RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Цэнтр культуры і вольнага часу адкрыўся ў Глуску

Цэнтр культуры і вольнага часу ўрачыста адкрыўся сёння ў Глуску падчас раённага свята «Дажынкі-2019».

У абноўленым шматпрофільным цэнтры пад назвай «Арыён» размясціліся загс, кінатэатр, дысказала і класы для дзіцячай творчасці. «Рэканструкцыя былога кінатэатра заняла два з паловай месяцы. Усяго было затрачана Br6 млн. Грашовыя сродкі выдзелены з абласнога бюджэту», – расказаў намеснік старшыні Глускага райвыканкама Аляксандр Анцюшэня.

Падчас адкрыцця «Арыёна» прайшла ўрачыстая рэгістрацыя нованароджанага. Муж і жонка Андрэй і Ала Удалевы прыйшлі рэгістраваць Артура, якому ўсяго тры тыдні. Гэта другое дзіця ў сям’і, старэйшаму сыну Арцёму тры з паловай гады. «Такая ўвага для нашай сям’і стала вялікай, але прыемнай нечаканасцю», – адзначыла Ала. Акрамя пасведчання аб рэгістрацыі маленькага жыхара Глуска, сям’я атрымала каштоўныя і памятныя падарункі.

Да раённага свята працаўнікоў вёскі Глуск рыхтаваўся старанна. У пасёлку адрамантавана 28 жылых дамоў, будынкі аддзялення цэнтральнай раённай бальніцы, гімназіі, дзіцячай школы мастацтваў, музея, прыведзены ў парадак стадыён і хакейная каробка.

«Глуск вельмі змяніўся, – адзначыў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц. – Прыведзены ў парадак вуліцы і сацыяльныя аб’екты, развіта інфраструктура. Калі я быў прызначаны на пасаду губернатара Магілёўскай вобласці, Прэзідэнт даў даручэнне звярнуць увагу на ўскраіны рэгіёна. Дзякуючы падтрымцы кіраўніка дзяржавы, дзякуючы жыхарам Глуска нам удалося ў вельмі кароткія тэрміны істотным чынам змяніць населены пункт».

Яшчэ адным знакавым момантам «Дажынак» стала адкрыццё памятнага знака «Роднае гняздо». Яго аўтарам выступіў магілёўскі скульптар Андрэй Вараб’ёў. Кампазіцыя ўяўляе з сябе невялікае дрэва, на якім размясцілася гняздо буслоў, а каля асновы – цытата з верша беларускага паэта Сяргея Грахоўскага, чыё імя цесна звязана з Глускам.

Раённае свята «Дажынкі-2019» сабрала падворкі Бабруйска, Глускага, Асіповіцкага і Кіраўскага раёнаў, магілёўскіх і абласных прадпрыемстваў. У зале Цэнтра культуры і вольнага часу прайшло ўзнагароджанне перадавікоў уборачнай кампаніі.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая