RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Пацыенты Магілёўскага абласнога шпіталя інвалідаў Айчыннай вайны напярэдадні свята 9 Мая прымалі віншаванні

Напярэдадні свята Вялікай Перамогі ў Магілёве традыцыйна наведалі ветэранаў, якія знаходзяцца на лячэнні ў абласным шпіталі інвалідаў Айчыннай вайны. Прадстаўнікі выканаўчай улады, дэпутацкага корпуса, грамадскіх аб’яднанняў штогод наведваюць медустанову, каб павіншаваць калектыў і пацыентаў з надыходзячым святам 9 Мая і ўручыць ім паштоўкі, кветкі і падарункі.

««Мы заўсёды з асаблівым пачуццём прыходзім у гэту ўстанову, якая дае магчымасць нашым ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, малалетнім вязням, ветэранам працы і шматлікім пажылым грамадзянам паправіць сваё здароўе і палепшыць якасць жыцця. Бо вельмі важна, што тут яны акружаны клопатам і ўвагай, медперсанал ведае, як з імі неабходна працаваць, – адзначыў у сваім выступленні намеснік старшыні Магаблвыканкама Валерый Малашка.

Ад Магаблвыканкама ён перадаў калектыву словы падзякі і сертыфікат на абнаўленне матэрыяльна-тэхнічнай базы. Таксама грашовыя сертыфікаты прынеслі ў падарунак прадстаўнікі абласных грамадскіх арганізацый «Белая Русь», Беларускі фонд міру, Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа.

Сертыфікат на набыццё медабсталявання для ўстановы аховы здароўя ўручыў і памочнік Прэзідэнта – інспектар па Магілёўскай вобласці Леанід Мартынюк. Ён павіншаваў калектыў з надыходзячым святам і адзначыў, што вельмі важна памятаць і шанаваць гэту святую дату, клапаціцца пра тых, хто ўнёс свой уклад у Вялікую Перамогу:

«На жаль, з кожным годам ветэранаў становіцца ўсё менш, але яны па-ранейшаму ў страі, на даны момант – інфармацыйным. Яны перадаюць маладому пакаленню свае ўспаміны пра тыя жахі вайны, якія яны перажылі. Сёння моладзь часам не верыць, што такое магло адбыцца. А нашы ветэраны гэта перажылі.

Ланцужок памяці пераходзіць з пакалення да пакалення. І гэту сувязь губляць нельга. Паняцце патрыятызму, якое яны перадаюць моладзі, зараз набывае асаблівую вастрыню і значнасць. Людзі ў апошні час сталі больш задумвацца пра словы «патрыёт» і «Радзіма», цаніць мірнае неба над галавой і разумець, што трэба выхоўваць новае пакаленне ў духу патрыятызму і, у тым ліку, з клопатам ставіцца да пажылых людзей. Прыклад чаго мы якраз і назіраем у падобных установах».

Галоўны ўрач Магілёўскага абласнога шпіталя інвалідаў Айчыннай вайны Васіль Арцёменкаў падзякаваў гасцям за ўвагу да пацыентаў і медустановы, запэўніўшы, што калектыў працягне ўсе свае намаганні накіроўваць на тое, каб іх падапечныя адчувалі сябе тут максімальна камфортна і атрымлівалі ўсю неабходную дапамогу. На падораныя сродкі плануецца закупіць шасціканальны электракардыёграф, а таксама абсталяванне для клінічнай лабараторыі. Каб зрабіць дыягностыку і, адпаведна, прызначэнні, яшчэ больш дакладнымі. Шпіталь разлічаны на 235 месцаў, сёння лячэнне ў ім праходзіць каля 180 пацыентаў.

Пасля афіцыйнай часткі госці зазірнулі ў палаты да ветэранаў, вязняў і інвалідаў вайны, каб асабіста пацікавіцца іх самаадчуваннем, выказаць словы ўдзячнасці, павіншаваць з надыходзячым святам і ўручыць падарункі.

Двайная нагода для цёплых слоў была ў гэты дзень у жыхаркі блакаднага Ленінграда Лізаветы Пятроўны Хомчанка, ёй споўніўся 91 год. Жанчына была рада такім ганаровым гасцям, падзякавала ім за ўвагу, падзялілася ўспамінамі і пажадала ўсім здароўя і мірнага неба.

У сваю чаргу малалетнія вязніцы Вольга Васільеўна Крумкач і Паліна Васільеўна Малаковіч паспяшаліся пахваліць персанал медустановы за ўвагу, добразычлівасць і добрыя ўмовы знаходжання.

Натхнёны візітам быў і ўдзельнік вайны Васіль Трафімавіч Саладкоў, ён тут жа пажартаваў, што ў свае 95 гадоў яшчэ зусім малады, таму што ў яго нават барады і вусаў няма. А пасля расказаў, што, даведаўшыся пра Перамогу ў маі 1945 года, многія не маглі стрымаць слёз – плакалі наўзрыд. Доўгія гады яны потым з сябрамі збіраліся ў гэты дзень, ігралі на баяне і гармоніку, спявалі, успаміналі баявых таварышаў. І з сумам адзначыў, што цяпер, збірацца ўжо, на жаль, няма з кім.

«Значнасць такіх сустрэч складана пераацаніць. Наведваючы шпіталь і сустракаючыся асабіста з нашымі глыбокапаважанымі ветэранамі, мы чуем ад іх аб праўдзе той страшнай вайны, няпростых гадах для кожнага, – падзялілася старшыня Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў Ірына Раінчык. – І наша пакаленне, і, тым больш, падрастаючае, павінны ведаць гэту праўду, шанаваць і памятаць вялікі подзвіг, які быў здзейснены нашымі дзядамі і прадзедамі на фронце, подзвіг работнікаў тылу, подзвіг усіх тых, хто аднаўляў пасля нашу краіну, подзвіг, які дазваляе нам сёння свабодна жыць, працаваць, вучыцца ў нашай незалежнай Беларусі».

Завяршылася наведванне шпіталя ускладаннем кветак да мемарыяла ў памяць пра пацыентаў Магілёўскай псіхіятрычнай бальніцы, забітых нямецкімі акупантамі ў 1941–1942 гадах.

Дарэчы, у Магілёўскай вобласці, паводле даных камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама, на пачатак мая бягучага года налічвалася 180 ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, з іх 23 – інваліды і 73 – удзельнікі. Акрамя таго, у вобласці лічыцца 111 сем’яў ваеннаслужачых, партызан і падпольшчыкаў, якія загінулі або памерлі ў гады вайны, 46 інвалідаў з дзяцінства, звязаных з вайной, 26 паўналетніх і 1240 непаўналетніх былых вязняў турмаў, канцлагераў, гета, 53 паўналетнія былыя вязні месцаў прымусовага ўтрымання.

Юлія Таранава, фота Галіны Гаўрыловіч

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая