RU BY EN 中文
Twitter Instagram

ААТ «Белшына» – Нацыянальны партнёр II Еўрапейскіх гульняў 2019 года

У Мінску з 21 па 30 чэрвеня пройдуць II Еўрапейскія гульні. У гэтым кантынентальным мультыспартыўным форуме, да якога рыхтуецца ўся краіна, прыме ўдзел больш за 4 тыс.спартсменаў з 50 краін. Яны разыграюць 199 камплектаў узнагарод у 15 відах спорту (23 дысцыплінах), а таксама ліцэнзіі на Алімпіяду-2020 у Токіа.

ААТ «Белшына» прыме непасрэдны ўдзел у гэтым спартыўным свяце ў якасці нацыянальнага партнёра II Еўрапейскіх гульняў. Пагадненне аб супрацоўніцтве паміж «Белшынай» і Дырэкцыяй II Еўрапейскіх гульняў падпісалі генеральны дырэктар прадпрыемства Уладзімір Карпяк і дырэктар фонду «Дырэкцыя II Еўрапейскіх гульняў 2019 года» Георгій Катулін. Па выніках заключэння пагаднення, «Белшыне» прысвоены статус нацыянальнага партнёра II Еўрапейскіх гульняў 2019 года.

Як расказала спецыяліст па рэкламнай камунікацыі прадпрыемства Вольга Дубінчык, у межах гэтага дакумента прадпрыемству будзе аказаны пералік рэкламных паслуг. Інфармацыю рэкламнага характару прадставяць на рэспубліканскім радыё, тэлеканалах «Беларусь-1», «Беларусь-2», «Беларусь-5», а таксама на афіцыйным сайце II Еўрапейскіх гульняў. На арэнах, дзе будуць праходзіць спаборніцтвы, будуць транслявацца ролікі ААТ «Белшына» і размяшчацца банеры прадпрыемства.

Акрамя таго, бабруйскае прадпрыемства можа выкарыстаць малюнак лагатыпа «еўрапейскай Алімпіяды» – Лісяняці Лёсіка – у сродках масавай інфармацыі і ў сацыяльных сетках, а таксама заяўляць пра сябе як пра Нацыянальнага партнёра гульняў у рэкламных і іміджавых мэтах, выкарыстоўваць сімволіку спартыўнага форуму. «Белшыне» на спартыўных арэнах вылучаны зоны для актывацыі гледачоў.

Прадстаўнікі Нацыянальнага партнёра II Еўрапейскіх гульняў, у тым ліку і «Белшына», таксама атрымліваюць права быць непасрэднымі ўдзельнікамі самага значнага, хвалюючага і запамінальнага моманту кантынентальных мультыспартыўных гульняў – ім даецца права ўдзелу ў афіцыйных цырымоніях узнагароджання пераможцаў і прызёраў II Еўрапейскіх гульняў.

Плануецца, што перад пачаткам гульняў пройдзе эстафета «Полымя міру», у якой прымуць удзел і факеланосцы-шыннікі.

Высокага гонару быць нацыянальным партнёрам II Еўрапейскіх гульняў «Белшына» ўдастоена за прыхільнасць работнікаў прадпрыемства да здаровага ладу жыцця, актыўны ўдзел у спартыўных спаборніцтвах рознага рангу і дасягненне высокіх вынікаў.

Так, у 2018 годзе ў расійскім Звянігарадзе каманда «Белшына» па футзале заняла прызавое месца. За гэтае спартыўнае дасягненне Валерый Салавянчык, Аляксандр Мацвееў і Аляксей Іўчанка былі ўдастоены высокага звання «Майстар спорту міжнароднага класу па футзале». У гэтым спартыўным сезоне вылучылісянашы славутыя гіравікі – шматразовыя чэмпіёны свету і Еўропы Сяргей Стацэвіч, Аляксандр Галавач і Жорж Мельнікаў. З найлепшага боку праявілі сябе на рэспубліканскай летняй спартакіядзе работнікаў нафтахімічнага комплексу валейбалісткі Дар’я Чысцякова і Алеся Саўкіна, якія гулялі за зборную Магілёўскай вобласці. У напружанай спартыўнай барацьбе нашы валейбалісткі заваявалі бронзу. І такіх прыкладаў можна прыводзіць шмат.

Да Еўрапейскіх гульняў «Белшына» рыхтуе і своеасаблівы працоўны падарунак: – выпуск двух новых тыпаразмераў летніх легкавых шын сямейства Astarta SUV і Artmotion памераў 205/70R16 мад. BEL-345 і 225/55R16 мадэлі BEL-331. Абедзве гэтыя шыны прызначаны для эксплуатацыі на легкавых аўтамабілях класа SUV. Яны прайшлі поўны цыкл неабходных выпрабаванняў і атрымалі сертыфікаты ў цэнтры сертыфікацыі інстытута IGTT у горадзе Злін Чэшскай Рэспублікі на адпаведнасць нормам, устаноўленым Правіламі №117 ЕЭК ААН.

Акрамя таго, да пачатку спаборніцтваў грандыёзнага кантынентальнага мультыспартыўнага форума да запуску ў вытворчасць рыхтуюцца яшчэ дзве новыя мадэлі легкавых шын лінеек «Astarta SUV» і «Artmotion» Bel-354 памеру 225/60 R 17 і BEL-330 памеру 215/65 R16.

Па матэрыялам газеты «Шынік»

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая