RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Інвестыцыйныя праекты, якія плануюцца да рэалізацыі ў вобласці, разгледзелі ў Магаблвыканкаме

Рабочую нараду па інвестпраектах і пераліку інвестараў рэгіёна правёў сёння старшыня Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта Анатоль Ісачанка. У рэжыме відэаканферэнцсувязі ўдзел у пасяджэнні прынялі першы намеснік міністра эканомікі Юрый Чабатар, старшыні гаррайвыканкамаў, іншыя зацікаўленыя асобы.

«Кіраўніком дзяржавы, урадам дадзены шэраг даручэнняў па стварэнні ў кожным раёне перспектыўных, экспартна-арыентаваных вытворчасцяў з колькасцю 100–150 чалавек, заработнай платай вышэйшай за сярэднюю па відзе эканамічнай дзейнасці, а таксама выпускам прадукцыі з высокай дабаўленай вартасцю. Гэта павінны быць сучасныя прадпрыемствы, – адзначыў Анатоль Ісачанка. – Каб людзі зараблялі грошы, а рэгіён атрымліваў падаткі, развіваўся, неабходна высокаэфектыўная вытворчасць, адзін з кірункаў развіцця якой – інвестыцыі».

На нарадзе разгледзелі інвестыцыйныя праекты, якія плануюцца да рэалізацыі ў вобласці ў найбліжэйшыя тры гады.

«Цяпер стаіць задача па запуску новага інвестыцыйнага цыкла ў цэлым па краіне. Тычыцца яна і Магілёўшчыны. І ў гэтай сувязі мы павінны выразна разумець наяўнасць інвестыцыйных праектаў у раёнах. Паколькі для нас важна, як забяспечыць раўнамернае развіццё рэгіёна, так і пазначыць цэнтры, якія стануць вядучымі, – падкрэсліў намеснік старшыні аблвыканкама Руслан Страхар. – Таму плануецца рэалізаваць у кожным раёне мінімум адзін-два праекты, а ў буйных гарадах, як Магілёў і Бабруйск, каля шасці буйных і больш дробных праектаў.

У сённяшняй, пастаянна зменлівай сітуацыі ў свеце, вельмі важна своечасова пераарыентавацца з улікам тэндэнцый, якія складаюцца ў эканоміцы, у тым ліку – суседніх краін. Напрыклад, калі не так даўно былі запатрабаваныя праекты ў сферы дрэваапрацоўкі, то сёння, у сувязі з закрыццём еўрапейскага рынку, гэта сфера патрабуе дадатковай прапрацоўкі. Разам з тым, мы бачым ўзрослы попыт на сельскагаспадарчую прадукцыю, а гэта значыць, што ў аграрнай сферы адкрыліся магчымасці для новых ідэй і інвестыцыйных праектаў, якія мы маем намер у найбліжэйшы час рэалізаваць. Яны датычацца як развіцця раслінаводства, так і жывёлагадоўлі. У нас маецца цэлы шэраг напрацовак. Наша задача цяпер – вызначыць крыніцы фінансавання, працоўныя рэсурсы, месца рэалізацыі і запусціць новы інвестыцыйны цыкл».

Як адзначыў у сваім выступленні Руслан Страхар, неаднаразова на пасяджэннях аблвыканкама, пры падвядзенні вынікаў сацыяльна-эканамічнага развіцця гэтаму пытанню надавалася асаблівая ўвага. У рашэннях Магаблвыканкама даваліся адпаведныя даручэнні. Стан інвестыцыйнай дзейнасці, праблемныя пытанні, прапановы па прыняцці мер для своечасовай рэалізацыі праекта разглядаюцца на пастаяннай аснове ў межах рабочых сустрэч, а таксама на пасяджэннях абласной камісіі па інвестыцыйных дагаворах і рабочай групы Мінэканомікі па пытаннях інвестыцыйнай дзейнасці, якія праводзяцца штомесяц. Таксама данае пытанне асобна выносілася на калегію камітэта эканомікі аблвыканкама ў пачатку чэрвеня гэтага года.

У бягучым годзе назіраецца станоўчая дынаміка па росце інвестыцый у асноўны капітал. Так за студзень-красавік 2022 года на развіццё эканомікі сацыяльнай сферы выкарыстана звыш Br644 млн інвестыцый, што ў супастаўных цэнах склала 109,7% да аналагічнага перыяду мінулага года. Амаль палову інвестыцый сфарміравалі будаўніча-мантажныя работы, аб’ём якіх – Br291 млн, тэмп росту – 110,3%.

У мэтах выканання даручэння кіраўніка дзяржавы па запуску новага інвестыцыйнага цыкла была распрацавана канцэпцыя рэгіянальнага развіцця, куды ўвайшлі 23 найважнейшыя інвестыцыйныя праекты, што рэалізуюцца ў Магілёўскай вобласці.

Усяго ў 2022 годзе на тэрыторыі вобласці запланавана рэалізацыя 94 інвестыцыйных праектаў, з укладаннем у бягучым годзе інвестыцый у суме Br440 млн. Асобныя праекты трэба будзе прааналізаваць і скарэктаваць у адпаведнасць з бягучай сітуацыяй.

Юлія Таранава, фота Галіны Гаўрыловіч

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая