RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Малдова і Магілёўская вобласць разгледзяць магчымасць стварэння сумеснай зборачнай вытворчасці ліфтаў

Малдова зацікаўлена ў стварэнні на сваёй тэрыторыі сумеснага прадпрыемства па зборцы ліфтаў і ліфтавага абсталявання «Магілёўліфтмаша». Пра гэта паведаміў сёння Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Малдовы ў Беларусі Віктар Сарачан падчас сустрэчы са старшынёй Магілёўскага аблвыканкама Леанідам Зайцам.

Ён адзначыў, што толькі ў Кішынёве больш за 90% ліфтаў патрабуе замены ў сувязі з завяршэннем тэрміну эксплуатацыі. А прадукцыю нашага прадпрыемства малдаване ўжо ацанілі і адзначылі высокую якасць.

«Сумеснае прадпрыемства дазволіць выключыць доўгія працэсы закупак, аўкцыёнаў, конкурсаў, мы атрымаем дадатковую магчымасць для працаўладкавання грамадзян, – падкрэсліў Віктар Сарачан. – Да таго ж, у Малдовы сёння ёсць магчымасць свабоднага гандлю з краінамі Еўрапейскага Саюза, ажыццяўлення паставак сваёй прадукцыі на гэты рынак».

Леанід Заяц падтрымаў прапанову госця. У найбліжэйшай перспектыве, па дамоўленасці бакоў, у Магілёў прыбудзе мэр Кішынёва і спецыялісты ў сферы ліфтабудавання для больш дэталёвай прапрацоўкі пытання. Акрамя таго, плануецца абмеркаваць магчымасць выбудоўвання партнёрскіх узаемаадносін у сферы вытворчасці камунальнай тэхнікі, на якой спецыялізуецца завод «Магілёўтрансмаш».

 

Гаворачы аб супрацоўніцтве, варта заўважыць, што Малдова – традыцыйны партнёр нашай вобласці. Экспарт у гэту краіну расце высокімі тэмпамі. Запатрабавана шынная, хімічная прадукцыя, лесаматэрыялы, газетная папера. Наладжваецца сумесная вытворчасць трактароў. Разам з тым ёсць шмат напрамкаў для паглыблення партнёрства.

Бакі выказалі намер працягваць узаемную інтэграцыю ў сферы сельскай гаспадаркі. Пэўны вопыт ужо маецца. Малдова, як паўднёвая краіна, валодае пэўным вопытам у вырошчванні гародніны і садавіны, якія, дарэчы, часткова імпартуе Магілёўшчына. Перспектыўныя і сумесныя праекты па вытворчасці фуражнай кукурузы і яе насення, вырошчванні бульбы.

Актуальнай для Малдовы з’яўляецца тэма закупкі сухога малака, якое цяпер набываецца ў розных краінах. «Мы хацелі б перайсці на поўную закупку гэтай прадукцыі менавіта ў Беларусі, паколькі тут якасць гарантаваная. Улічваючы гэты фактар, стабільнасць паставак, наша супрацоўніцтва на доўгія гады забяспечыла б гандлёвыя ўзаемаадносіны», – канстатаваў Віктар Сарачан.

Дыпламат таксама паведаміў аб намеры адкрыць у Магілёве філіял адной з малдоўскіх турфірмаў. Падобны вопыт ужо ёсць у Мінску, Брэсце, Гомелі. Узаемныя турыстычныя маршруты могуць стаць перспектыўным напрамкам у выбудоўванні дадатковых партнёрскіх узаемаадносін.

Леанід Заяц, падводзячы вынік гутарцы, канстатаваў неабходнасць дэталёвага разгляду і аналізу напрамкаў супрацоўніцтва. Для гэтага, магчыма, будзе арганізаваны сумесны эканамічны форум, дзе зацікаўленыя бакі сустрэнуцца і абмяркуюць наяўныя праекты і ідэі. «У выбудоўванні ўзаемаадносін павінен быць парытэт, – падкрэсліў Леанід Заяц. – Важна, каб выконваліся інтарэсы двух бакоў».

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая