RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Мара падлетка з Клічава споўнілася пад Новы год

Марафон добрых спраў працягваецца ў Магілёўскай вобласці. Дабрачынцы дапамагаюць выкананню жаданняў асаблівых дзяцей.

Гісторыя Івана Дзяржанскага з горада Клічава стала вядомая ўсёй Магілёўскай вобласці падчас дабрачыннага тэлемарафона «Сагрэем дзіцячыя сэрцы». 17-гадовы падлетак, нягледзячы на страшны дыягназ – дзіцячы цэрэбральны параліч, – стаў на ногі. Гэта было складана: свае першыя самастойныя крокі Ваня зрабіў у 13 гадоў. З таго часу жыццё хлопчыка змянілася: ён захапіўся творчасцю, яго талент ацанілі на рэспубліканскім конкурсе «Свет маімі вачыма». Але была мара, якую без дапамогі не ажыццявіць, – інваліднае крэсла з электрычным прывадам.

Мару Івана дапамаглі ўвасобіць у жыццё валанцёры дабрачыннага грамадскага аб’яднання «Благо». Цяпер у сваіх магчымасцях падлетак абмежаваны менш. Самастойна ён можа і ў краму з’ездзіць, і ў карэкцыйны цэнтр або проста на свежым паветры часцей бываць.

Быць добрымі чараўнікамі – штодзённая праца валанцёраў «Благо». На працягу 20 гадоў яны дапамагаюць людзям. Руку дапамогі яны працягнулі ўжо больш за 100 тысячам дзяцей. Больш за 300 тысяч калядных падарункаў ашчасцілі беларускіх дзяцей. Дарэчы, амаль 20 тон навагодніх сюрпрызаў ужо хутка адправяцца да дзяцей па ўсёй краіне. І трэць з іх – у Магілёўскую вобласць. Такім жа, як Ваня: яны таксама чакаюць цуда.

Падчас дабрачыннага тэлемарафона журналісты «Беларусь 4 “Магілёў”» расказвалі пра мары многіх дзяцей. І, дзякуючы неабыякавым людзям, многія з іх ужо спраўдзіліся. Васіліна Сіліна з таго ж Клічава ўжо калясіць па школьным двары на падарунку – новым ровары. Цёплая зіма гэта дазваляе.

Дарэчы, дабрачынны марафон Беларускага дзіцячага фонда «Сагрэем дзіцячыя сэрцы» працягваецца. Ахвяраванні можна зрабіць з дапамогай тэлефона. Ужо сабрана больш за Br60 000. І гэта не канчатковы вынік, бо побач яшчэ шмат тых, хто мае патрэбу ў дапамозе і верыць у сваю мару.

 

 

ТРК «Магілёўв»

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая