RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Навагоднія ёлкі ў стылі хай-тэк прадставяць у Магілёве

Больш за дзясятак беларускіх прамысловых прадпрыемстваў стануць удзельнікамі галіновага этапу рэспубліканскага конкурсу «ТэхнаЁлка-2021» у Магілёве. Мерапрыемства пройдзе 23 снежня на базе ААТ «Магілёўліфтмаш», ппаведаміла начальніца бюро ідэалагічнай працы таварыства Марыя Кананкова.

«У лік канкурсантаў увайшлі прадстаўнікі 12 прамысловых прадпрыемстваў з усёй Беларусі: ААТ «Гомсельмаш», кіруючая кампанія холдынгу «Аграмашсэрвіс», ААТ «БелАЗ», Беларускі металургічны завод і многія іншыя, – адзначыла Марыя Кананкова. – Яны прадставяць свае індустрыяльныя варыянты навагодніх ялінак. У ліку работ – унікальныя і незвычайныя канструкцыі вышынёй ад 80 см да 2 м і масай да 160 кг. Яны круцяцца, верцяцца і свецяцца яркімі агнямі. Усе экспанаты прыдуманыя і зробленыя рукамі работнікаў прадпрыемстваў. Кожны з іх будзе годны называцца пераможцам конкурсу».

Дарэчы, перад галіновым этапам «ТэхнаЁлкі» на «Магілёўліфтмашы» прайшоў унутраны адбор навагодніх сімвалаў у стылі хай-тэк. Удзел у конкурсе прынялі 40 работнікаў. Шляхам інтэрнэт-галасавання была абрана самая прыгожая і арыгінальная канструкцыя. Усе ёлкі будуць дэманстравацца падчас правядзення конкурсу ў якасці тэматычнай святочнай экспазіцыі. Для ўдзелу ў творчым спаборніцтве на прадпрыемстве стварылі асобны экзэмпляр «ТэхнаЁлкі» і спадзяюцца, што менавіта гэта прамысловая прыгажуня стане на думку журы найлепшым навагоднім дрэўцам.

«Напярэдадні зімовых святаў такія мерапрыемствы дазваляюць работнікам рэалізаваць свае творчыя задумкі і ствараюць навагодні настрой», – адзначыла начальнік бюро па ідэалагічнай працы.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая