RU BY EN 中文
Twitter Instagram

На дарогах Магілёўскай вобласці стала больш бяспраўных вадзіцеляў

У Магілёўскай вобласці за студзень да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнута 436 бяспраўных кіроўцаў, што на 26 чалавек больш, чым за аналагічны перыяд 2018 года. Пра гэта паведаміла інспектар аддзялення па агітацыі і прапагандзе ДАІ УУС аблвыканкама Юлія Халамеева. «Не ўсведамляючы ўсю адказнасць, не маючы вадзіцельскага пасведчання або пазбавіўшыся яго, грамадзяне працягваюць садзіцца за руль, лічачы сябе паўнапраўнымі ўдзельнікамі дарожнага руху, – падкрэсліла субяседніца. – Вядома, у сучасным свеце важна быць мабільным, і асабісты аўтамабіль – добрая дапамога ў вырашэнні многіх праблем. Але не варта забываць важнае правіла: каб сесці за руль, неабходна набыць навыкі кіравання ў аўташколе і атрымаць вадзіцельскае пасведчанне. Шкада, што не ўсе кіруюцца гэтым пастулатам».

Даволі часта дарожна-транспартныя здарэнні, віноўнікамі якіх з’яўляюцца бяспраўныя, маюць цяжкія наступствы. Па віне асоб, якія не маюць права кіравання, з пачатку года ў Магілёўскай вобласці адбылося адно ДТЗ, у якім ужо загінуў чалавек. Так, 1 студзеня ў Круглянскім раёне на 15-м кіламетры аўтадарогі Круглае – Славені 24-гадовы жыхар раённага цэнтра на «Рэно Меган» страціў кантроль над кіраваннем. У выніку яго машыну занесла направа, дзе па абочыне адначасна рухалася 79-гадовая жыхарка вёскі Баканава. Пенсіянерка атрымала смяротную траўму. Хлопец, які знаходзіўся за рулём, не меў пасведчання кіроўцы і раней яго не атрымліваў.

У ДТЗ, учыненых па віне бяспраўнікаў, гінуць і атрымліваюць траўмы пешаходы, самі вадзіцелі і пасажыры, якія з пагардай ставяцца да сваёй бяспекі і адпраўляюцца ў паездку з тымі, хто не мае пасведчання кіроўцы. Некаторыя бяспраўнікі прымудраюцца сесці за руль, будучы нецвярозымі. Такія паездкі таксама не праходзяць бясследна: часцяком яны заканчваюцца аварыямі з сур’ёзнымі наступствамі.

Не спыняе нядбайных аўтаўладальнікаў нават вялікі памер штрафу. За кіраванне транспартным сродкам асобай, якая не мае права кіравання, прадугледжана пакаранне ў памеры ад Br127,5 да Br510 (арт.19 ч. 1 КаАП Рэспублікі Беларусь). Ад Br510 да Br1275 заплаціць бяспраўнік за тыя ж дзеянні, учыненыя паўторна на працягу года пасля накладання адміністрацыйнага спагнання.

«Патэнцыйныя кіроўцы без правоў павінны яшчэ раз задумацца аб той небяспецы, якую яны могуць прынесці, сеўшы за руль, – адзначыла Юлія Халамеева. – Бацькам жа падлеткаў таксама трэба ўважліва паставіцца да гэтай праблемы. Нярэдка школьнікі-старшакласнікі ўпотай ад дарослых бяруць ключы ад машыны і катаюцца на ёй, дэманструючы сваю значнасць перад аднагодкамі. Каб мінімізаваць такія «гульні ў кіроўцаў», Дзяржаўтаінспекцыя рэкамендуе бацькам-аўтамабілістам не траціць пільнасць і абавязкова праводзіць прафілактычныя гутаркі са сваімі дзецьмі».

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая