«На працягу апошніх трох гадоў урад прымае каласальныя намаганні для таго, каб падтрымаць інвестыцыйную актыўнасць. Вынікі добрыя. Але на гэтым спыняцца нельга. Неабходна прымаць намаганні для далейшага стымулявання рэалізацыі інвестыцыйных праектаў, - такой думкай падзялілася намеснік Міністра эканомікі Беларусі Алена Балігатава ў час семінара для дзелавых колаў Магілёўскай вобласці.
Мерапрыемства для прадстаўнікоў улады і бізнесу адбылося сёння ў Магілёўскім аблвыканкаме.
Галоўнай тэмай сустрэчы стала шырокае асвятленне існуючых інвестыцыйных магчымасцей з улікам навацый Закона Рэспублікі Беларусь ад 12 ліпеня 2013 года нумар 53-3 «Аб інвестыцыях».
Абноўленая рэдакцыя Закона «Аб інвестыцыях» набыла моц у мінулым годзе. Цяпер гэта адзін кансалідаваны дакумент. Яго асноўная перавага - нягледзячы на тое, што ён дастаткова вялікі, не трэба звяртацца ў дзесяткі розных нарматыўна-прававых актаў. Закон увабраў у сябе ўсе рэгулятары, якія існуюць у вобласці падтрымкі інвестыцыйных праектаў. У ім ёсць агульная афіцыйная частка, і калі яго чытаць пад пэўную сваю мэту, то дастаткова лёгка чытаецца і ўспрымаецца. Сёння задача прадстаўнікоў дзяржаўнай улады данесці да зацікаўленых людзей тое, што канкрэтна гэты дакумент прадугледжвае.
«Кожная вобласць сёння ў краіне працуе над тым, каб «за руку» суправаджаць буйныя, сярэднія і малыя інвестыцыйныя праекты. Таму што інвестыцыі - гэта тая апора, якая забяспечыць устойлівае эканамічнае развіццё на доўгатэрміновы перыяд, - падкрэсліла Алена Балігатава. - Менавіта таму дзяржава пільную ўвагу ўдзяляе пытанню: як падтрымаць інвестыцыі, якія могуць быць інструменты, што трэба сёння бізнесу, суб'ектам гаспадаркі, каб развіваць інвестыцыйную дзейнасць.
Штогод, пачынаючы з 2020-га, мы бачым зменлівыя ўмовы, і гэта часам прымушае бізнес дыстанцыявацца ад інвестыцый, ад распрацоўкі доўгатэрміновых стратэгій, якія прадугледжвалі рэалізацыю інвестыцыйных праектаў. Але адклаўшы сёння праект можна да яго ўжо не падступіцца. Таму наша задача сёння (органаў дзяржаўнай улады, міністэрствы эканомікі заўв.) даць глебу для таго, каб інвестар адчуваў сябе ўпэўнена на беларускай зямлі.
У сваю чаргу намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Руслан Страхар зазначыў, што ў Магілёўскай вобласці заўсёды праводзіцца актыўная работа па абмене думкамі з прадстаўнікамі бізнесу, а таксама па суправаджэнні бізнес-праектаў: «Кожны з рэгіёнаў пацвердзіць, што любое пачынанне бізнесу намі падтрымліваецца і суправаджаецца. Разам з тым мяняецца заканадаўства, з'яўляюцца новыя механізмы і сёння мы яшчэ раз павінны іх разам абмеркаваць».
Дырэктар нацыянальнага агенцтва інвестыцый і прыватызацый Дзмітрый Красоўскі, у задачы якога ўваходзіць паўнацэннае суправаджэнне інвестараў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь як замежных, так і айчынных, расказаў, якая ў Беларусі ажыццяўляецца падтрымка інвестыцыйнай актыўнасці.
Дарэчы, у агенцтва ёсць сайт і дарожная карта фундатараў, а таксама інвестыцыйны гід, у якім сабрана ўся патрэбная і карысная інфармацыя.
Яшчэ адным спікерам выступіла галоўны спецыяліст упраўлення кліенцкага менеджменту ААТ «Банк развіцця Рэспублікі Беларусь» Галіна Царыкава. Яна падрабязна расказала аб механізмах фінансавай падтрымкі рэальнага сектара эканомікі.
Варта адзначыць, што сёння ААТ «Банк развіцця Рэспублікі Беларусь» з'яўляецца адным з магістральных інструментаў дзяржавы ў падтрымцы інвестыцыйных праектаў, рэалізуючы і фінансуючы амаль большасць праектаў і ініцыятывы «Адзін раён - адзін праект», а таксама імпартазамяшчальных праектаў.
Аб прэферэнцыйных інвестпраектах, іх перавагах для бізнесу, сферы і асноўных умовах прымянення расказаў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення інвестыцыйнай палітыкі - начальнік упраўлення дзяржаўнай палітыкі па прыцягненню інвестыцый Міністэрства эканомікі Аляксандр Адзінец.
З выступлення спікера заўважна, што інструменты падтрымкі настолькі разнастайныя, што кожны можа разгледзець свой варыянт: ад вельмі буйных праектаў, якія Міністэрства эканомікі прадугледжвае рэалізоўваць у рамках інвестдагавораў Рэспублікі Беларусь. Напрыклад, выпісаць умовы для інвестара, прадугледзеўшы аж да кампенсацыі затрат на інжынерныя структуры. Паколькі буйныя інвестыцыйныя праекты патрабуюць значных інвестыцый у інфраструктурныя элементы.
Ніжэй узровень - гэта прэферэнцыйныя праекты. З імі крыху прасцей: адпрацаваць з аблвыканкамам, уключыцца ў пералік такіх праектаў, і атрымаць тыя льготы і прывілеі, якія прадугледжваюцца.
Аб бюджэтным трансферы на кампенсацыю часткі затрат па інвестыцыйных праектах: патрабаваннях да праектаў, умовах атрымання расказаў намеснік начальніка ўпраўлення фінансавага аналізу галоўнага ўпраўлення метадалогіі і каардынацыі дзяржаўных праграм Міністэрства эканомікі Дзмітрый Коган.
Бюджэтны трансфер - гэта абсалютна новы інструмент - такога яшчэ не было ў краіне. Па сутнасці - гэта інвестыцыйны кешбэк. Калі інвестыцыйны праект скончылі, выканалі ўсе першапачаткова прадугледжаныя ўмовы, дзяржава з рэспубліканскага бюджэту кампенсуе да 35% інвестзатрат, у залежнасці ад раёна, дзе праект размешчаны.
Па словах прадстаўнікоў Міністэрства эканомікі, дзяржава хоча падтрымліваць менавіта рэгіёны, а ў рэгіёнах тыя раёны, дзе сёння ёсць патэнцыял, але яшчэ трэба прымаць намаганні для развіцця гэтага патэнцыялу. Пры гэтым аграрныя раёны могуць атрымаць максімальны трансфер да 35%, а на тэрыторыях з больш высокім сацыяльна-эканамічным развіццём - да 10%.
Завяршыла семінар выступленне начальніка галоўнага ўпраўлення інвестыцыйнай палітыкі Міністэрства эканомікі Ірыны Калянчак з тэмай аб асобных інструментах падтрымкі інвестыцый. Такіх як: «Рэгіянальная ініцыятыва», прамысловая іпатэка, прамысловыя паркі.
Ірына Калянчак расказала, у што ператварылася ініцыятыва «Адзін раён – адзін праект», як трансфармавалася сёлета і стала рэгіянальнай ініцыятывай, падзялілася і падыходамі, якія Міністэрства эканомікі закладвае пры разглядзе праектаў, пачынаннямі, новымі напрацоўкамі, ідэямі аб тым, як яшчэ падтрымаць інвестыцыі.
Пасля ўсіх прэзентацый быў прадугледжаны час для асобных пытанняў і адказаў.
«У Міністэрстве эканомікі гатовы і рады будуць падтрымаць інвестараў, якія хочуць пачаць інвестыцыйны праект», - падсумавала намеснік Міністра эканомікі Беларусі Алена Балігатава.
Галіна Гаўрыловіч, фота аўтара
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
14.04.2025 - 11:50
Змяненні ў пенсійным забеспячэнні для некаторых катэгорый грамадзян уступяць у сілу з 1 мая
10.04.2025 - 16:55
Экалогія і разумная эканоміка. Форум па ўстойлівым развіцці праходзіць у Магілёўскай вобласці
09.04.2025 - 11:38
Як акумулююцца заробленыя на рэспубліканскім суботніку грошы? Мінфін устанавіў парадак