Жыхары Магілёўшчыны актыўна прымаюць удзел у добраўпарадкаванні населеных пунктаў. Нядаўна ў аграгарадку Баравіца ўстанавілі некалькі дэкаратыўных масткоў. Аўтарам праекта выступіў дырэктар мясцовай школы Сяргей Акуліч, які намаляваў эскізы. Па іх работнікі культуры і райст вырабілі арыгінальныя масткі. У вёсцы Скачок добраўпарадкавалі возера, усталявалі дзіцячую пляцоўку. Падтрымліваюць чысціню і парадак ля дамоў жыхары вёскі Серны Бор Быхаўскага раёна.
«Зала адной карціны» пачала працаваць у Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П. В. Масленікава. Першай гледачы ўбачаць карціну «Беларускія льны» Віктара Грамыкі.
Будаўнічыя атрады пачалі працаваць на Магілёўшчыне. Зараз у іх складзе – больш за 60 чалавек. Усяго сёлета ў трэцім працоўным семестры плануецца працаўладкаваць амаль тры тысячы студэнтаў.
Адкрыццё Бабруйскай гарадской дзіцячай бальніцы плануецца ў ліпені.
– Усе ўнутраныя аздобныя працы ў будынку бальніцы ўжо завершаны, – далажыў аб становішчы начальнік участка ДУКДП «Міжраённы домабудаўнічы камбінат» Уладзімір Пруднікаў. – У найбліжэйшы час рыхтуемся ўстанаўліваць мэблю. Зараз вядзём аздобныя працы па знешняй частцы будынка і добраўпарадкаванні. На аб’екце працуе 160 чалавек – гэта работнікі МДБК і субпадраднай арганізацыі.
«У бягучым месяцы, дзякуючы ўдасканаленню праграмнага прадукта, доля аўтаматычнага выпуску тавараў, якія вывозяцца, дасягнула 60%, а сярэдні час іх аўтаматычнага афармлення не перавышае 1 хвіліну», – пра гэта паведамілі ў прэс-цэнтры Магілёўскай мытні.
Адміністрацыя СЭЗ «Магілёў» сумесна з гандлёвым прадстаўніцтвам Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь і АТ «Расійскі экспартны цэнтр» правялі відэаканферэнцыю па пытаннях развіцця гандлёва-эканамічнага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва з Расіяй. Пра гэта паведамілі ў прэс-цэнтры прадпрыемства.
У вёсцы Боркі Кіраўскага раёна заканчваецца рэканструкцыя мемарыяльнага комплексу «Памяці спаленых вёсак Магілёўскай вобласці», які плануецца адкрыць у чэрвені. У праекце задзейнічаны як бюджэтныя сродкі, так і сродкі насельніцтва. Адкрыты спецыяльныя рахункі, на якія паступаюць грошы.
Новы збожжаўборачны камбайн вытворчасці ААТ «Гомсельмаш» папоўніў парк машын Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі. Пра гэта расказаў дэкан факультэта механізацыі сельскай гаспадаркі ўстановы адукацыі Уладзімір Гусараў.