Мемарыял памяці нявінна забітых у гады Вялікай Айчыннай вайны плануюць устанавіць у абласным цэнтры ў раёне Казіміраўскага лесу. Пра гэта распавёў гісторык і кіраўнік Магілёўскага абласнога гісторыка-патрыятычнага пошукавага клуба «Вікру» Мікалай Барысенка.
Памятнае месца ўладкуюць па вул.Раўчакова. Як падкрэсліў Мікалай Барысенка, месца для такога мемарыяла выбрана не выпадкова. «Гісторыя вывучэння Казіміраўскага лесу пачынаецца ў пасляваенныя гады, але шырокая грамадскасць пра гэтае месца даведалася недзе ў 2009-2010 гадах. Тады старажылы, якія пражываюць у гэтай мясцовасці, сталі дзяліцца з пошукавікамі падзеямі, якія адбываліся тут у 1941-1944 гадах, - распавёў ён. - Мы заняліся вывучэннем гэтага лесу, абапіраючыся на ўспаміны тых людзей, якія перажылі акупацыю Магілёва і бачылі, што адбывалася ў Казіміраўскім лесе».
Першыя раскопкі тут правялі ў 2011 годзе разам з 52-м пошукавым батальёнам Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Тады ўзнялі астанкі 59 мірных жыхароў. На жаль, ніводнага імя ўстанавіць не ўдалося. Пасля гэтага пошукавікі сталі яшчэ глыбей вывучаць гісторыю Казіміраўскага лесу. Знойдзеныя дакументы далі права называць гэты ўчастак адным з самых журботных сімвалаў акупацыі Магілёва і таго страшнага бязмежжа, якое тварылі нямецка-фашысцкія захопнікі.
У мінулым годзе працы па пошуку астанкаў мірных жыхароў праводзілі 52-і пошукавы батальён, пошукавікі «Вікру» пад кіраўніцтвам пракуратуры Магілёўскай вобласці. Былі ўзняты астанкі больш як 300 мірных грамадзян. Сярод іх - жанчыны, дзеці, старыя. «У раскопах было дакладна відаць - тут ляжаць мірныя жыхары рознага ўзросту. Пра гэта сведчылі і знойдзеныя з імі асабістыя рэчы, рэшткі адзення», - адзначыў Мікалай Барысенка.
Адначасовых масавых растрэлаў, кажа гісторык, тут не было, нацысты рэгулярна знішчалі людзей малымі групамі. Усяго пошукавікі выявілі сем расстрэльных ям. Гэтай вясной пошукавыя работы ў Казіміраўскім лесе прадоўжацца, у пошукавікаў ужо ёсць інфармацыя аб яшчэ трох такіх ямах.
Як адзначыў намеснік пракурора Магілёўскай вобласці Андрэй Волкаў, раскопкам папярэднічала карпатлівая работа, праведзеная пракуратурай рэгіёну ў рамках расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. «Праведзеныя следчыя дзеянні сведчаць аб масавым знішчэнні мірных грамадзян, - падкрэсліў ён. - З сямі знойдзеных пахаванняў выняты астанкі не менш як 304 чалавекі. Іх будучыня была знішчана ў адно імгненне. Гэтае горкае сведчанне аб нянавісці нацыстаў да мірнага насельніцтва. Аб іх жорсткасці павінен ведаць і памятаць кожны беларус. Мы абавязаныя шанаваць памяць аб ахвярах генацыду і рабіць усё магчымае, каб такія трагедыі ніколі не паўтарыліся».
Зараз па вул.Раўчакова ёсць памятны знак загінуўшым мірным жыхарам Магілёва, які ўстанавілі яшчэ ў 1970-х гадах. Абставіны, якія зноў адкрыліся, далі права зрабіць у Казіміраўскім лесе мемарыял ахвярам генацыду. «Тут ляжаць габрэі, беларусы, расейцы, падпольшчыкі, партызаны. Да канца яшчэ не ўсталяваны поўны спіс тых, хто тут загінуў. Але архівы адчыняюцца, з'яўляецца новая інфармацыя, з якой мы будзем працаваць і далей, - заявіў гісторык. - Казіміраўскі лес у Магілёве - прыклад злачынства фашыстаў супраць чалавечнасці, супраць беларускага народа. І гэтае месца павінен ведаць кожны».
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
21.04.2025 - 16:00
Прамыя тэлефонныя лініі пройдуць у Магілёўскай вобласці 26 красавіка
21.04.2025 - 09:30
Мінабароны: з 22 красавіка пачынаецца адпраўка ў войскі прызваных на тэрміновую ваенную службу
18.04.2025 - 10:35
Аляксандр Гарошкін сустрэўся з калектывам магілёўскага прадпрыемства
17.04.2025 - 17:21
17.04.2025 - 16:39
У Магілёўскай вобласці з'явіўся першы мурал на лясную тэматыку