RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Прэзентацыя эстафеты «Полымя свету» II Еўрапейскіх гульняў адбылася ў Мінску

Прэзентацыя эстафеты «Полымя свету» II Еўрапейскіх гульняў адбылася ў Мінску.

У высокатэхналагічным парку віртуальнай рэальнасці Teleport VR арганізатары гульняў таксама прадставілі сам факел і форму факеланосцаў.

«У самой назве эстафеты агню – «Полымя свету» – закладзена перш за ўсё імкненне аб’яднаць усе краіны Еўропы ў чэрвені на адной з самых буйных спартыўных падзей года. Сімвалічна, што прэзентацыя эстафеты праходзіць 6 красавіка – у Міжнародны дзень спорту дзеля развіцця і міра», – адзначыў Георгій Катулін.

Ён павітаў прысутнага на прэзентацыі трохразовага алімпійскага чэмпіёна па барацьбе Аляксандра Мядзведзя, які з’яўляецца факеланосцам маючага адбыцца спартыўнага форума. У 1980 годзе на мінскім стадыёне «Дынама» легендарны змагар запаліў полымя летніх Алімпійскіх гульняў, спаборніцтвы па асобных відах спорту якіх праходзілі ў розных гарадах СССР.

Адным з важных атрыбутаў эстафеты агню з’яўляецца факел, распрацаваны беларускім дызайнерам Юліяй Брайчук разам са спецыялістамі завода-вытворцы – ААТ «Навагрудскі завод газавай апаратуры». Факел вагой крыху больш за 1,7 кг і вышынёй у 81 см выраблены з нержавеючай сталі.

Факеланосцамі падчас эстафеты выступіць 450 чалавек – спартсмены, вядомыя прадстаўнікі культуры, навукі, мастацтва, грамадскія дзеячы, сярод якіх спявак Тэа, чатырохразовая алімпійская чэмпіёнка па фехтаванні Алена Бялова, плывец паралімпійскай зборнай Аляксей Талай, легендарны беларускі асілак Вячаслаў Харанека, народны артыст Беларусі Уладзімір Гасцюхін.

Форма ўдзельнікаў эстафеты агню «Полымя свету» распрацавана беларускім дызайнерам Юліяй Латушкінай. Яна выканана ў традыцыйных светлых танах, сімвалізуе мір і чысціню намераў, што адпавядае ідэалам алімпійскага руху.

Старт эстафеты агню «Полымя свету» прызначаны на 3 мая ў Рыме, дзе будзе запалена полымя II Еўрапейскіх гульняў. Пасля факел з агнём кантынентальнага спартыўнага форуму адправіцца на гару Манблан – найвышэйшую кропку, на якую беларускія альпіністы падымуць факел і флаг Беларусі. Затым эстафета працягнецца па краінах Еўропы: Аўстрыі, Славеніі, Венгрыі, Славакіі, Чэхіі і Польшчы.

Свой шлях у Беларусі «Полымя свету» пачне ў Брэсце 12 мая. Далей факел пранясуць больш чым па 60 населеных пунктах ва ўсіх рэгіёнах краіны. У кожнай вобласці будзе прадуманы шасцідзённы маршрут. Па Беларусі полымя будзе падарожнічаць на працягу 50 дзён. Фінішуе эстафета вынясеннем полымя на цырымоніі адкрыцця II Еўрапейскіх гульняў 21 чэрвеня ў Мінску на стадыёне «Дынама».

БЕЛТА
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая