RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Чырвоны Крыж арганізуе пункт выдачы пітной вады ў Магілёве

Чырвоны Крыж з 11 чэрвеня арганізуе пункт выдачы пітной вады ў Магілёве. Пра гэта паведамілі ў абласной арганізацыі БТЧК.

Пункт размесціцца ля ГЦ «Е-Сіці», дзе праходзяць рэпетыцыі тэатралізаванага канцэрта, прысвечанага 75-й гадавіне вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

«Адпаведнае рашэнне прынята з прычыны гарачага надвор’я, – адзначылі суразмоўцы. – Удзельнікі дзейства і проста гараджане з 11.00 да 14.00 змогуць схавацца ў цені палаткі, а таксама здаволіць смагу прахалоднай пітной вадой. Акрамя таго, валанцёры будуць кансультаваць людзей па пытаннях правільных паводзін пры высокіх тэмпературах і пры неабходнасці акажуць дапамогу пацярпелым ад працяглага знаходжання пад сонцам. Пункт выдачы пітной вады будзе працаваць да канца тыдня».

Гэта не адзінае месца, дзе актывісты Чырвонага Крыжа маюць намер раздаваць ваду. Плануецца, што на працягу ўсіх гарачых дзён у самых ажыўленых месцах Магілёва будзе дзяжурыць перасоўны пункт.

Дарэчы, у Беларусі 11–12 чэрвеня аб’яўлены аранжавы ўзровень небяспекі з прычыны спякоты. У аўторак і сераду ў дзённыя гадзіны на большай частцы тэрыторыі краіны тэмпература паветра дасягне плюс 30-33 градусаў. Гарачае надвор’е захаваецца і 13-15 чэрвеня. Будзе пераважна без ападкаў. Вецер прагназуецца паўднёва-ўсходні 3-8 м/с. Тэмпература паветра ноччу складзе ад плюс 11 на поўначы да 19 градусаў вышэй за нуль на поўдні, удзень будзе 27-33 градусы цяпла.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая