RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Зніклыя баявыя ўзнагароды магілёўца воіна-інтэрнацыяналіста Мікалая Бяссонава праз 22 гады перадалі яго маме

Зніклыя баявыя ўзнагароды магілёўца воіна-інтэрнацыяналіста Мікалая Бяссонава праз 22 гады перадалі яго маме. З гэтай мэтай Магілёў 7 красавіка наведаў пасол Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Узбекістан Леанід Марыніч. Ён разам са старшынёй Магілёўскага аблвыканкама Леанідам Зайцам пабываў у гасцях у Яўгеніі Рыгораўны Бяссонавай, якая ў цяперашні час знаходзіцца на заслужаным адпачынку. Падчас гутаркі яна расказала пра тое, што калегі сына не забываюць яе, тэлефануюць і нагадваюць аб тым, што, збіраючыся, абавязкова ўспамінаюць маёра Мікалая Бяссонава.

Ён пачынаў службу ў Афганістане ў 1987 годзе ў званні лейтэнанта, даслужыўся да звання маёра. За баявыя заслугі быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, ордэнам «За службу Радзіме ва Узброеных Сілах СССР» трэцяй ступені, медалём«Воіну-інтэрнацыяналісту ад удзячнага афганскага народа», юбілейным медалём«70 гадоў Узброеных Сіл СССР».

Пасля вываду савецкіх войскаў з Афганістана Мікалай Бяссонаў працягнуў службу ў складзе 154-га асобнага атрада спецыяльнага прызначэння 15-ай брыгады ў горадзе Чырчык Узбекістана. Але пасля цяжкай хваробы ў 1998 годзе маёр Бяссонаў пайшоў з жыцця. А яго дакументы і ўзнагароды былі згубленыя. Дзякуючы ўдзелу Чырчыцкага гарадскога аддзялення аб’яднання воінаў-інтэрнацыяналістаў «Ветэран» праз 22 гады ўзнагароды і дакументы былі знойдзеныя і перададзеныя праз пасла Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Узбекістан у Магілёў.

«Мы прыйшлі да Яўгеніі Рыгораўны не толькі каб перадаць узнагароды, а і асабіста падзякаваць ёй за сына-героя, які застаўся верны свайму вайсковаму абавязку і прысязе. Сёння такі прыклад служэнню Радзіме вельмі паказальны для моладзі, для тых, хто не шануе мірнае неба над нашай галавой, не разумее поўнай значнасці подзвігу савецкага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Беларусы годна выконвалі інтэрнацыянальны абавязак у Афганістане. Мікалай Бяссонаў – адзін з іх. І сёння, калі праходзіла цырымонія перадачы дакументаў і ўзнагарод, успомніліся вядомыя словы верша, прысвечанага Вялікай Айчыннай вайне: «Ніхто не забыты і нішто не забыта», – адзначыў пасол Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Узбекістан Леанід Марыніч.

mogilevnews.by

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая