RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Паркі сямейных дрэў закладуць у Магілёўскай вобласці

Рэспубліканскі праект «Парк сямейных дрэў» стартуе 21 сакавіка ў Магілёўскай вобласці. Першыя ў рэгіёне паркі закладуць у Глуску, Асіповічах і Кіраўску, паведамілі ў абкаме ГА «БРСМ».

У Асіповічах паблізу Алеі герояў па вул. Сташкевіч у 14.00 плануецца высадзіць 20 ліп. У мерапрыемстве прыме ўдзел каля 150 чалавек, сярод якіх сем’і-юбіляры, якія пражылі ў шлюбе больш за 40 гадоў, шматдзетныя і маладыя сем’і, прызёры спаборніцтваў, конкурсаў.

У другой палове дня ў Глуску па вул. Гагарына з’явіцца ліпавая алея з 25 дрэў. Яе закладуць пераможцы творчых спаборніцтваў, шматдзетныя сем’і і жыхары райцэнтра.

У Кіраўску ў раёне дома №1 па вуліцы Гагарына высадзяць 15 бяроз. «Гэтыя дрэвы былі выбраны не выпадкова. Яны сімвалізуюць святло, чысціню і жаноцкасць, – адзначылі суразмоўцы. – Высаджваць бярозкі будзе 15 сем’яў райцэнтра, якія сёлета ўпершыню ўступілі шлюб, сталі бацькамі, адзначаюць юбілеі сумеснага жыцця, а таксама пераможцы раённага і абласнога фестывалю здаровага ладу жыцця «Тата, мама, я – спартыўная сям’я» і раённага конкурсу «Шматдзетная сям’я года».

Рэспубліканскі праект па закладцы паркаў сямейных дрэў будзе праводзіцца ў рэгіёне на працягу года. У красавіку-маі да яго далучыцца Магілёў і Бабруйск.

Праект «Парк сямейных дрэў» быў ініцыяваны БРСМ у кастрычніку мінулага года. Ён мае на ўвазе стварэнне ў кожным рэгіёне Беларусі паркаў, у тым ліку алей і сквераў сямейных дрэў, дзе кожны, хто пажадае, у гонар шлюбу, нараджэння дзіцяці і іншых важных сямейных падзей зможа пасадзіць дрэва ў спецыяльна адведзеным месцы. Побач можна будзе ўсталяваць таблічку з генеалагічным дрэвам сям’і і даглядаць за сваім дрэвам, перадаваць клопат пра яго сваім нашчадкам. Арганізатарамі выступаюць ГА «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі», Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая