Архіў навін

Пераможцы XII абласнога конкурсу прафмайстэрства сярод рабочай моладзі названы ў Магілёве. Большасць прызавых месцаў па выніках працоўных спаборніцтваў дасталася бабруйчанам, на другім месцы па колькасці ўзнагарод – магілёўцы, на трэцім – прадстаўнікі Крычава.
Магілёўскі гімнаст Ягор Шарамкоў заваяваў ліцэнзію на II Еўрапейскія гульні падчас кантынентальнага форуму па спартыўнай гімнастыцы ў польскім Шчэцыне. Пра гэта карэспандэнту сайта паведамілі ў гарадской СДЮШАР «Багима», дзе трэніруецца спартсмен.
Усе аб'екты для правядзення ІІ Еўрапейскіх гульняў будуць поўнасцю падрыхтаваны да 15 мая бягучага года. Аб гэтым заявіў сёння на пасяджэнні Выканкама Нацыянальнага алімпійскага камітэта прэм'ер-міністр Сяргей Румас, які ўзначальвае аргкамітэт па падрыхтоўцы і правядзенні ІІ Еўрапейскіх гульняў у Беларусі.
Пошукавыя работы пачнуцца сёння ў Магілёўскім раёне. Каля вёскі ДАІ, у раёне помніка батальёну міліцыі пад камандаваннем капітана Уладзімірава, байцы 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна Мінабароны сумесна з супрацоўнікамі абласнога гісторыка-патрыятычнага пошукавага клуба «Віккру» і курсантамі Магілёўскага інстытута МУС адправяцца на пошукі невядомых пахаванняў салдат часоў Вялікай Айчыннай вайны, над якімі ні крыжоў, ні абеліскаў.
V рэспубліканскі турнір па вольнай барацьбе сярод юнакоў і дзяўчат памяці братоў Івановых пройдзе 18-20 красавіка ў Крычаве. У манежы для гульнявых відаў спорту мясцовага ФАКа за месцы на п’едэстале будзе змагацца каля 600 удзельнікаў у складзе 30 каманд з Беларусі, Расіі і Украіны. Спартсмены разыграюць медалі ў 27 вагавых катэгорыях. Пераможцам і прызёрам спаборніцтва ўручаць медалі і дыпломы адпаведных ступеняў.
Прамую тэлефонную лінію правядзе 20 красавіка кіраўнік справамі Магілёўскага аблвыканкама Рыгор Аляксандравіч Варонін. З 9.00 да 12.00 па нумары (8 0222) 50-18-69 ён адкажа на пытанні жыхароў Прыдняпроўскага краю.
Адміністрацыя Прэзідэнта Беларусі працягвае на планавай аснове праводзіць выязныя прыёмы грамадзян у рэгіёнах. Чарговыя сустрэчы запланаваны на 16-18 красавіка. Прадстаўнікі Адміністрацыі Прэзідэнта правераць, як мясцовыя ўлады разглядаюць і вырашаюць пытанні, якія жыхары раёнаў накіравалі ў Беларускае тэлеграфнае агенцтва падчас акцыі «пытанне Прэзідэнту» пры падрыхтоўцы і правядзенні «Вялікай размовы з Прэзідэнтам».
Дендропарк имени писателя Николая Янченко заложили сегодня в деревне Новоселки Могилевского района по инициативе местных жителей и Вендорожского сельсовета.
У Магілёве з 17 па 25 красавіка пройдзе шэраг рабочых сустрэч тэматычных груп па дэталёвым аналізе напрамкаў, якія маюць высокую значнасць для ўстойлівага развіцця вобласці. Абмеркаванні адбудуцца ў канферэнц-зале Магілёўскага абласнога ўпраўлення ФСАН (зав. Круты 2-і, д. 1).
Калектыву ААТ «Папяровая фабрыка «Спартак»» прысуджана прэмія Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі 2019 года ў галіне працы. Пра гэта паведамляецца на сайце Беларускага прафесійнага саюза работнікаў лесу і прыродакарыстання. Нараўне з прысуджэннем прэміі ў намінацыі «Прамысловасць і будаўніцтва» за дасягненне высокіх паказчыкаў у сацыяльна-эканамічным развіцці арганізацыі, калектыву таксама прысвоена званне лаўрэата з уручэннем Ганаровага знака ФПБ, дыплома і грашовага ўзнагароджання.
З двухсот варыянтаў слогана для рэспубліканскай акцыі «Тыдзень лесу» ў конкурсе прызнаны найлепшым «Дрэвы саджаю – і тым ганаруся! Будзе зялёнай мая Беларусь!» Яго аўтар – настаўнік рускай мовы і літаратуры Баранькоўскага КПК «Яслі-сад – базавая школа Касцюковіцкага раёна» Васіль Кавалёў.
Прафсаюзы прааналізавалі рост цэн на харчовыя тавары за першы квартал 2019 года. Па большасці пазіцый кошт прадуктаў харчавання ў Магілёўскай вобласці застаўся на ранейшым узроўні. Паводле слоўспецыялістаў, нязначныя ваганні па некаторых найменнях ёсць, што тлумачыцца сезоннасцю і скарачэннем рынкаў збыту.
У Магілёве 22-26 красавіка пройдзе адна з самых яскравых падзей прафесійнага музычнага жыцця краіны – V Рэспубліканскі адкрыты конкурс выканаўцаў на аркестравых інструментах імя Я. А. Глебава. Пра гэта паведамілі ў Магілёўскім дзяржаўным музычным каледжы імя М. А. Рымскага-Корсакава.
Дарагая Дар’я! Ад імя Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта віншую з перамогай на чэмпіянаце Еўропы па цяжкай атлетыцы. Дзякуй за яркае выступленне. Жыхары Магілёўшчыны ганарацца, што ў гонар ураджэнца вобласці гучаў гімн Беларусі на прэстыжным міжнародным старце. Хай гэты поспех натхніць вас на новыя спартыўныя здзяйсненні. Поспехаў, упартасці і настойлівасці. Старшыня аблвыканкама Л. К. Заяц
Спартсменка Магілёўскай вобласці Дар’я Навумава заваявала залатую ўзнагароду чэмпіянату Еўропы па цяжкай атлетыцы, які праходзіць у Батумі (Грузія). У вагавой катэгорыі да 76 кг сярэбраны прызёр Алімпіяды-2016 стабільна правяла сваё выступленне, паказаўшы вынік 242 кг (106+136 кг). Адзін з лідараў у гэтай вазе іспанка Лідзія Валенцінзаваявала сярэбраную ўзнагароду – 241 кг (108 + 133 кг). У заключнай спробе ёй не скарылася штанга вагой 137 кг. Бронзавым прызёрам чэмпіянату стала Патрысія Стрэнюс са Швецыі – 233 кг (101 + 132 кг).
Уладальнікаў інтэрнэт-прэміі «ТІБО-2019» узнагародзілі ў Мінску. Конкурс на самы лепшы беларускі інтэрнэт-рэсурс сёлета праводзіўся па 12 асноўных намінацыях. Усяго было пададзена 485 заявак.
У Мінску з 21 па 30 чэрвеня пройдуць II Еўрапейскія гульні. У гэтым кантынентальным мультыспартыўным форуме, да якога рыхтуецца ўся краіна, прыме ўдзел больш за 4 тыс.спартсменаў з 50 краін. Яны разыграюць 199 камплектаў узнагарод у 15 відах спорту (23 дысцыплінах), а таксама ліцэнзіі на Алімпіяду-2020 у Токіа.
У Беларусі 16 красавіка стартуе канцэртны марафон пад дэвізам «Падары кроў – выратуй чыйсьці свет!». Ён пройдзе па ўсіх абласных цэнтрах нашай краіны. Хэдлайнер тура – вядомы беларускі гурт Naviband, удзельнік Еўрабачання.
Рэспубліканскі суботнік пройдзе ў Беларусі 20 красавіка. Адпаведнае рашэнне замацавана ў пастанове Савета міністраў нумар 231 ад 10 красавіка 2019 года, паведамілі ў прэс-службе ўрада.
У Бабруйску абвешчаны конкурс эскізных праектаў помніка Аляксандру Пракапенку. Пра гэта паведамляецца на сайце гарвыканкама. Заяўкі для ўдзелу ў конкурсе падаюцца да 2 мая 2019 года на адрас 213827 г. Бабруйск, пл. Леніна, 1 кабінет 404 (+375225762239). Матэрыялы будуць разгледжаны камісіяй на закрытым пасяджэнні не пазней за 16 мая 2019 года. Парадак арганізацыі і правядзення конкурсу эскізных праектаў помніка Аляксандру Пракапенку
Яшчэ тры прадпрыемствы ўключаны ў склад канцэрна лясной, дрэваапрацоўчай і цэлюлозна-папяровай прамысловасці («Беллеспаперапрам»). Адпаведнае рашэнне змяшчаецца ў пастанове Савета Міністраў №225 ад 9 красавіка 2019 года. Гаворка ідзе пра таварыствы з абмежаванай адказнасцю «Шклоўскае лесапільна-пелетнае прадпрыемства» і «Акітама», а таксама пра адкрытае акцыянернае таварыства «Зеленаборскае». Дакумент уступіць у сілу пасля яго афіцыйнага апублікавання.
Каля 60 маладых спецыялістаў, работнікаў 18 найбуйнейшых прадпрыемстваў Магілёўшчыны, возьмуць удзел у ХІІ абласным конкурсе прафмайстэрства сярод працоўнай моладзі. Спаборніцтвы праходзяць з 2007 года і даюць канкурсантам магчымасць павысіць свой кваліфікацыйны разрад, атрымаць за прызавое месца годнае матэрыяльнае ўзнагароджанне, зарабіць павагу наймальніка і калег.
Школа падрыхтоўкі кіраўнікоў працоўных праектаў Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі пачынае працу ў Мсціславе, паведаміў другі сакратар Цэнтральнага камітэта ГА «БРСМ» Алег Дзікун.
Берагавыя лініі вадаёмаў Магілёўскай вобласці прывядуць у парадак падчас рэспубліканскай акцыі «Чысты вадаём». Пра гэта паведамілі ў абласной арганізацыйнай структуры дзяржаўна-грамадскага аб’яднання «Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў». Акцыя стартавала сёння і працягнецца да 19 красавіка. Яна ў першую чаргу накіравана на экалагічнае выхаванне ўсіх слаёў насельніцтва, прыцягненне ўвагі да праблемы забруджвання вадаёмаў, а таксама на прывядзенне ў парадак прыбярэжнай зоны вадаёмаў і вадацёкаў напярэдадні адкрыцця сезона масавага актыўнага адпачынку на прыродзе.
Дзень беларускага пісьменства плануецца правесці ў 2020 годзе ў Бялынічах. Пра гэта паведаміў намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Андрэй Кунцэвіч. За час правядзення свята набыло агульнанацыянальны статус і стала значнай падзеяй у культурным жыцці Беларусі. Яго асноўная ідэя – беражлівае захаванне і развіццё духоўнай спадчыны Беларусі, прапаганда нацыянальных культурных традыцый. У 2019 годзе сталіцай Дня беларускага пісьменства стане Слонім.
Больш за 600 бегуноў прынялі ўдзел у Асіповіцкім міжнародным марафоне, прысвечаным 75-й гадавіне вызвалення горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і памяці Героя Савецкага Саюза генерала М. Ф. Каралёва. У гэтым годзе традыцыйнае красавіцкае свята аматараў бегу прайшло ў раённым цэнтры ў 37 раз. Акрамя беларусаў, дыстанцыю пераадольвалі чатыры госці з Санкт-Пецярбурга, Новасібірска, Арэхава-Зуева і Калінінграда.
EPAM Belarus запрашае наведаць найбуйнейшую ў рэгіёне канферэнцыю, якая прысвечана інфармацыйным тэхналогіям і пройдзе 20 красавіка ў Палацы культуры вобласці (пр-т Пушкінскі, 7). На дзвюх сцэнах адначасова прагучаць даклады ад 20 экспертаў-практыкаў з Магілёва, Мінска і Гомеля. Ніякіх тэарэтыкаў! Сваімі прыкладнымі ведамі і вопытам падзеляцца спецыялісты з самых розных абласцей IT-сферы.
Восьмы гастранамічны фестываль «Гаспадарчы сыр» пройдзе 5 мая ў Слаўгарадзе. Пра гэта паведамілі ў райвыканкаме. Галоўны прыярытэт на свяце – мясцовы кулінарны брэнд – хатні сыр. Для дэгустацыі і продажу будзе прапанавана мноства яго відаў на любы густ: цвёрды і мяккі, плаўлены і тварогавы, сулугуні і брынза, сырніца і сырныя аладкі, салодкі і салёны, з рознымі прыправамі і напаўняльнікамі.
У Магілёўскай вобласці праходзіць выязны практычны семінар для асоб, якія знаходзяцца ў перспектыўным кадравым рэзерве аблвыканкама, а таксама ў рэзерве кадраў на пасады кіраўнікоў сельскагаспадарчых арганізацый. Мерапрыемства адкрыла сустрэча ўдзельнікаў палілогу з кіраўніком рэгіёна Леанідам Зайцам.
Магілёўская абласная арганізацыя ГА «Беларускі саюз журналістаў» і Галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама абвясцілі конкурс сярод журналістаў рэгіёна на самы лепшы праект у СМІ, на інтэрнэт-сайтах па тэме 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.