Прэс-канферэнцыя аб старце палётнай праграмы з аэрапорта «Магілёў» адбылася сёння пры ўдзеле старшыні Магілёўскага аблвыканкама Анатоля Ісачанкі, генеральнага дырэктара ААТ «Авіякампанія «Белавія» Ігара Чаргінца і генеральнага дырэктара Нацыянальнага аэрапорта «Мінск» Уладзіміра Чаравухіна. З 28 красавіка запланавана адкрыццё першага рэгулярнага напрамку з Магілёва ў Маскву (2 разы на тыдзень у аэрапорт Шарамеццева). Чартарная праграма ў Турцыю - Магілёў-Анталья - запланавана на маючы адбыцца вясенне-летні сезон з 18 мая па 22 кастрычніка (1 раз у 10 дзён).
«Для Магілёўскай вобласці - гэта знакавая падзея. Сумесна з Нацыянальным аэрапортам «Мінск» і Авіякампаніяй «Белавія», дзякуючы падтрымцы дзяржавы, вобласцю праведзена вялікая работа па адкрыцці рэйсаў з магілёўскага аэрапорта па напрамках Магілёў-Масква і Магілёў-Анталья. Гэта запатрабаваныя кірункі. І для жыхароў рэгіёну - добры падарунак, - адзначыў Анатоль Ісачанка, адкрываючы мерапрыемства. - Упэўнены, прынятае рашэнне дасць магчымасць нашым людзям быць больш свабоднымі ў перамяшчэннях і вырашэнні пытанняў. Як для дзелавых колаў, так і ў напрамку развіцця турызму. На Магілёўшчыне, як і ў Беларусі ў цэлым, шмат унікальных мясцін, ёсць што паказаць. І адна з найважнейшых умоў у прыцягненні замежных турыстаў – гэта стварэнне зручнай, прымальнай лагістыкі, на што і накіраваны нашы сумесныя намаганні».
Як адзначыў кіраўнік рэгіёну, прамыя авіязносіны - гэта камфорт, эканомія часу і зручнасць: «Кошт білета ад Br168 і працягласць рэйса крыху больш за гадзіну - гэта вельмі прывабныя ўмовы. Улічваючы той факт, што з Масквой у нашага рэгіёну вельмі шмат дзелавых кантактаў, ўпэўнены, што па гэтым кірунку будзе поўная загрузка. Што тычыцца Турцыі - гэта трэцяя краіна па наведванні нашымі турыстамі. Таму таксама перакананы, што і гэты напрамак будзе запатрабаваны. Канешне, у будучыні можна будзе разглядаць і іншыя напрамкі. Тураператары, безумоўна, зацікаўлены ў гэтым. Тым больш, што гэтую тэму мы сёлета больш шчыльна бярэм у распрацоўку. Мы часта паддаемся памылцы, што для турызму неабходна мора і горы. Насамрэч у нас у Беларусі вельмі шмат унікальных месцаў, пачынаючы ад водных крыніц, нашага лесу, нашай прыроды, нашага чыстага паветра. Самае галоўнае, умець гэта паднесці і наладзіць інфраструктуру і лагістыку. Мы на гэта накіраваны. Але што яшчэ больш важна - усё гэта мы робім для нашых людзей», - падкрэсліў Анатоль Ісачанка.
Развіццё рэгулярных і чартарных паветраных зносін з задзейнічаннем абласных аэрапортаў - значны этап і для авіякампаніі.
«Мы разлічваем, што рэйсы з магілёўскага аэрапорта будуць карыстацца папулярнасцю, роўна як і іншыя нашыя напрамкі з рэгіёнаў, – адзначыў генеральны дырэктар ААТ «Авіякампанія «Белавія» Ігар Чаргінец. - Актыўна развіваць палётную праграму з абласных аэрапортаў мы пачалі з восені 2023 года. І ўжо па выніках 2024-га з аэрапортаў Гомеля і Брэста было перавезена 64,5 тыс. пасажыраў. Напрыклад, летам загрузка напрамку Гомель-Санкт-Пецярбург дасягала 90%. - Упэўнены, што адкрыццё прамых авіязносін паміж Магілёвам і Масквой прынясе не менш дастойныя вынікі. Карысць ад рэйса відавочная ўжо зараз: з яго з'яўленнем павысіцца мабільнасць пасажыраў, палепшыцца лагістыка для бізнесу».
Таксама Ігар Чаргінец адзначыў, што дата пачатку рэгулярных палётаў абраная не выпадкова: «Гэта зроблена спецыяльна перад травеньскімі святамі, каб жыхары Магілёўскай вобласці маглі злятаць на выхадныя, на святы ў Маскву. Надвор'е ўжо будзе добрае для прагулак, будзе што паглядзець. Тое ж тычыцца і расіян, якія таксама змогуць прыляцець у Магілёў адпачыць. Наступным этапам адправімся за морам і сонцам - гэта будзе чартарны рэйс Магілёў-Анталья, які выконваецца тураператарамі раз у дзесяць дзён. Гэта ўсё толькі пачатак. Будзем ацэньваць, як будуць запаўняцца рэйсы, якой будзе эканамічная выгада для авіякампаніі, для магілёўскага аэрапорта. Пакуль, думаю, што ўсё будзе добра і колькасць рэйсаў і напрамкаў будзе толькі павялічвацца».
Адказваючы на пытанні журналістаў, гендырэктар «Белавіі» ўдакладніў, чым больш будзе рэйсаў, тым больш будзе пашырацца спектр паслуг. Аднак ужо першыя пасажыры на кароткіх рэйсах будуць забяспечаны лёгкім перакусам: чай, вада, зефір. На далёкіх напрамках (звыш 6 гадзін) будзе арганізавана паўнацэннае гарачае харчаванне. Для малых з сабой можна будзе ўзяць дзіцячае харчаванне.
Безумоўна, новы пункт на карце палётаў адкрые дадатковыя магчымасці для Нацыянальнага аэрапорта «Мінск», у структуру якога ўваходзіць магілёўскі філіял. Як падкрэсліў Уладзімір Чарэухін, у гісторыі развіцця аэрапорта «Магілёў» пачынаецца новы віток: «Пасля больш чым двухгадовага прыпынку па авіязносінах мы прыкладзем усе намаганні, каб максімальна забяспечыць камфорт нашым пасажырам. Выкарыстоўваючы свае рэсурсы, мы арганізуем харчаванне ў зоне чакання. Пакуль гэта будуць ахаладжальныя напоі, кава-аўтаматы і, наколькі гэта магчыма - гарачае харчаванне. Са старту не абяцаем адкрыць Duty Free, але часова нешта прыдумаем у якасці замены».
Таксама для пасажыраў будуць арганізаваны рэйсы грамадскага транспарту, прадастаўлена магчымасць скарыстацца паслугамі таксі, для асабістага аўтатранспарту будзе арганізавана ахоўная стаянка па даступным кошце. Стандартна прадугледжана паслуга па ўпакоўцы багажу.
Як растлумачыў гендырэктар Нацыянальнага аэрапорта «Менск», на сёння запатрабаванасць у падобных рэйсах узнікла ў сувязі з тым, што людзі пачалі лічыць свой час: «Адным з такіх папулярных кірункаў з'яўляецца Масква, а ў Анталлю з Магілёва мы ўжо лёталі і людзі былі задаволеныя гэтымі палётамі. Гэта зручна і людзі гэта шануюць. Што тычыцца іншых напрамкаў - усё будзе залежаць ад цікавасці жыхароў рэгіёну і ад тураператараў, якія выбудуюць сваю працу для аматараў падарожжаў. На сёння пра гэта казаць рана, але ў будучыні такі варыянт развіцця мы, канешне, разглядаем.
Пры гэтым разумеем, што эканоміка не павінна цярпець, рэйс павінен быць эканамічна выгадным. І для зручнасці людзей мы пачалі з тых напрамкаў, якія прадказальна будуць цікавыя і выгадныя пасажырам. Каб забяспечыць нашых людзей максімальна камфортнымі ўмовамі, мы пачынаем з таго, каб магчымасць падарожжа стала для жыхароў рэгіёну больш даступным. На сёння аэрапорт абсалютна гатовы да выканання палётаў», - запэўніў Уладзімір Чарэухін.
Дарэчы, упершыню чартарныя рэйсы з Магілёва былі выкананы ў 2015 годзе ў Балгарыю (Бургас). З гэтага моманту палётная праграма актыўна развівалася, і ўжо ў 2019 годзе самалёты выконвалі чартарныя рэйсы з Магілёва ў чатыры краіны: Балгарыю (Бургас), Туніс (Энфінда), Турцыю (Анталія), Егіпет (Шарм-эль-Шэйх). Нягледзячы на пандэмію, чартарныя рэйсы з Магілёва выконваліся па 2021 год уключна (Анталія, Хургада, Шарм-эль-Шэйх). 2 кастрычніка 2023 года магілёўскі аэрапорт увайшоў у структуру Нацыянальнага аэрапорта «Мінск», стаўшы яго філіялам.
Юлія Таранава, фота Галіны Гаўрыловіч
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
20.02.2025 - 10:06
20.02.2025 - 09:41
20.02.2025 - 09:20
19.02.2025 - 18:17
Навуковыя распрацоўкі ў металургіі: беларуска-расійскія ініцыятывы