RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Руслан Пархамовіч: акцыя «Нашы дзеці» дорыць незабыўнае свята і зараджае добрымі эмоцыямі

Акцыя «Нашы дзеці» дорыць дзецям незабыўнае свята і зараджае дарослых добрымі эмоцыямі. Такім меркаваннем з журналістамі падзяліўся міністр архітэктуры і будаўніцтва Руслан Пархамовіч падчас наведвання Магілёўскага спецыяльнага прафесійна-тэхнічнага вучылішча закрытага тыпу № 2 дрэваапрацоўкі ў Магілёве. Візіт стаў часткай рэспубліканскай дабрачыннай акцыі.

«Рэспубліканская дабрачынная акцыя «Нашы дзеці» – гэта добрая і прыемная традыцыя, калі мы напярэдадні навагодніх святаў дадаём чараўніцтва ў жыццё кожнага дзіцяці. У гэтай установе, на жаль, знаходзяцца дзеці, якім жыццё ўжо паспела падкінуць складанае выпрабаванне. Таму ім патрэбна яшчэ вялікая падтрымка ад дарослых. Мне заўсёды прыемна знаходзіцца на такіх святах. Ад дзяцей зараджаешся навагоднім настроем, радасцю. І разам з імі пачынаеш чакаць навагодніх цудаў», – адзначыў Руслан Пархамовіч.

Разам з міністрам на свята ў Магілёўскае вучылішча прыехаў з падарункамі рэктар Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. А. Куляшова Дзяніс Дук.

«Я, як дарослы чалавек, падзяляю падарункі на прыемныя і карысныя. І нашы падарункі ў гэтым годзе не сталі выключэннем. Карысная частка падарункаў – будматэрыялы. Дзеці тут атрымліваюць будаўнічыя прафесіі, таму нашы падарункі ім спатрэбяцца. А прыемная частка – канькі. Яны дапамогуць праводзіць дзецям час весела і з карысцю для здароўя», – падкрэсліў міністр.

«Якімі б ні былі дзеці – цяжкімі, няцяжкімі – яны ўсё роўна дзеці. Чакаюць гасцей, чакаюць падарункі. Міністр архітэктуры і будаўніцтва прыязджае кожны год да нас. Ён заўсёды раіцца, што прывезці. Сёлета, акрамя салодкіх падарункаў, нам падораць канькі. Узімку ў нас заліваюць каток, мы выязджаем і гуляем у хакей у іншых гарадах. Нашы дзеці любяць гэты від спорту, хоць і гуляюць не на прафесійным узроўні. Гэта была наша просьба, за яе выкананне вельмі ўдзячныя», – адзначыў дырэктар установы Віталь Лебедзеў.

Сёння ў сценах установы падвялі вынікі прафесійнага майстэрства. Адным з удзельнікаў конкурсу стаў навучэнец Станіслаў Яворскі. «На конкурс мы рыхтавалі рыдлёўку для ўборкі снегу. Да спецвучылішча я нічога не ўмеў рабіць рукамі, а тут амаль за 4 месяцы навучыўся. Рабілі рыдлёўкі, кухонныя прыналежнасці. На мой погляд, гэта важныя навыкі. Асабліва, калі будзеш жыць у сваім доме. Выпадзе снег – значыць, патрэбна рыдлёўка, зламаецца нешта ў доме – змагу сам паправіць», – падзяліўся ён.

Для гасцей свята вучні падрыхтавалі яркі і насычаны канцэрт – акрамя вучобы, дзеці наведваюць спартыўныя і творчыя гурткі. Свае ўменні яны прадэманстравалі сёння на сцэне. Як расказаў навучэнец Максім Сыса, падрыхтоўка да выступленняў была сур’ёзнай. «Я хачу падзякаваць нашым гасцям за падарункі і навагодні настрой. Вядома, мы таксама чакаем новага года. Нягледзячы на тое, што практычна ўсе паўналетнія, але ў душы мы ўсё роўна дзеці, якія чакаюць свята. Мы таксама сур’ёзна рыхтаваліся да сустрэчы: падрыхтавалі яркую і насычаную канцэртную праграму з Дзедам Марозам і Снягуркай і іншымі казачнымі персанажамі. Гэта наш падарунак для гасцей», – растлумачыў падлетак.

На працягу апошніх гадоў у вучылішчы ідзе капітальны рамонт: у гэтым годзе з’явілася новая спартыўная пляцоўка, цяпер ідуць працы ў інтэрнаце. «На будучы год плануецца адкрыццё нашага стадыёна з бегавымі дарожкамі. Ёсць трэнажорная зала, бібліятэка. У нас ёсць усё неабходнае для ўсебаковага развіцця нашых выхаванцаў, – адзначыў дырэктар. – На выхадзе з установы мы даём ім нядрэнную пуцёўку ў жыццё. У далейшым яны могуць працаваць на прадпрыемствах, вытворчасцях. Мы адсочваем іх далейшы лёс. Частка выпускнікоў працуе, частка працягвае навучанне. Радуе, што каля 15 хлопчыкаў і дзяўчынак прайшлі службу ў арміі».

38 навучэнцаў ва ўзросце ад 14 да 18 гадоў з усёй краіны навучаецца тут па спецыяльнасцях дрэваапрацоўкі, а таксама «муляр», «тынкоўшчык», «плітачнік», «абліцоўшчык» і атрымліваюць базавую і сярэднюю адукацыю.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая