Архіў навін

Шведска-беларускі праект «Удасканаленне дзейнасці дзяржаўнай службы занятасці насельніцтва Рэспублікі Беларусь» плануюць рэалізаваць у Магілёўскай вобласці. Перспектывы супрацоўніцтва ў гэтым напрамку абмеркавалі сёння на сустрэчы старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Магілёўскага аблвыканкама Святлана Тарасенка і прадстаўнік міжнароднага аддзела шведскай дзяржаўнай службы занятасці Пер Ліндберг.
Спецыяльнай прэміяй Магілёўскага аблвыканкама ў сацыяльнай сферы ўзнагароджана 50 маладых прадстаўнікоў устаноў адукацыі, культуры, спорту, турызму, сацыяльнай абароны, сродкаў масавай інфармацыі. Пра гэта паведамілі ў Галоўным упраўленні ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама.
Тэлеканал «“Беларусь 4” Магілёў» у выхадныя пакажа тэлеверсію рэканструкцыі, якая адбудзецца ў Магілёве 28 чэрвеня ў раёне гандлёвага цэнтры «Е-сіці» (вул. Гагарына, 79).
Аператары сувязі да 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў праводзяць акцыі для ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, паведамілі ў Міністэрстве сувязі. «Белтэлекам» з 1 па 5 ліпеня робіць бясплатнымі тэлефонныя размовы ўнутры Беларусі (за выключэннем званкоў на мабільны і платныя інфаслужбы) для ўдзельнікаў вайны з дамашніх тэлефонаў, у аддзяленнях паштовай сувязі і з пэўных тэлефонаў шпіталяў. Удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны таксама прадаставяць магчымасць міжнародных званкоў па сэрвісных тэлефонных картках, якія будуць уручаны напярэдадні святочнай даты.
У Магілёўскай вобласці абновяць парк школьных аўтобусаў. Сёлета плануюць закупіць 24 новыя машыны, паведамілі ў галоўным упраўленні па адукацыі аблвыканкама. У Бялыніцкім і Магілёўскім раёнах чакаюць па тры аўтобусы. У Бабруйскім, Асіповіцкім, Кіраўскім і Шклоўскім – па два. У некаторых раёнах сёлета з’явіцца па адной новай машыне. У прыватнасці, яны паступяць у Быхаўскі, Горацкі, Глускі, Клічаўскі, Касцюковіцкі, Краснапольскі і іншыя раёны.
Магілёўскі абласны драматычны тэатр да закрыцця тэатральнага сезона рыхтуе спектакль «Дзядзечкаў сон» паводле аднайменнай аповесці Фёдара Дастаеўскага. Прэм’ерныя паказы запланаваныя на 30-31 ліпеня, паведамілі ў адміністрацыі ўстановы культуры. Над трагікамедыяй працуе рэжысёр-пастаноўшчык і мастак-пастаноўшчык Міхаіл Лашыцкі. Апошні добра вядомы Магілёўскаму гледачу па спектаклях «Рамантыкі», «Снежная каралева», «Па шчупаковым загадзе», «Казка пра каралеву, прынцэсу, рыцара і пачвару» і інш.
У шосты дзень ІІ Еўрапейскіх гульняў у Мінску будуць разыграны 16 камплектаў узнагарод у пяці відах спорту. Галоўныя медальныя надзеі беларускіх балельшчыкаў сёння звязаны з турнірам па веславанні на байдарках і каноэ. Беларусы з'яўляюцца аднымі з галоўных фаварытаў на ўсіх топ-спаборніцтвах у гэтым відзе спорту. Сёння на вяслярным канале ў Заслаўі будуць разыграны 5 медальных камплектаў. Старт фінальных заездаў у 10.00.