RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Мемарыяльныя мерапрыемствы пройдуць у Магілёўскай вобласці ў дзень чарнобыльскай трагедыі

Мемарыяльныя мерапрыемствы пройдуць у Магілёўскай вобласці ў дзень чарнобыльскай трагедыі. Пра гэта паведамілі ў аблвыканкаме.

Аднымі з цэнтральных тэматычных падзей стануць мерапрыемствы ў Слаўгарадзе. У храме Раства Прасвятой Багародзіцы 26 красавіка адбудзецца малебен. На алеі памяці пахаваных вёсак пройдзе мітынг-рэквіем «Доўгае рэха Чарнобыля» і пасадка дрэў кіраўніцтвам Магілёўскага абласнога і раённага выканаўчых камітэтаў, удзельнікамі ліквідацый наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, грамадскасцю. Увечары тут жа моладзь прыме ўдзел у акцыі «Свечка памяці». У актавай зале райвыканкама запланавана сустрэча кіраўніка рэгіёна Леаніда Зайца з ліквідатарамі. У кінатэатры «Радзіма» арганізуюць дэманстрацыю мастацкага фільма «Чорны бусел» аб цяжкім жыцці ў забытай усімі вёсцы, пацярпелай ад аварыі ў Чарнобылі. 27 красавіка ў Слаўгарадскім раённым гісторыка-краязнаўчым музеі адкрыецца фотавыстава дзіцячых малюнкаў «У будучыню – з надзеяй», будзе працаваць экспазіцыя «Чарнобыльскі кут».

26 красавіка ў 12.00 у п. Любуж (Магілёўскі раён) ля мемарыяльнага знака «Ахвярам Чарнобыля» адбудзецца мітынг смутку, прысвечаны 33-годдзю аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Тут збяруцца прадстаўнікі ўлады, грамадскасці, моладзевых арганізацый, ліквідатары і пацярпелыя ад катастрофы. Яны ўшануюць хвілінай маўчання светлую памяць ахвяр аварыі і ўскладуць жывыя кветкі і гірлянды на ўмацаваную чатырма ланцугамі сярод каменных калон мармуровую чорную пліту, на якой выгравіраваны на беларускай і рускай мовах словы «Мужнасці ліквідатараў Чарнобыльскай катастрофы».

У раёнах вобласці, пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС, таксама пройдуць мітынгі-рэквіемы памяці і смутку.

Да трагічнай даты на Магілёўшчыне запланаваны тэматычныя выставы ў бібліятэках, спецпаказы ў кінатэатрах, круглыя сталы. Ва ўстановах адукацыі і культуры праводзяцца тэматычныя выхаваўчыя мерапрыемствы (урокі памяці, урокі-рэквіемы), у школьных бібліятэках аформлены экспазіцыі, інфармацыйныя стэнды.

Мерапрыемствы чарнобыльскай тэматыкі працягнуцца ў рэгіёне да канца красавіка.

У выніку аварыі на ЧАЭС радыеактыўнаму забруджванню падвергнулася трэцяя частка тэрыторыі Магілёўшчыны, а гэта 1100 населеных пунктаў. Пацярпела 10 раёнаў, пяць з іх – Краснапольскі, Чэрыкаўскі, Касцюковіцкі, Слаўгарадскі, Быхаўскі – больш за астатніх.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая