RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Магілёўская вобласць далучылася да рэспубліканскай акцыі ДАІ «Беражыце дзяцей!»

Наш рэгіён далучыўся да рэспубліканскай акцыі ДАІ «Беражыце дзяцей!», якая будзе працягвацца да 15 сакавіка і накіравана на папярэджанне дзіцячага дарожна-транспартнага траўматызму. Пра гэта паведамілі ў УДАІ УУС Магілёўскага аблвыканкама.

За 2018 год на дарогах рэгіёна з удзелам непаўналетніх адбылося 55 дарожна-транспартных здарэнняў: 2 падлеткі загінулі, 58 дзяцей атрымала траўмы.

«Паважаныя бацькі! Дзяржаўтаінспекцыя настойліва рэкамендуе вам кантраляваць вольны час непаўналетніх. Памятайце: каб не здарылася бяды, неабходна штодня нагадваць сваім дзецям аб бяспечным пераходзе дарогі, – падкрэслілі суразмоўцы. – Абгаварыце з дзецьмі ўсе маршруты іх перамяшчэнняў, растлумачце, што бяспечней за ўсё перасякаць праезджую частку па пешаходных пераходах, бо менавіта там кіроўцы больш уважлівыя і чакаюць з’яўлення пешаходаў на дарозе. Нагадайце пра тое, што дарогу трэба пераходзіць толькі на зялёны сігнал святлафора, пры гэтым абавязкова пераканаўшыся ў сваёй бяспецы (паглядзеўшы налева, паглядзеўшы направа). Таксама не варта перабягаць дарогу перад машынай, якая едзе. Пачакайце: хай яна праедзе. Кіроўца можа не паспець затармазіць, а вы можаце нечакана ўпасці, стварыўшы тым самым аварыйна-небяспечную сітуацыю».

Таксама не варта забываць аб правілах паводзін на прыпынках грамадскага транспарту: на краі тратуара стаяць небяспечна. Перш чым пераходзіць на процілеглы бок вуліцы, варта дачакацца, пакуль аўтобус ці тралейбус пакіне прыпынак.

Пры прагулках у двары трэба звяртаць увагу дзяцей на аўтамашыны, якія не рухаюцца: выхад з-за іх на дарогу можа быць небяспечным і скончыцца бядой.

У прыцемках кіроўцы могуць не заўважыць дзіця, таму, па магчымасці, варта апранаць яркую вопратку, а лепш за ўсё мець на ёй святлоадбівальнікі-флікеры, якія дапамагаюць «высвеціць» пешаходаў на дарозе ў цёмны час сутак. Пры іх наяўнасці кіроўца бачыць чалавека за 150 метраў, без святловяртальніка – усяго за 30 м.

«Бацькі! Вы для дзіцяці заўсёды з’яўляецеся аўтарытэтам і прыкладам у выкананні правілаў. Ад таго, як вы навучыце свайго дзіцяці паводзіць сябе на дарозе, залежаць ваш спакой і яго бяспека», – адзначылі суразмоўцы.

Без сумневу, асноўная роля ў забеспячэнні дзіцячай дарожнай бяспекі належыць кіроўцам. Ніколі не варта забываць аб тым, што кіроўца на дарозе павінен быць прафесіяналам, паважаць знак «Дзеці». Заўсёды зніжаць хуткасць, незалежна ад таго, бачныя дзеці або не. Кіравацца прынцыпам: чым горшы агляд, тым ніжэйшая павінна быць хуткасць. Пры праездзе па дваровых тэрыторыях улічваць звычку дзятвы выбягаць з-за машын. І памятаць, што пры пад’ездзе да пешаходных пераходаў неабходна загадзя зніжаць хуткасць і заўсёды саступаць дарогу пешаходам.

Не варта забываць аб бяспецы дзяцей-пасажыраў. Бо нярэдка дзіця ў аўтамабілі становіцца закладнікам халатнасці чалавека за рулём.

Перавозіць дзяцей у легкавым аўтамабілі, абсталяваным рамянямі бяспекі, неабходна з выкарыстаннем:

– дзіцячых утрымлівальных прылад, якія адпавядаюць вазе і росту дзіцяці – для дзяцей ва ўзросце да 5-ці гадоў;

– дзіцячых утрымлівальных прылад, якія адпавядаюць вазе і росту дзіцяці, іншых сродкаў (бустараў, спецыяльных падушак для сядзення, дадатковых сядзенняў), якія дазваляюць бяспечна прышпіліць дзіця з дапамогай рамянёў бяспекі, прадугледжаных канструкцыяй транспартнага сродку, – для дзяцей ва ўзросце ад 5 да 12-ці гадоў.

Дапускаецца перавозіць дзяцей да 12 гадоў без спецыяльных прылад, калі рост дзіцяці вышэйшы за 150 см, а таксама ў таксі.

Забараняецца перавозка дзяцей на пярэднім сядзенні аўтамабіля з выкарыстаннем дзіцячых утрымлівальных прылад, якія адпавядаюць вазе і росту дзіцяці і спінка якіх разгорнута да лабавога шкла транспартнага сродку, калі пярэдняе сядзенне мае падушку бяспекі, за выключэннем выпадку, калі механізм франтальнай падушкі бяспекі адключаны.

Перавозка дзіцяці ва ўзросце да 12-ці гадоў на каленях у паўналетняга пасажыра, прышпіленага рамянём бяспекі на заднім сядзенні, забаронена.

За невыкарыстанне дзіцячай утрымлівальнай прылады ў выпадках, калі яно абавязкова, прадугледжаны штраф у памеры да 4 базавых велічынь. У выпадку паўторнага такога парушэння на працягу года прадугледжаны штраф у памеры ад 2 да 8 базавых велічынь.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая