RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Мабільныя пункты абагравання разгорне Чырвоны Крыж у месцах вадохрышчанскіх купанняў у Магілёўскай вобласці

Магілёўская абласная арганізацыя Чырвонага Крыжа разгорне 18 і 19 студзеня ў месцах вадохрышчанскіх купанняў мабільныя пункты абагравання. Пра гэта расказаў старшыня рэгіянальнай арганізацыі Андрэй Мартыноўскі.

«На адкрытых вадаёмах рэгіёну, дзе арганізавана вадохрышчанскае купанне, будуць дзяжурыць нашы валанцёры - раздаваць гарачую гарбату, пры неабходнасці быць гатовымі да аказання першай медыцынскай дапамогі, - падкрэсліў Андрэй Мартыноўскі. - На некаторых аб'ектах з'явяцца мабільныя пункты абагравання. Напрыклад, у Магілёве яны размесцяцца ў месцы купання на Пячэрскім возеры, куды з году ў год на свята прыходзяць каля 2 тыс. чалавек. Тут усталююць дзве палаткі з цеплавымі гарматамі, каб людзі змаглі пабыць у цяпле і пазбегнуць пераахаладжэння».

Па словах старшыні абласной арганізацыі, такая праца на свята Вадохрышча праводзіцца штогод і людзі з падзякай прымаюць гэтую дапамогу і ўвагу. «Зіма - асаблівы час, бо валанцёры Чырвонага Крыжа мабілізуюць свае сілы пры надыходзе халадоў, - падкрэсліў Андрэй Мартыноўскі. - Пры 15 градусах марозу і ніжэй мы ўстанаўліваем у месцах масавага знаходжання людзей (напрыклад, паблізу прыпынкаў) пункты абагравання, раздаём гарачую гарбату, арганізуем дзяжурства па аказанні першай дапамогі. Асобную ўвагу ў гэты перыяд надаем аўтааматарам, якія знаходзяцца на трасах».

Сёлета ў Магілёўскай вобласці купанне на Вадохрышча будзе арганізавана ў 33 спецыяльна абсталяваных месцах. Акунуцца ў вадохрышчанскую ваду змогуць жыхары ўсіх раёнаў вобласці, а таксама Магілёва і Бабруйска. Месцы будуць арганізаваны як на адкрытых вадаёмах на базе выратавальных станцый, так і ў спецыяльна абсталяваных купелях. Паводле інфармацыі МНС, у Магілёве вернікі змогуць акунуцца на Пячэрскім возеры і Грабянёўскім вадасховішчы (Святое возера). Жыхары Магілёўскага раёна - у купелі ў аграгарадках Палыкавічы і Сухары, а таксама ў вёсцы Дубінка.

Спецыялісты адзначаюць, што акунацца ў палонку трэба вельмі асцярожна, бо кантраст тэмператур цела і халоднай вады можа стаць прычынай спазмаў. Каб не падвяргаць сваё жыццё небяспецы, работнікі МНС і АСВОД заклікаюць рабіць гэта ў спецыяльна адведзеных месцах. Перад купаннем ні ў якім разе нельга ўжываць алкаголь. Не рэкамендуецца акунацца ў палонку людзям, якія маюць цяжкія хранічныя захворванні, для якіх небяспечная рэзкая тэмпературная нагрузка. Знаходжанне ў вадзе павінна быць кароткачасовым: загартаванаму чалавеку лепш быць там не больш за 1 хвіліну, непадрыхтаванаму - не больш за 30 секунд. Пасля апускання неабходна хутка расцерціся ручніком, надзець сухое цёплае адзенне і па магчымасці выпіць гарачага чаю.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая