RU BY EN 中文
Twitter Instagram

МАЗ прэзентаваў у Магілёве звышхуткага «жалезнага дрывасека»

Холдынг «БелаўтаМАЗ» сёння падчас пашыранай нарады з Мінлясгасам у Магілёве на сваім філіяле «Магілёўтрансмаш» прэзентаваў лінейку новай тэхнікі для перавозкі і перапрацоўкі драўніны.

Своеасаблівай адметнасцю калекцыі стаў унікальны «жалезны дрывасек» – спецмашына МАЗ-6944C9, некалькі ўзораў якой літаральна на днях сышлі з вытворчага канвеера «Магілёўтрансмаша», дзе і будзе весціся іх серыйная вытворчасць. Новая рубільна-драбільна машына здрабняе драўніну з дзіўнай хуткасцю – прадукцыйнасць дасягае 150 куб. м у гадзіну. Аўтамабіль складаецца з трох асноўных частак: мазаўскага шасі з колавай формулай 8x4, рубільнай устаноўкі нямецкай кампаніі JENZ і гідраўлічнага маніпулятара. У залежнасці ад крана выпушчана дзве версіі машыны – з беларускай устаноўкай або аўстрыйскім аналагам ад Palfinger Epsilon. Усе мадыфікацыі аўтамабіля адпавядаюць экалагічнаму класу Еўра-5.

Навінка прызначана для перапрацоўкі любых арганічных адходаў у паліўную дранку: максімальны дыяметр мяккай драўніны складае 560 мм, цвёрдай – 420 мм. Распрацоўшчыкі асабліва паклапаціліся аб выгадзе для аператара. Рубільнай устаноўкай і маніпулятарам можна кіраваць джойсцікам з пад’ёмнай кабіны аператара. Машына павінна знайсці прымяненне ў лясной, сельскай і камунальнай гаспадарках Беларусі. Беларускі аўтафлагман ужо атрымаў заказ на выраб першых 20 аўтамабіляў.

«Калі вобразна, то гэтую машыну можна параўнаць з саранчой: машына з велізарнай хуткасцю сячэ драўніну амаль любой формы і шчыльнасці. Яе выкарыстанне павысіць эфектыўнасць працы лясгасаў і іншых гаспадарак. Тэхніка з такімі характарыстыкамі распрацавана ў Беларусі ўпершыню, што дазволіць нам пакрыць не толькі ўнутраныя патрэбы краіны, але пастаўляць яе на экспарт. Навінка па суадносінах кошту і якасці практычна не мае канкурэнтаў у краінах СНД», – адзначылі спецыялісты МАЗа.

Паводле слоў намесніка міністра лясной гаспадаркі Уладзіміра Крэча, гэта навінка МАЗа дапаможа лясной гаспадарцы справіцца з актуальнай праблемай – перапрацоўкай пашкоджаных насаджэнняў. Яна вельмі прадукцыйная і на працягу месяца можа выдаваць парадку 6-8 тыс. куб. м дранкі, якую лясгасы будуць экспартаваць. У найбліжэйшы час некалькі такіх машын паступяць у распараджэнне лясгасаў, дзе пройдуць прамысловыя выпрабаванні. У бягучым годзе Мінлясгас плануе набыць у завода 12 «жалезных дрывасекаў».

У Магілёве сёння таксама прэзентавалі доўгі чатырохвосевы паўпрычэп-сартыментавоз МАЗ-994850, які можна выкарыстоўваць для вывазу драўніны. У адрозненне ад аналагаў, паўпрычэп можна размясціць перад уездам у лес, каб загружаць матэрыялы прама на месцы, а не везці харвестарамі да найбліжэйшай дарогі. Паўпрычэп не мае аналагаў на постсавецкай прасторы. У інжынераў атрымалася зрабіць канструкцыі лёгкімі, але трывалымі, для чаго была выкарыстана шведская высокатрывалая сталь. У выніку навінка мае павышаную грузападымальнасць ў 43 т. Для параўнання: стандартны прычэп можа перавезці да 35 т. Навінка таксама можа знайсці прымяненне ў сельскай і камунальнай гаспадарцы.

Акрамя таго, на выставе былі прадстаўлены мадэрнізаваныя сартыментавозы МАЗ-631228 і МАЗ-6317F9. Апошні атрымаў дзве версіі: паўнапрывадную (для падвышанай праходнасці) і палегчаную. Пры гэтым кампаноўка можа быць любой у залежнасці ад пажаданняў спажыўца.

«Мы плённа супрацоўнічаем з МАЗам па тэхпераўзбраенні нашага машынна-трактарнага парку. Сёння ў галіне эксплуатуецца больш за 760 беларускіх сартыментавозаў, якія задзейнічаны на перавозцы грузаматэрыялаў. Згодна з планам мадэрнізацыі на працягу найбліжэйшых двух гадоў плануецца набыць яшчэ больш за 200 сартыментавозаў МАЗ і іншай новай тэхнікі», – дадаў намеснік Міністра лясной гаспадаркі.

БЕЛТА
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая