RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Пытанні ўстойлівасці прамысловага комплексу і аплаты працы разгледжаны на пасяджэнні пастаяннай камісіі па эканоміцы, бюджэце і фінансах абласнога Савета дэпутатаў

Пасяджэнне пастаяннай камісіі па эканоміцы, бюджэце і фінансах абласнога Савета дэпутатаў прайшло сёння ў Магілёве пад кіраўніцтвам намесніка старшыні пастаяннай камісіі Аляксандра Моніча.

У ходзе пасяджэння былі разгледжаны ключавыя пытанні парадку дня, якія датычацца сацыяльна-эканамічнага развіцця вобласці. З дакладам аб мерах па забеспячэнні ўстойлівай работы прамысловых прадпрыемстваў Магілёўскай вобласці ва ўмовах абмежаванняў, абумоўленых прымяненнем санкцый, выступіў старшыня камітэта эканомікі аблвыканкама Аляксандр Варапаеў. Камісія заслухала інфармацыю аб бягучым стане прамысловага комплексу, у т.л. аб'ёмы вытворчасці за студзень-сакавік 2025 года склалі Br4,3 млрд., індэкс прамысловай вытворчасці - 101,1 працэнта, а таксама аб станоўчай дынаміцы на шэрагу прадпрыемстваў. Былі адзначаны поспехі ў дыверсіфікацыі экспартных рынкаў, нягледзячы на агульнае зніжэнне экспарту тавараў на 7,9 працэнта ў гадавым супастаўленні, і значны рост паставак у краіны Афрыкі, Усходняй Азіі (уключаючы Кітай) і на новыя рынкі. Асаблівая ўвага была ўдзелена выкананню плана мерапрыемстваў па імпартазамяшчэнні на 2025 год, які прадугледжвае ўдзел 140 суб'ектаў гаспадарання, вытворчасць па 230 таварных пазіцыях і агульны аб'ём $1,125 млрд. За студзень-сакавік бягучага года аб'ём вытворчасці імпартазамяшчальнай прадукцыі склаў $285 млн (тэмп росту - 100,7 працэнта), або 101,3 працэнта ад даведзенага задання.

Па выніках абмеркавання камісія прыняла інфармацыю да ведама і рэкамендавала камітэту эканомікі аблвыканкама прадоўжыць узаемадзеянне з рэспубліканскімі ведамствамі для вырашэння праблем прамысловасці, прыняць меры па выкананні плана імпартазамяшчэння і каардынацыі работы прадпрыемстваў па дыверсіфікацыі рынкаў збыту гатовай прадукцыі і павелічэнні экспарту.

Таксама на пасяджэнні было разгледжана пытанне аб накіраванні бюджэтнымі арганізацыямі Магілёўскай вобласці пазабюджэтных сродкаў на павышэнне заработнай платы ў бягучым перыядзе 2025 года. Даклад па гэтым пытанні прадставіла старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама Марыя Шапнеўская. Камісія заслухала інфармацыю аб практыцы выкарыстання пазабюджэтных крыніц фінансавання для павышэння ўзроўню аплаты працы работнікаў бюджэтнай сферы.

Пасяджэнне прайшло ў працоўным парадку. Прынятыя рашэнні накіраваны на забеспячэнне ўстойлівага функцыянавання прамысловага сектара і сацыяльнай сферы Магілёўскай вобласці.
 
Юлія Таранава, фота Галіны Гаўрыловіч

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая