RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Магілёўская вобласць і Аўстрыя маюць намер развіваць эканамічнае супрацоўніцтва

Развіццё эканамічнага супрацоўніцтва паміж Магілёўскай вобласцю і Аўстрыяй было сёння ў цэнтры ўвагі на сустрэчы старшыні аблвыканкама Леаніда Зайца і Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Аўстрыі ў Беларусі Алаізіі Вергетэр.

Бакі адзначылі станоўчую дынаміку ў знешнеэканамічнай дзейнасці і неабходнасць пашырэння ўзаемавыгадных адносін. Яны будуць садзейнічаць развіццю тэрыторый і ўмацаванню дружбы паміж народамі дзвюх краін.

Паводле слоў Леаніда Зайца, у рэгіёне дзейнічае 8 кампаній з аўстрыйскім капіталам, чатыры з іх знаходзяцца ў СЭЗ «Магілёў». Толькі рэзідэнтамі СЭЗ з аўстрыйскімі інвестыцыямі ўкладзена ў праекты больш за 400 млн еўра, а сумарны аб’ём іх экспарту за 2018 год склаў $ 205 млн. «Аўстрыйскі бізнес у рэгіёне працуе паспяхова і дынамічна развіваецца. І гэтаму садзейнічаюць створаныя ў галіне спрыяльныя ўмовы для інвестараў, – адзначыў губернатар. – Мы гатовыя паглыбляць і пашыраць наша супрацоўніцтва, і ў нас для прадстаўнікоў дзелавых колаў Аўстрыі ёсць шэраг прапаноў па рэалізацыі сумесных праектаў з выкарыстаннем беларускай сыравіны. У прыватнасці, гэта тычыцца перапрацоўкі драўніны, стварэння вытворчасцей мэблевай фурнітуры і металаканструкцый, вытворчасці і перапрацоўкі ялавічыны».

Кіраўнік вобласці звярнуўся за садзейнічаннем да дыпламата, каб прыцягнуць да ўдзелу ў міжнародным інвестыцыйным форуме «Млын поспеху», які пройдзе 28-29 чэрвеня ў Магілёве, як мага больш аўстрыйскіх бізнесменаў для абмеркавання і прапрацоўкі праектаў і перспектыў інвестыцыйнага супрацоўніцтва.

У сваю чаргу Алаізія Вергетэр адзначыла цікавасць да Беларусі не толькі з боку бізнесу, але і турыстаў. Яна запэўніла, што будзе старацца як мага больш даць інфармацыі для дзелавых колаў Аўстрыі аб магчымасцях Магілёўскага рэгіёна. «Упэўнена, што многія з названых ініцыятыў зацікавяць аўстрыйскі бізнес і ў вобласці стане яшчэ больш рэалізоўвацца сумесных праектаў, і не толькі ў сферы эканомікі, але і па іншых напрамках», – падкрэсліла яна. Дыпламат прапанавала падрыхтаваць бізнес-сустрэчу прадстаўнікоў дзелавых колаў Магілёўскай вобласці і Аўстрыі ў будучым годзе, папярэдне прапрацаваўшы тэмы ўзаемнай цікавасці для супрацоўніцтва.

Алаізія Вергетэр таксама адзначыла неабходнасць развіцця ўзаемаадносін у сферы культуры і гуманітарнай дзейнасці. Сёння яна наведала «SOS – Дзіцячую вёску Магілёў», дзе нарадзілася ідэя запрасіць таленавітых выхаванцаў у Аўстрыю, каб яны выканалі ў Дзень Аўстрыйскай Рэспублікі нацыянальныя гімны дзвюх краін.

Дыпламат сёння пабывае на гала-канцэрце Міжнароднага фестывалю духоўнай музыкі «Магутны Божа», а ў планах на 22 мая знаёмства з працай рэзідэнта «СЭЗ Магілёў» з аўстрыйскімі інвестыцыямі – ЗТАА «Кронаспан ОСБ» і экскурсія па абласным цэнтры з наведваннем мемарыяльнага комплексу «Буйніцкае поле».

Тэкст - БЕЛТА

Фота - ул.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая