RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Дзяржаўтаінспекцыя Магілёўскай вобласці ўзмоцніць кантроль за выкананнем вадзіцелямі правілаў праезду скрыжаванняў

Дзяржаўтаінспекцыя Магілёўскай вобласці ўзмоцніць кантроль за выкананнем вадзіцелямі правілаў праезду скрыжаванняў. З 7 па 16 чэрвеня ў рэгіёне пройдзе комплекс наглядных і прафілактычных мерапрыемстваў па папярэджанні дарожна-транспартных здарэнняў на скрыжаваннях дарог, паведамілі ў аддзяленні па агітацыі і прапагандзе ДАІ УУС Магілёўскага аблвыканкама.

Паводле слоў суразмоўцаў, ДТЗ, на жаль, сёння не з’яўляецца рэдкасцю. Акрамя пашкоджанняў транспарту, у аварыях гінуць і траўмуюцца людзі. За 5 месяцаў на тэрыторыі вобласці зарэгістравана 111 ДТЗ, у якіх 13 чалавек загінулаі, 129 атрымала траўмы.

«Такая сітуацыя на дарогах шмат у чым тлумачыцца свядомым парушэннем правілаў дарожнага руху, – адзначылі ў ДАІ. – Назіраючы за паводзінамі вадзіцеляў на дарозе, можна зрабіць высновы, што яны ўсё больш нагадваюць нядбайныя паводзіны дзяцей. Гульні ў «даганялкі» і язда «навыперадкі» сталі звычайнай з’явай для вуліц гарадоў, а што ўжо казаць аб трасах. Фабулы «дарожных» мільгаюць фармулёўкамі: «перавысіў, не прапусціў, адцягнуўся, парушыў». Без сумневу, практычна за кожнай аварыяй стаіць віна пэўнага чалавека. Жыццёвая практыка пастаянна нагадвае пра тое, што любое няправільнае і неабдуманае дзеянне, якое ідзе насуперак закона дарог, рана ці позна можа прывесці да непапраўных наступстваў».

У ДАІ падкрэслілі, што пры кіраванні транспартам неабходна быць вельмі асцярожнымі і канцэнтраваць сваю ўвагу на магчымай небяспецы. Асабліва пры праездзе скрыжаванняў, паколькі часта ДТЗ адбываюцца менавіта на іх.

Дзяржаўтаінспекцыя нагадала аўтамабілістам асноўныя правілы праезду перасячэнняў. Так на скрыжаванні нераўназначных дарог кіроўца транспартнага сродку на другараднай павінен саступіць машыне, якая падыходзіць да яго па галоўнай, незалежна ад кірунку іх далейшага руху. На скрыжаванні нераўназначных дарог варта даць дарогу кіроўцам справа.

Калі скрыжаванне рэгуляванае, выязджаць на яго неабходна толькі пры дазваляльным сігнале святлафора, папярэдне саступіўшы дарогу транспарту, які завяршае рух праз скрыжаванне, і пешаходам, якія не скончылі пераход вуліцы. Аднак у рэальнасці часта адбываецца інакш.

«Калі па якіх-небудзь прычынах вы не можаце вызначыць паслядоўнасць праезду скрыжавання, дзейнічайце так, як калі б знаходзіліся на другараднай дарозе, – адзначылі спецыялісты. – Галоўнае і самае важнае правіла – абавязкова прадастаўляць перавагу тым, хто мае на гэта права. Але калі вы бачыце, што нейкі ліхач імчыць насустрач бядзе, не падстаўляйце пад удар яго аўтамабіля сваё здароўе і жыццё, прапусціце яго, для вас гэта будзе бяспечней. Асобныя вадзіцелі, робячы небяспечны манеўр, проста не задумваюцца аб наступствах у выніку няўдачы. А калі перад пачаткам манеўру уявіць сабе, што будзе, калі вы не паспееце «праскочыць», можа, вам і не захочацца рызыкаваць!».

У аддзяленні па агітацыі і прапагандзе ДАІ УУС Магілёўскага аблвыканкама адзначылі: «Кожнаму пара ўсвядоміць: дарога – не гульня! Яна патрабуе да сябе павагі. І забыўшыся пра гэта, можна развітацца з жыццём. Неабходна зразумець, што праблем стане менш, калі выконваць устаноўленыя для ўсіх правілы. Бо ПДР падказаны шматгадовым вопытам, а не прыдуманыя учора, каб ўскладніць жыццё кіроўцам і пешаходам».

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая