RU BY EN 中文
Twitter Instagram

«Кожнаму пацыенту вы аддаяце часцінку сваёй душы». У Магілёве ўшаноўвалі медработнікаў рэгіёну

Быць медыцынскім работнікам значыць усяляць у сэрцы людзей надзею, аддаючы пры гэтым кожнаму пацыенту часцінку сваёй душы. З такіх слоў пачалося сёння ў Магілёве ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае Дню медыцынскіх работнікаў, якое прайшло ў Палацы культуры вобласці.

У Палацы культуры вобласці сабраліся найлепшыя прадстаўнікі, ветэраны і маладыя спецыялісты сферы аховы здароўя.

Намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый Малашка зачытаў медыкам Магілёўшчыны словы віншавання ад губернатара рэгіёна Анатоля Ісачанкі. «Служэнне медыцыне - ганаровая, высакародная і адказная задача. Быць медыцынскім работнікам значыць усяляць у сэрцы людзей надзею, аддаючы пры гэтым кожнаму пацыенту часцінку сваёй душы. У вас складаная місія - увесь час быць гатовым прыйсці на дапамогу, самааддана прытрымлівацца свайго прафесійнага абавязку. Гэта патрабуе вялізных сіл, энергіі, чуласці. Але вынік вашай працы - сотні выратаваных жыццяў. І гэта апраўдвае ўсе намаганні. У вашых руках самае каштоўнае - чалавечыя жыцці, - гаварылася ў віншаванні. - Сёння шмат робіцца для павышэння даступнасці і якасці аказання медыцынскай дапамогі насельніцтву. Праводзіцца рэканструкцыя дзейных і будаўніцтва новых аб'ектаў сферы аховы здароўя, закупляецца сучаснае медыцынскае абсталяванне».

Ад сябе намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама дадаў, што ганарыцца тым, што яго прафесійны шлях заўсёды быў звязаны з сістэмай аховы здароўя. «Я рады, што заўсёды на маім шляху сустракаліся самыя адданыя, самыя працавітыя калегі. Я заўсёды мог разлічваць на плячо кожнага з вас, - звярнуўся ён да прысутных. - Сапраўды, цяпер дастаткова складаны час для сістэмы аховы здароўя, (час. - Заўвага БЕЛТА) для таго, каб мы з вамі асэнсавалі пройдзены шлях, скарэкціравалі нашы мэты і задачы. Высокае патрабаванне кіраўніка дзяржавы зрабіць медыцыну больш даступнай апраўдана. Апраўдана часам, тымі ўкладаннямі, тым сур'ёзным вонкавым становішчам, якое складаецца вакол. І, канешне, сёння кожны з нас павінен зрабіць усё для таго, каб высокае званне медыцынскага работніка ніякім чынам не азмрочылася».

Валерый Малашка ўручыў ганаровыя граматы Міністэрства аховы здароўя, падзякі міністра, а таксама ганаровыя граматы і падзякі аблвыканкама, нагрудныя знакі медыкам. Усяго ўзнагароды атрымалі больш за 65 чалавек.

Сярод узнагароджаных - урач-хірург 2-га хірургічнага аддзялення Магілёўскай гарадской бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі Сяргей Красноў. Ён расказаў аб тым, што работа хірургаў не мае ні выхадных, ні свят. «Мы працуем кругласутачна, без святаў і выхадных, вядзём пастаянны прыём пацыентаў як з нашага горада, так і іншагародніх - нікому не адмаўляем. Хірургія - гэта аснова дзейнасці нашай бальніцы, гэта пастаянныя, штодзённыя і начныя аперацыі. Мы стараемся выконваць іх на максымальна сучасным узроўні. Галоўная задача - выратаванне жыццяў. Але і аб якасці меддапамогі мы таксама думаем, нам важна, каб людзі адыходзілі ад нас задаволеныя аказанай дапамогай і здаровыя», - падзяліўся ён.

Урач расказаў і пра тое, што такое прафесійны рост хірурга. «Гэта ўдасканаленне і выкананне ім больш складаных аператыўных умяшанняў. На сённяшні дзень на базе нашай бальніцы мы праводзім ужо курсы сумесна з Гомельскім медыцынскім універсітэтам. Да нас прыязджаюць хірургі з Гомельскай вобласці, раённых бальніц. І ўсе застаюцца задаволеныя. Ёсць куды прыехаць і чаму павучыцца. Яны застаюцца здзіўлены высокім узроўнем праводжаных у нас лапараскапічных умяшанняў. Але заўсёды ёсць, да чаго імкнуцца», - адзначыў ён.

Сёння ўзнагароду атрымаў урач - траўматолаг-артапед траўматалагічнага аддзялення Магілёўскай гарадской бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі Уладзімір Кібінь. Ён адзначыў, што іх сфера пастаянна развіваецца, у работу траўматолагаў-артапедаў пастаянна ўкараняюцца новыя тэхналогіі. «І тут мы ідзем у нагу з часам. Цяпер у шпіталі будуецца новы корпус, а значыць, у будучыні ў нас з'явяцца новыя магчымасці для аказання яшчэ больш якаснай дапамогі пацыентам», - разважае медык.

Працягнулася святочнае мерапрыемства яркім канцэртам.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая