RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Электрыфікацыя дач, дарогі, грамадскі транспарт – Леанід Мартынюк правёў асабісты прыём у Магілёве

Пытанні электрыфікацыі дачных дамоў, стан дарог, транспартныя зносіны вёсак з абласным цэнтрам – з такімі пытаннямі на прыём да памочніка Прэзідэнта – інспектара па Магілёўскай вобласці Леаніда Мартынюка – звярнуліся сёння жыхары Магілёва і Магілёўскай вобласці.

Так, адразу некалькі чалавек прыйшло з пытаннем электрыфікацыі дачных домікаў. Жыхарка аграгарадка Буйнічы расказала, што хацела б ўсталяваць электраацяпленне. Жанчына адзначыла, што гэта б істотна палепшыла ўмовы жыцця на дачы. Аднак у райвыканкаме ёй сказалі, што гэта пытанне практычна невырашальнае. Як адзначыў Леанід Мартынюк, каб усталяваць электраацяпленне ў доме, патрэбны пэўныя дакументы і пэўная пастанова. Таму што ўлік электрычнай энергіі ў садовых таварыствах разлічваецца інакш, а зрабіць для кожнага дачнага дома асобны ўлік – гэта доўгі і складаны працэс. Узнятае пытанне будзе прапрацавана.

Яшчэ дзве жанчыны звярнуліся з пытаннем падвядзення электрычнасці да іх садовага таварыства. Зямлю ад завода людзі атрымалі яшчэ ў 1993 годзе, ім паабяцалі, што ў будучым тут правядуць усе інжынерныя сеткі. «І за столькі гадоў на нашых дачах не з’явілася электрычнасць. Пытанне з вадой мы вырашылі самастойна, а са святлом так не атрымліваецца. Мы гатовы ўдзельнічаць у гэтай працы», – падзяліліся грамадзяне.

Як адзначыў Леанід Мартынюк, гэта пытанне патрабуе дэталёвага разгляду на некалькіх узроўнях, у тым ліку Міністэрства энергетыкі.

Жыхарка вёскі Старое Пашкава прыйшла з просьбай прывесці ў парадак дарогу ў населеным пункце – усяго 600 м. Яна вядзе да канчатковага прыпыначнага пункта грамадскага транспарту. І гэта дарога – адзіная сувязь населенага пункта з горадам. Жанчына расказала, што ў дрэннае надвор’е там немагчыма хадзіць: гліністая зямля ператвараецца ў глейкі бруд. Жыхары Старога Пашкава звярталіся да дарожнікаў, аднак тыя сказалі, што дарога не ўключана ў сетку мясцовых дарог, таму яе не абслугоўваюць. Леанід Мартынюк адзначыў, што асабіста паглядзіць стан дарогі і паспрабуе дапамагчы ў вырашэнні праблемы.

Дзве жыхаркі вёскі Севасцянавічы прыйшлі з праблемай яе транспартных зносін з горадам. Вёска знаходзіцца недалёка ад абласнога цэнтра – усяго за 10 км. «Раней у нашу вёску двойчы на дзень заязджаў рэйсавы аўтобус, які ідзе на Вялікія Бялевічы. А пасля таго як з’явілася маршрутнае таксі, якое стала ездзіць па гэтым жа маршруце, аўтобус стаў ездзіць пусты, яго расклад скарэктавалі, і ён стаў нязручным для жыхароў нашай вёскі», – расказалі жанчыны.

«У вырашэнні пытання з грамадскім транспартам важна ўлічваць меркаванні жыхароў усіх найбліжэйшых населеных пунктаў, – падкрэсліў памочнік Прэзідэнта. – Таму мы вывучым сітуацыю з грамадскім транспартам і паглядзім, чым можам дапамагчы».

«Важна, што на такіх прыёмах людзі ўздымаюць пытанні не толькі добраўпарадкавання, якія звычайна іх хвалююць, але яшчэ і глабальныя пытанні, якія патрабуюць істотных змен у заканадаўстве і над якімі давядзецца працаваць нават не адзін месяц. У прыватнасці, было ўзнята пытанне аб электрыфікацыі дачных участкаў. Безумоўна, ёсць прарэхі ў заканадаўстве, якія неабходна мяняць і знаходзіць кансэнсус, які зручны для жыхароў і знаходзіцца ў межах заканадаўчага поля, – падкрэсліў Леанід Мартынюк. – Асабісты прыём заўсёды важны, бо гэта жывыя зносіны. Часам людзі прыходзяць не толькі выказацца, падзяліцца сваім нейкім набалелым пытаннем і знайсці яго рашэнне, але і проста пагаварыць, падзякаваць мясцовым уладам за працу».

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая