RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Прадстаўніцы Беларускага саюза жанчын абмеркавалі ў Магілёве перспектыўныя напрамкі і новыя формы арганізацыі працы

Сумесная канферэнцыя першасных арганізацый рэгіянальнай дырэкцыі па Магілёўскай вобласці саюза жанчын ААТ «Белаграпрамбанк» і абласной арганізацыі ГА «БСЖ» адбылася сёння ў горадзе на Дняпры, перадае карэспандэнт сайта.

Адкрыла мерапрыемства дэманстрацыя фільма аб дзейнасці арганізацыі і выступленне намесніка старшыні Праўлення ГА «БСЖ» Антаніны Моравай. Яна расказала ўдзельніцам мерапрыемства пра цяжкасці, якія пераадольвалі прадстаўніцы жаночага руху ў розныя перыяды гісторыі, іх дасягненні. Таксама доктар эканамічных навук нямала гаварыла на тэму гендарнай роўнасці, гвалту ў сям’і, аб мэтах у галіне ўстойлівага развіцця. Гаворачы пра падтрымку інстытута сям’і, Антаніна Морава паведаміла, што ўжо ідзе прапрацоўка дакументаў, звязаных з увядзеннем абавязковага дэкрэтнага адпачынку для мужчын.

На дадзены момант БСЖ аб’ядноўвае больш за 140 тыс. жанчын краіны, з іх каля 17 тыс. – жыхаркі Магілёўскай вобласці. Намеснік старшыні праўлення ГА «БСЖ» падкрэсліла: сёння Саюз ідзе па шляху стварэння аб’яднаных арганізацый, г. зн. у прыярытэце не тэрытарыяльны прынцып, а прафесійны. Пакуль па такім напрамку пайшлі пракуратура, МНС і ААТ «Белаграпрамбанк». Але гэта толькі пачатак, упэўнена Антаніна Морава, паколькі ахапіць мноства задач адначасова, перспектыўна не распыляцца на ўсё і адразу цяжка, патрэбна спецыялізацыя. Важна ўлічваць ўзроставыя крытэрыі, статус. Кожнай групе неабходны свой падыход.

У чарадзе актуальных для БСЖ тэм стаіць прапаганда актыўнага даўгалецця, праца з пажылымі жанчынамі, адзначыла Антаніна Морава. Акрамя таго, усё часцей знаходзіць пацверджанне неабходнасць прымянення прынцыпу вялікіх і малых спраў, пабудаваных на канкрэтыцы. Не менш важна і развіццё партнёрства, заснаванага на стварэнні жаночых сетак і кааліцый з прадстаўніцамі розных краін. Дарэчы, БСЖ ужо наладзіў супрацоўніцтва з жаночымі арганізацыямі Расіі, Літвы, В’етнама, Сірыі, Карэі, Казахстана, Польшчы і Азербайджана.

Адна з апошніх навін у дзейнасці Беларускага саюза жанчын –наданне рэгіянальным структурам самастойнасці ў вызначэнні напрамкаў, якія стануць прыярытэтнымі ў іх працы. Так, на думку Антаніны Моравай, для прадстаўніц «Белаграпрамбанка» гэта можа быць сельскі турызм, развіццё аграгарадкоў, харчовая бяспека, экалогія. «Усюды ёсць свая разыначка, спецыфіка», – канстатавала яна.

У сваю чаргу старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі ГА «БСЖ», намеснік старшыні Магілёўскага гарадскога выканаўчага камітэта Ала Галушка заўважыла, што ў рэгіёне ўжо ёсць аб’яднанні жанчын, якія могуць падзяліцца сваім выніковым вопытам тэматычнай працы. Так, Бабруйская гарадская ГА «Беларускі саюз жанчын» актыўна ўзаемадзейнічае з царквой у адраджэнні духоўна-маральных і сямейных каштоўнасцяў сярод насельніцтва. Тут праводзяць Калядныя сустрэчы, на якіх жанчыны прэзентуюць сябе, членаў першасных арганізацый, афармляюць святочныя стравы, чытаюць вершы, паказваюць нумары мастацкай самадзейнасці. Такія мерапрыемствы аб’ядноўваюць і нацэльваюць на сумесную працу. Стала добрай традыцыяй сумесна з духоўным цэнтрам прыходу храма Святой княгіні Елісаветы ў калядныя святы арганізоўваць выставы-конкурсы навагодніх цацак, паштовак, ёлак і кампазіцый. Члены першасных арганізацый пастаянна наведваюць праваслаўныя храмы, вядуць гутаркі пра ролю жанчыны ў сям’і як маці і жонкі, статус жанчыны ў грамадстве. Яшчэ адным сумесна рэалізаваным праектам стала ўшанаванне шматдзетных сем’яў святароў горада Бабруйска. Падчас прэзентацыі кожная сям’я дзялілася вопытам выхавання дзяцей, арганізацыі побыту, традыцыямі і дасягненнямі.

Добрым прыкладам мэтанакіраванай працы можа быць і дзейнасць слаўгарадскіх арганізацый ГА «БСЖ». Так, першасная арганізацыя саюза жанчын «Сяльчанка» дапамагае прадстаўніцам прыгожага полу знайсці справу па душы, якая б прыносіла прыбытак. Толькі за апошні год дзякуючы намаганням аб’яднання ў раёне павялічылася колькасць жанчын-рамеснікаў да 35 чалавек. Увасоблены ў рэальнасць праекты самазанятасці па сыраварэнні, вырабе сувенірнай прадукцыі, аграэкатурызму, шырокую вядомасць атрымаў гастранамічны фестываль «Гаспадарчы сыр», наладжана цеснае супрацоўніцтва з суб’ектамі гандлю і турызму ў раёне па продажы вырабленай мясцовымі рамеснікамі прадукцыі, вядзецца праца па адкрыцці сувенірных магазінаў у в. Лясная і на тэрыторыі Блакітнай крыніцы.

Падобныя канферэнцыі вельмі важныя для грамадства і, у прыватнасці, для жаночай часткі калектыву Белаграпрамбанка, упэўнена Наталля Петрачкова, член праўлення Прэзідыума ГА «БСЖ», кандыдат эканамічных навук, адказны сакратар Саюза жанчын ААТ «Белаграпрамбанк». Яны дазваляюць умацаваць рады грамадскай арганізацыі ў банку новымі членамі, актыўна рэалізоўваць акцыі, далучаць жанчын да вырашэння самых розных сацыяльных пытанняў, накіраваных на павышэнне ўзроўню і якасці жыцця людзей, якія маюць патрэбу ў дапамозе. Такія мерапрыемствы прайшлі і яшчэ плануюцца да правядзення ва ўсіх абласных гарадах Беларусі.

 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая