Жыхары Магілёва нясуць кветкі да памятнага знака «Рукапоціск» у памяць аб загінуўшых у тэракце ў Падмаскоўі
У Магілёве да памятнага знака «Рукапоціск» каля ліцэя Беларуска-Расійскага ўніверсітэта ў знак найглыбейшага смутку з самай раніцы людзі нясуць кветкі, каб ушанаваць памяць і выказаць спачуванні родным загінулых і пацярпелых у тэракце ў «Крокус Сіці Холе».
Трагедыя, якая адбылася ў Падмаскоўі, не можа пакінуць беларусаў абыякавымі, лічыць старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка:
- Сёння людзі прыйшлі, каб выказаць спачуванні сваякам загінуўшых, параненых. Тое, што адбылося, не паддаецца асэнсаванню, не паддаецца тлумачэнню для любога разважнага чалавека. Мірныя людзі, у спакойнай краіне, на якіх быў накіраваны тэракт… Навошта, навошта? Мы выказваем шчырыя спачуванні, словы падтрымкі расійскаму народу. Зло павінна быць пакарана. Так не павінна адбывацца. Мы смуткуем разам з расіянамі. Усе людзі па клічы сэрца, па загадзе душы прыйшлі сёння, каб яшчэ раз ушанаваць памяць і быць разам з нашымі братамі-расіянамі.
- Учора мы ўсе былі прыкаваныя да інфармацыйных каналаў - на жаль, колькасць загінуўшых расла вельмі хутка, да неймаверных значэнняў, - дзеліцца першы прарэктар Беларуска-Расійскага універсітэта Юрый Машын. - Гэта нечалавечы ўчынак, калі гінуць мірныя людзі, якія прыйшлі ўвечары пасля працоўнага тыдня на культурнае мерапрыемства і патрапілі ў пекла - па-іншаму гэта назваць не магу. Я паглядзеў ролікі, якія выкладваюць у сетцы – гэта страшна. Сёння ва ўскладанні прынялі ўдзел нашы студэнты. Мы іх не падзяляем на беларускіх і расійскіх – хоць мы і два народы, але мы разам. І гэта гора ў нас агульнае.
Студэнт БРУ Яўген Мылаў страшную навіну аб тэракце даведаўся ад лепшай сяброўкі, якая жыве ў Маскве. Сам Жэня - са Смаленскай вобласці. Хлопец ледзь стрымлівае слёзы, калі гаворыць пра страшную трагедыю:
- Выказваю спачуванні ўсім расіянам. Я сам з Расіі, мае родныя жывуць там. Для мяне абедзве краіны - родныя. Мая аднакласніца перш за ўсё напісала мне і паведаміла, што адбыўся тэракт. Я пацікавіўся, ці ўсё ў яе і родных у парадку. Добра, што яны былі дома. Потым пачаў глядзець навіны, сталі з'яўляцца паведамленні ў інтэрнэце. Бацькі таксама тэлефанавалі. Не спаў усю ноч. Не разумею, навошта людзі здзяйсняюць такія жахлівыя ўчынкі? Сёння прыйшоў са сваім сябрам ушанаваць памяць. У мяне баліць душа.
Вадзім Мілько, які таксама вучыцца ў Магілёве, таксама прыйшоў падтрымаць сем'і загінуўшых, а таксама рускі народ, які зараз перажывае за загінуўшых і пацярпелых:
- Чыста па-чалавечы не разумею, як такое магчыма ў наш час. У мяне не ўкладваецца гэта ў галаве. Нам, спакойнаму беларускаму народу гэта цяжка ўявіць. І боль, і страту, якую зараз панеслі грамадзяне Расіі. Навошта вось гэтыя бессэнсоўныя ахвяры? Мы гэтымі хвілінамі з расейскім народам.
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
08.04.2025 - 14:30
07.04.2025 - 15:47
04.04.2025 - 20:00
03.04.2025 - 19:40
02.04.2025 - 12:40