RU BY EN 中文
Twitter Instagram

ДАІ Магілёўскай вобласці праводзіць комплекс мерапрыемстваў па папярэджанні ДТЗ з удзелам пешаходаў, веласіпедыстаў і возчыкаў

Дзяржаўтаінспекцыя Магілёўскай вобласці праводзіць Мэтавы комплекс наглядных і прафілактычных мерапрыемстваў па папярэджанні ДТЗ з удзельнікамі дарожнага руху. Узмоцнены кантроль за выкананнем ПДР пешаходамі, веласіпедыстамі і возчыкамі працягнецца да 12 сакавіка, паведамілі карэспандэнту сайта ў ДАІ УУС Магілёўскага аблвыканкама.  

«Самая шматлікая катэгорыя дарожна-транспартных здарэнняў – аварыі з удзелам механічных транспартных сродкаў і пешаходаў, – заўважылі суразмоўцы. – За два месяцы бягучага года ў рэгіёне зарэгістравана 19 такіх ДТЗ. У іх 2 чалавекі загінулі і 18 атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасці».

Па словах спецыялістаў, асноўнымі прычынамі пешаходнага траўматызму сталі парушэнні вадзіцелямі правілаў праезду пешаходных пераходаў. Варта адзначыць, што пешыя ўдзельнікі дарожнага руху таксама не з’яўляліся прыкладам у выкананні ПДР: пераходзілі дарогу ў неўстаноўленых месцах, знаходзіліся на праезджай частцы ў стане алкагольнага ап’янення, не пазначалі сябе ў цемры.

«Больш за палову наездаў на пешаходаў (73,7%) зарэгістравана ў цёмны час сутак, – удакладнілі ў ДАІ. – На неасветленых участках вулічна-дарожнай сеткі ў 2019 годзе адбылося 6 аварый, у якіх пацярпелі пешыя ўдзельнікі дарожнага руху. Часта грамадзяне самі падвяргаюць сябе небяспецы, не выкарыстоўваючы святлоадбіўныя элементы на адзенні».

Супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі пастаянна праводзяць працу па прапагандзе сярод насельніцтва флікераў, за ігнараванне якіх да адміністрацыйнай адказнасці з пачатку года прыцягнута больш за 4,5 тыс. чалавек.

З надыходам вясны на дарогах усё часцей сталі з’яўляцца веласіпедысты. У лютым зводку ДТЗ папоўніў трагічны факт гібелі ў Кіраўскім раёне веласіпедысткі пад коламі легкавога аўто.

Возчыкі гужавога транспарту, таксама як пешаходы і веласіпедысты, павінны строга выконваць ППД. У вячэрні час неабходна зрабіць свой транспарт і сябе прыкметнымі на дарозе, каб не ставіць пад удар аўтамабіля сваё жыццё і здароўе.

ДАІ просіць грамадзян паведамляць у міліцыю (па тэлефоне 102) аб знаходжанні нецвярозых пешаходаў, веласіпедыстаў або возчыкаў гужавога транспарту на праезджай частцы. Такая інфармацыя дапаможа праваахоўнікам аператыўна прыбыць на месца і папярэдзіць магчымую трагедыю.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая