваю працу, за што мы ім вельмі ўдзячныя.

Моладзь як можа падтрымлівае медыцынскіх работнікаў па ўсёй Магілёўскай вобласці. Каб быць максімальна карыснымі, маладыя людзі папярэдне цікавяцца, у якой установе ў іх маюць патрэбу асабліва востра і якія канкрэтна рэчы лепш купіць. Адны просяць маскі, другія – пальчаткі.

– Напрыклад, днямі ў Чэрыкаве валанцёры набылі матэрыял, з якога ў арганізацыі бытавых паслуг ім пашылі ахоўныя касцюмы для медыкаў. У Магілёве нам падказалі звярнуць увагу менавіта на цэнтральную паліклініку, дзе не лішнім будзе дадатковы антысептык – расказвае Уладзімір Паўлоўскі.

Галоўная медыцынская сястра Святлана Дворак падкрэслівае, што любая падтрымка цяпер важная:

– Мы ўсё гэта бачым, адчуваем. Цэнім і матэрыяльную дапамогу, нават самую, здавалася б, нязначную, і добрае слова. Дарэчы, некаторы час таму мы атрымалі паштоўкі, падпісаныя хлопцамі і дзяўчатамі з БРСМ, і былі вельмі кранутыя.

СБ
 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая