RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Дыплом аб прысваенні звання «Заслужаны майстар спорту Рэспублікі Беларусь» уручыў цяжкаатлетцы Дар’і Навумавай Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды спартсменам і трэнерам па цяжкай атлетыцы. Урачыстая цырымонія адбылася сёння ў Палацы Незалежнасці.

Аляксандр Лукашэнка павіншаваў нацыянальную каманду з паспяховым выступленнем на чэмпіянаце Еўропы 2019 года, які праходзіў у Батумі. Заваявана 19 медалёў, з іх восем у дваябор'і, другое месца ў агульнакамандным заліку. "Проста малайцы!" - пахваліў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы прызнаўся, што ў сілу вялікай занятасці і недахопу часу рэдка сочыць за спаборніцтвамі па цяжкай атлетыцы. Тым не менш нядаўні чэмпіянат Еўропы ў Батумі дзякуючы выступленню беларускіх спартсменаў паглядзеў практычна цалкам. «Таму што вы – малайцы, вы перамаглі, вы змагаліся. Самае галоўнае, што змагаліся і ў вас амаль не было няўдач. Трэнеры – малайцы. Яны выразна планавалі падыходы кожнага спартсмена, ведалі, на што здольны спартсмен. Не скажу, што на 100% вынік паказалі, але блізка да гэтага», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў асаблівую каштоўнасць паспяховага выступлення цяжкаатлетаў на фоне няўдач спартсменаў у іншых відах спорту. «Шчыра кажучы, занадта мала радасці прыносіць у апошні час спорт беларусам, – заўважыў ён. – Але цяжкая атлетыка ўваходзіць у каралі тых відаў спорту, якія прыносяць славу. Гэта вялікі від спорту».

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што ў цяжкай атлетыцы выніку можна дамагчыся толькі коштам велізарных намаганняў. «Ваш від спорту – гэта страшна цяжкі від спорту, самы цяжкі від спорту, такі нудны, дзе трэба ўвесь час змагацца. Добра змагацца ў гульнявых відах спорту, гэта цікава, дынамічна. Але калі ты пастаянна змагаешся з сабой і штангай... І так кожны дзень. Гэта вельмі цяжкі від спорту», – выказаў меркаванне Прэзідэнт. Ён расказаў, што сам у мінулым спрабаваў займацца цяжкай атлетыкай, але пакінуў гэтую спартыўную дысцыпліну. «Шчыра кажучы, гэта не мой від спорту», – прызнаўся Аляксандр Лукашэнка.

Тым не менш Прэзідэнт, безумоўна, сочыць за выступленнямі спартсменаў і ў якасці заўзятара, і з пункту гледжання кіраўніка, ацэньваючы вынік работы спартыўнай галіны. «Мне на чэмпіянаце Еўропы ўсё спадабалася, малайцы. Але планку паднялі высока. Трэнеры перакрэслілі ўсе свае няўдачы», – сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён падкрэсліў, што вельмі патрабавальна ставіцца да трэнераў і тых службовых асоб, якія курыруюць тыя ці іншыя спартыўныя дысцыпліны. «Кожнаму віду спорту трэба ўвага. Не скрываю, патрэбны пэўны адміністрацыйны рэсурс. Трэба стварыць умовы. На жаль, ні ў адной краіне, не толькі ў нас, без гэтага рэсурсу не абысціся», – дадаў Аляксандр Лукашэнка.

За прафесійнае майстэрства, вялікі асабісты ўклад у падрыхтоўку спартсменаў высокага класа, значныя спартыўныя дасягненні Прэзідэнт узнагародзіў медалём «За працоўныя заслугі» старшага трэнера-выкладчыка па цяжкай атлетыцы Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі «Стайкі» Валерыя Сізянка. Дыплом аб прысваенні звання «Заслужаны майстар спорту Рэспублікі Беларусь» Аляксандр Лукашэнка ўручыў цяжкаатлетцы Дар’і Навумавай. Падзяка Прэзідэнта аб’яўлена членам нацыянальнай каманды па цяжкай атлетыцы за паспяховае выступленне на чэмпіянаце Еўропы – галоўным трэнерам Валянціну Кароткіну і Віктару Шаршукову, а таксама спартсменам-інструктарам Генадзю Лапцеву і Яўгену Ціханцову.

Пасля ўручэння ўзнагарод і аб’яўлення падзяк Аляксандр Лукашэнка пагутарыў са спартсменамі і трэнерамі, абмеркаваўшы з імі бягучыя пытанні ў цяжкай атлетыцы, развіцці гэтага віду спорту ў краіне і планы на будучыя старты. Асобная ўвага была ўдзелена ўдзелу беларускіх атлетаў у Алімпійскіх гульнях 2020 года, якія пройдуць у Токіа. «Галоўнае, каб больш спартсменаў паехалі на Алімпіяду. Хацелася б пачуць, як тут ідуць справы», – сказаў прэзідэнт.

Перад сустрэчай з кіраўніком дзяржавы для членаў нацыянальнай каманды была арганізавана экскурсія па Палацы Незалежнасці.

Тэкст - БЕЛТА

Фотаздымкі - афіцыйны інтэрнэт-партал Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая