RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Мінпрыроды нагадвае пра забарону на сельгаспалы і выпальванне сухой расліннасці

Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя нагадвае, што сельскагаспадарчыя палы і выпальванне сухой расліннасці ў Беларусі забароненыя, паведамілі ў прэс-службе Мінпрыроды.

У адпаведнасці з Кодэксам аб адміністрацыйных правапарушэннях, за незаконнае выпальванне сухой расліннасці, траў на корані, іржышча і пажніўных рэшткаў на палях або непрыняцце мер па ліквідацыі палаў вінаватыя караюцца штрафам ад 10 да 30 базавых велічынь (цяпер 1 БВ –Br29), за развядзенне вогнішчаў у забароненых месцах – да 12 базавых. Акрамя таго, памер кампенсацыі шкоды, нанесенай навакольнаму асяроддзю, вызначаецца па таксам, зацверджаным указам ад 24 чэрвеня 2008 года №348.

«Статыстыка паказвае: абсалютная большасць пажараў з-за палу сухой травы адбываецца па віне людзей і толькі 5–10% узгаранняў у экасістэмах узнікае з-за метэаралагічных умоў. Паколькі значная частка падпалаў сухой травы вясной робіцца з добрымі памкненнямі, мае сэнс згадаць і пра ўяўную карысць ад такіх падпалаў і супаставіць яе са шкодай, якую гэтыя палы прычыняюць», – сказалі ў Мінпрыроды.

Асноўны довад прыхільнікаў выпальвання леташняй травы ў тым, што яно ўзбагачае зямлю попелам, у выніку чаго на выпаленых участках трава з’яўляецца хутчэй і расце лепш. А спецыялісты кажуць, што попел пасля спальвання травы ніяк не паляпшае якасці глебы, паколькі губляюцца азотныя злучэнні (асноўная частка назапашанага ў расліннасці звязанага азоту вызваляецца ў атмасферу, становячыся для пераважнайбольшасці раслін недаступнай). Мінеральныя элементы попелу пераходзяць у растваральную форму і лёгка сыходзяць з павярхоўнымі і грунтавымі водамі. Толькі нязначная іх частка засвойваецца раслінамі.

Гарэнне суправаджаецца выкідам у атмасферу вуглякіслага газу, згарае кісларод. У агні згараюць рэшткі ўгнаенняў і ядахімікатаў, утвараючы лятучыя таксічныя арганічныя і неарганічныя злучэнні. Пры выпальванні травы ўздоўж аўтадарог паветра забруджваецца цяжкімі металамі.

Акрамя таго, з-за выпальванняў збядняецца відавы склад лугавой расліннасці і жывёльнага свету. На гэтых месцах не будзе ўжо ранейшага разнатраўя, пустазелле захопіць вызваленую тэрыторыю. «Пасля травянога пажару зноў прарастаюць толькі травы, якія размнажаюцца карэнішчамі, накшталт пырніка. А гэта пустазелле, якое нават на корм жывёлам не вельмі падыходзіць. Меданосныя кветкі, культурныя травы, якія ахвотна ядуць хатнія жывёлы ў складзе сена, размножваюцца насеннем, а насенне пры выпальванні травы згарае», – адзначылі ў Мінпрыроды.

Падчас палаў гінуць бесхрыбетныя, казуркі, жабы, яшчаркі і іншыя жывёлы. Выпальванне сухога травастою выклікае гібель кладак і месцаў гнездавання такіх птушак, як крыжанка, кнігаўка, чаротавая і звычайная аўсянкі, палявы, лясны і чубаты жаўрукі, лугавы канёк. Гнездавы перыяд гэтых птушак прыходзіцца якраз на пачатак красавіка.

Мінпрыроды заклікае з разуменнем і пачуццём абавязку паставіцца да гэтай праблемы і не дапускаць сельскагаспадарчых палаў і выпальвання сухой расліннасці.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая