RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Загадчыца аддзялення паталогіі цяжарнасці Магілёўскай гарадской бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі названа ўрачом года

Выбар урача года Рэспублікі Беларусь - заўсёды няпростая задача. Аб гэтым заявіў журналістам намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення арганізацыі медыцынскай дапамогі - начальнік упраўлення спецыялізаванай медыцынскай дапамогі Міністэрства аховы здароўя Дзмітрый Падута.

«Конкурс «Урач года» традыцыйна прымеркаваны да Дня медыцынскіх работнікаў. Выбраць пераможцу - вельмі няпростая задача. Калектыў медыцынскіх работнікаў у краіне дастаткова вялікі», - сказаў Зміцер Падута.

Ён удакладніў, што ў рэспубліцы налічваецца крыху больш за 55 тыс. урачоў-спецыялістаў, з іх практыкуючых 48 тыс. Працуе больш як 560 бальнічных і 2,7 тыс. амбулаторна-паліклінічных арганізацый, 117 станцый хуткай дапамогі.

«З такога ліку прафесіяналаў абраць годнага - сапраўды вельмі няпростая задача. Як правіла, кандыдаты праходзяць некалькі этапаў адбору, дзе ацэньваюцца іх прафесійныя навыкі, асабістыя якасці і характарыстыкі. Тым не менш з задачай кожны раз удаецца справіцца, і сёння вы бачыце перад сабой герояў, пераможцаў конкурсу», - адзначыў ён.

Як паведамлялася, урачом года ў намінацыі «Урач-педыятр» прызнаны намеснік галоўнага ўрача па медыцынскай частцы Мінскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы Ігар Лазарчык. У намінацыі «Урач-тэрапеўт» узнагароду атрымала загадчыца тэрапеўтычнага аддзялення Лідскай цэнтральнай раённай бальніцы Лідзія Казлова. Лепшым урачом-хірургам па выніках мінулага года стаў урач - рэнтгенаэндаваскулярны хірург, загадчык аддзялення РНПЦ дзіцячай хірургіі Павел Чарнаглаз. У намінацыі «Урач - акушэр-гінеколаг» узнагарода дасталася загадчыцу аддзялення паталогіі цяжарнасці Магілёўскай гарадской бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі Таццяне Яруцкай. Лепшым урачом агульнай практыкі прызнана загадчыца Белавушскай амбулаторыі агульнай практыкі Столінскай цэнтральнай раённай бальніцы Ганна Куцая.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая