RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Больш за 70 медработнікаў Магілёўскай вобласці адзначаны ўзнагародамі за барацьбу з пандэміяй

У Магілёве сёння ўшаноўвалі медыцынскіх работнікаў Прыдняпроўскага краю, якія ўнеслі вялікі ўклад у барацьбу з COVID-19. Цырымонія прайшла ў Палацы культуры вобласці, дзе сабралася больш за 70 найлепшых прадстаўнікоў аховы здароўя і санітарнай службы рэгіёна. Мерапрыемства стала адной з магчымасцей у чарговы раз падзякаваць людзям, у чыіх руках самае дарагое – жыцці людзей.

Заслужаныя ўзнагароды за ўклад у захаванне здароўя жыхароў Магілёўшчыны ў няпростых эпідэміялагічных умовах, выкліканых пандэміяй каранавіруса, ім уручылі кіраўнікі органаў дзяржаўнай улады. Словы ўдзячнасці былі выказаны урачам, медсёстрам, санітарам, кіроўцам хуткай медыцынскай дапамогі.

«Вялікі дзякуй усёй сістэме аховы здароўя Беларусі і медработнікам Магілёўшчыны. Яны, як і ўсе, сканцэнтраваліся, перагрупаваліся і годна вытрымалі ўдар. Кожны на сваім месцы праявіў самаадданасць, мужнасць і самааддачу, не лічачыся з асабістым часам, забіраючы яго ў сябе, родных і блізкіх. Усе сілы, навыкі і веды вы накіроўвалі на тое, каб аказацьмеддапамогу грамадзянам рэгіёна, – канстатаваў намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Ігар Петрышэнка.

Ён падкрэсліў важнасць індывідуальнага падыходу ў вызначэнні алгарытму дзеянняў у кожным выпадку, паколькі ў розных пацыентаў інфекцыя працякала па-свойму. «У баявых умовах медыкі павінны былі нешта мяняць у методыках лячэння, і яны гэта паспяхова рабілі, рэалізоўвалі на практыцы, што дазволіла выратаваць тысячы жыццяў», – падкрэсліў Ігар Петрышэнка.

«Жыхары нашага рэгіёна, як і ўвесь свет, сутыкнуліся з гэтай бядой. Да гонару нашых медыкаў, усе іх дзеянні былі прафесійнымі, выверанымі. Не нясмелыя, а сапраўдныя, правільныя крокі насустрач вірусу, – адзначыў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц. – Мабілізацыя ўсіх сіл і сродкаў – медыцынскіх устаноў, прамысловых прадпрыемстваў, вертыкалі ўлады –дазволіла мінімізаваць наступствы гэтай бяды. Мы ганарымся тым, што нашы спецыялісты ўзялі хваробу пад кантроль, а добрая матэрыяльна-тэхнічная база і вопыт медыкаў ляглі ў аснову лакалізацыі бяды».

Кожны з запрошаных на сустрэчу медыцынскіх работнікаў атрымаў сёння ўзнагароду. Так, Падзякі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь абвешчаныя анестэзіёлагу-рэаніматолагу Магілёўскай бальніцы №1 Валерыю Кананкову, інфекцыяністу Магілёўскай інфекцыйнай бальніцы Кацярыне Якубёнак, галоўным урачам Магілёўскай бальніцы №1 і Магілёўскай дзіцячай паліклінікі Віктару Клачкову і Галіне Пятровай.

«Атрыманая ўзнагарода – гэта заслуга ўсяго нашага калектыву, – падкрэсліў Валерый Кананкоў. – Змагацца з каранавірусам няпроста, як, зрэшты, з любой хваробай. І мы былі часткова гатовыя да вырашэння гэтай праблемы, таму што нашы урачы, медсёстры, санітаркі – людзі вопытныя. Адзіная асаблівасць заключаецца ў тым, што мы памянялі свой статус: са звычайнай бальніцы сталі інфекцыйнай з адпаведнымі абмежаваннямі. Для нас гэта была незвычайная сітуацыя, сродкі абароны спачатку ўскладнялі працу. Але пасля прызвычаіліся».

Пра тое, што Падзяка Прэзідэнта –ацэнка працы ўсіх работнікаў лячэбнай установы, гаварыў і Віктар Клачкоў. «Мая заслуга тут толькі ва ўменні арганізаваць, з’яднаць калектыў. У патрэбны момант гэта атрымалася, і мы паказалі сябе з самой добрага боку, – адзначыў галоўны урач Магілёўскай дзіцячай паліклінікі. – Спачатку было боязна і цяжка, але вялікі дзякуй калегам за працу, падтрымку, смеласць і гераізм. Мы назапасілі велізарны вопыт працы з інфекцыйнымі хворымі. І калі зараз гавораць аб другой хвалі каранавіруса, ставімся да гэтага даволі спакойна».

Ганаровых грамат Савета Міністраў Рэспублікі ўдастоены ўрач-анестэзіёлаг-рэаніматолаг аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі стацыянара Асіповіцкай цэнтральнай раённай бальніцы Аляксандр Артамонаў, загадчык аддзялення агульнай практыкі Магілёўскай паліклінікі № 7 Вікторыя Ярошкіна, галоўныя ўрачы Магілёўскай Цэнтральнай паліклінікі і Магілёўскай паліклінікі № 11 Аляксандр Басенка і Сяргей Караеў.

Ганаровымі граматамі Адміністрацыі Прэзідэнта ўзнагароджаны галоўная медыцынская сястра Асіповіцкай цэнтральнай раённай бальніцы Святлана Ізотава, намеснік галоўнага ўрача Магілёўскай паліклінікі № 12 Таццяна Малуціна, загадчык 4-га аддзялення ўрача агульнай практыкі Бабруйскай гарадской паліклінікі №1 Наталля Шкрадзюк.

Урачоў і медсясцёр рэгіёна таксама ўзнагародзілі ганаровымі граматамі і падзякамі Нацыянальнага сходу, Міністэрства аховы здароўя, Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта, абласнога Савета дэпутатаў.

«Цяпер надаецца вялікая ўвага медыкам, і яны гэта заслужылі, – лічыць намеснік галоўнага ўрача па медыцынскай частцы Горацкай цэнтральнай раённай бальніцы Наталля Жодзік.– Мы змагаемся з каранавіруснай інфекцыяй ўжо чатыры месяцы. Былі разгорнуты 94 спецыяльныя койка-месцы, з іх 6 – рэанімацыйных. Праз нашу бальніцу прайшло нямала пацыентаў, больш за 400 –з пнеўманіямі. Увесь наш калектыў максімальна стараўся, каб людзі хутчэй папраўляліся, здаравелі. У гэтым дапамагалі і галоўнае ўпраўленне па ахове здароўя, і абласныя лячэбныя ўстановы».

Знакам «Выдатнік аховы здароўя Рэспублікі Беларусь» былі адзначаны ўрач-анестэзіёлаг-рэаніматолаг аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі Магілёўскай бальніцы № 1 Алеся Валахановіч, галоўны ўрач Магілёўскай паліклінікі № 2 Аляксандр Нядзвецкі, галоўная медыцынская сястра Магілёўскага абласнога супрацьтуберкулёзнага дыспансера Валянціна Сафонава, урач-рэнтгенолаг рэнтгенаўскага аддзялення Магілёўскага абласнога анкалагічнага дыспансера Таццяна Ціток, намеснік галоўнага ўрача Магілёўскай дзіцячай паліклінікі № 4 Валянціна Шконда.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая