RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Будаўніцтва галоўнага каналізацыйнага калектара Магілёва ўступіла ў завяршальную стадыю

Будаўніцтва галоўнага каналізацыйнага калектара Магілёва ўступіла ў завяршальную стадыю. Гатоўнасць аб’екта складае ўжо 93%. Яго маюць намер увесці ў 2019 годзе, паведаміла намеснік дырэктара прадпрыемства «Магілёўаблводаканал» Ірына Красуцкая.

Новы калектар – гэта больш за тры кіламетры жалезабетонных труб уздоўж Дняпра і 18 каналізацыйных камер. Будаўніцтва, пачатае ў студзені 2017 года, набліжаецца да фінішу. Новы цэнтральны каналізацыйны калектар прыйдзе на змену старому, які працягвае дзейнічаць, хоць і моцна зношаны.

Сучасны цэнтральны канал для сцёкавых вод і бытавых вадкасцяў вельмі патрэбны абласному цэнтру, дзе жыве каля 380 тыс. чалавек. Каб пракласці калектар, будаўнікам прыйшлося працаваць у складаных умовах, у пойме Дняпра, у літаральным сэнсе ў вадзе. Цяжкасці ўзнікалі з прычыны высокага ўзроўню грунтавых вод. Але, нягледзячы на ўсе перашкоды, задача аказалася пасільнай.

Трубы для цэнтральнага Магілёўскага калектара беларускай вытворчасці. Іх выпусцілі ў Мікашэвічах Брэсцкай вобласці. Яны прызначаны для транспарціроўкі самацёкам бытавых і вытворчых вадкасцяў, сцёкавых вод, агрэсіўных да бетону і жалезабетону. Пры будаўніцтве ўпершыню ў Магілёве ўжылі бестраншэйную тэхналогію. Калектар вялі пад зямлёй. Запрасілі сталічнага падрадчыка і дарагую спецтэхніку.

Цяпер працы ідуць уздоўж Лядовага палаца. Іх выконвае Віцебская арганізацыя «Прамбудцэнтр». На месцы катлавана пабудуюць каналізацыйную камеру, апошнюю з васямнаццаці, прадугледжаных праектам.

Як заўважыў прараб Артур Самарын, засталося пракласці 50 м труб. Выканаюць гэтую задачу адкрытым спосабам. Правядуць падрыхтоўку да ўрэзкі.

Новы цэнтральны калектар звяжуць у адну сетку з існуючымі магістральнымі, і ён пачне абслугоўваць увесь горад. Добраўпарадкаванне пляцовак, дзе вядзецца будаўніцтва, пачнуць пасля таго, як усталююцца спрыяльныя пагодныя ўмовы.

Гараджан просяць з разуменнем паставіцца да часовых нязручнасцяў.

ТРК «Магілёў»

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая