RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Кацельню на шчапе плануе пабудаваць «ВМГ Індустры» ў Магілёўскім раёне

Кацельню на шчапе плануюць пабудаваць на тэрыторыі прадпрыемства «ВМГ Індустры» ў Магілёўскім раёне. Пра гэта расказаў дырэктар ЗТАА «ВМГ Індустры» Кірыл Выбарны.

«Гэтае прадпрыемства – вертыкальна інтэграваны дрэваапрацоўчы комплекс: тут драўніна праходзіць увесь шлях ад сыравіны да гатовага прадукту. Неабходнасць у кацельні з’явілася з прычыны павелічэння магутнасцяў і мадэрнізацыі вытворчасці гнутаклееных вырабаў. Мы зможам стварыць больш за 70 новых працоўных месцаў. Сума інвестыцый будзе каля 14,5 млн еўра. З’яўленне кацельні дазволіць зрабіць наша прадпрыемства па сутнасці безадходным. Таму што ўсе рэшткі: шчапа, кара – будуць выкарыстоўвацца ў якасці паліва», – адзначыў дырэктар.

«ВМГ Індустры» размяшчаецца ў свабоднай эканамічнай зоне Магілёў. Тут размешчана яшчэ некалькі буйных вытворчасцяў. Жыхароў найбліжэйшых населеных пунктаў і горада Магілёва хвалюе экалагічны стан мясцовасці пасля пашырэння вытворчасці. Паводле слоў Кірыла Выбарнага, пытанням экалогіі спецыялісты надаюць асаблівую ўвагу.

«Большая частка нашай прадукцыі, каля 95%, – гэта экспарт. Мы супрацоўнічаем з вядучымі прадпрыемствамі Еўропы, яны прад’яўляюць высокія патрабаванні да якасці пастаўляемай прадукцыі. Акрамя таго, наша вытворчасць рэгулюецца жорсткімі стандартамі – не толькі беларускімі, але і міжнароднымі. Нам трэба падтрымліваць высокую якасць прадукцыі і мінімальнае ўздзеянне на навакольнае асяроддзе, каб вытрымліваць канкурэнцыю на знешнім рынку», – адзначыў дырэктар.

У аграгарадку Вейна прайшло грамадскае абмеркаванне будучага будаўніцтва. Для сустрэчы і канструктыўнага дыялога з насельніцтвам прыйшлі прадстаўнікі «ВМГ Індустры», эколагі, інжынеры, прадстаўнікі Магілёўскага райвыканкама і Вейнянскага сельсавета. Галоўная мэта – не толькі расказаць, але і растлумачыць, што чакае жыхароў пасля пашырэння вытворчасці і з’яўлення кацельні на шчапе.

«Плануемая кацельня – адкрытага выканання. Усё абсталяванне, неабходнае для яе, мае сертыфікаты адпаведнасці якасці Рэспублікі Беларусь. Гэта будуць тэрмамасляныя катлы на драўняным паліве літоўскай вытворчасці. Выкіды такія ж, як і ад газавага паліва, адзінае адрозненне – цвёрдыя часціцы. Для гэтага праектам прадугледжана ўстаноўка мультыцыклонаў, электрафільтраў. Прадумана газаачыстка і рэагентная ачыстка па аксіду азоту. Гэта дадатковыя меры. Пастаўшчык кацельнага абсталявання гарантуе паказчыкі па выкідах значна ніжэйшыя, чым устаноўленыя рэспубліканскімі нарматывамі. Аднак дырэкцыяй «ВМГ Індустры» была прынята пастанова аб неабходнасці дадатковых ачышчальных сістэм, каб знізіць экалагічную нагрузку ў раёне», – расказала эколаг праекта ТДА «Энэка» Алена Сакалоўская.

Як адзначылі спецыялісты, для стварэння кацельні на шчапе кіраўніцтвам былі закансерваваны тры кагенерацыйныя ўстаноўкі на газе. Пасля з’яўлення новай крыніцы электра- і цеплаэнергіі гэтыя ўстаноўкі не выгадныя, паколькі іх валавы выкід вышэйшы, чым праектны ад кацельні. На гэты момант колькасць атмасферных забруджванняў «ВМГ Індустры» складае менш за 4% ад усіх заводаў, размешчаных у СЭЗ Магілёў.

Жыхар аграгарадка Вейна Андрэй ужо больш пяці гадоў працуе ў «ВМГ Індустры». «У новай кацельні няма нічога страшнага, бо палівам для яе будуць адходы драўніны. Гэта амаль тое ж самае, што звычайная печка ў вясковым доме, толькі вялікіх маштабаў. Як мне здаецца, звыклыя нам печкі таксама даюць пэўныя выкіды ў атмасферу. Тут жа будуць устаноўлены сістэмы ачысткі сусветных стандартаў. Я не думаю, што жыхары Вейна або найбліжэйшых населеных пунктаў адчуюць на сабе наступствы працы кацельні на прадпрыемстве», – лічыць мужчына.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая