RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Сезон сельскагаспадарчых кірмашоў стартуе ў Магілёве 2 кастрычніка

У Магілёве ў кастрычніку пройдзе паўтара дзясятка восеньскіх сельскагаспадарчых кірмашоў. Пра гэта расказалі ў Магілёўскім гарвыканкаме.

Першы восеньскі кірмаш «Багач» адбудзецца ўжо ў гэтыя выхадныя, 2 кастрычніка. Ён будзе арганізаваны з 11.00 да 17.00 у скверы 40-годдзя Перамогі і па вул. Міронава. Удзельнікамі стануць сельскагаспадарчыя, перапрацоўчыя і гандлёвыя прадпрыемствы, а таксама фермерскія гаспадаркі, індывідуальныя прадпрымальнікі, рамеснікі і фізічныя асобы.

Увазе пакупнікоў будзе прапанавана плодаагароднінная, мясная і рыбная прадукцыя. У асартыменце таксама прадстаўлена прадукцыя грамадскага харчавання, у тым ліку кулінарныя і кандытарскія вырабы, харчовыя і нехарчовыя тавары, саджанцы і сувенірная прадукцыя.

Далей кірмашы будуць праводзіцца кожныя выхадныя. Для зручнасці магілёўцаў вулічны гандаль арганізуюць на тэрыторыі мікрараёнаў і мікразон. Напрыклад, 2 кастрычніка сельскагаспадарчую прадукцыю можна будзе набыць у мікрараёне Спадарожнік па вул. Каралёва ў раёне дома № 25 (м-н Юбілейны) і на пляцоўцы ААТ «Магілёўатракцыёны» па пр. Пушкінскім,1.

Адразу тры восеньскія кірмашы пройдуць у абласным цэнтры 9 і 10 кастрычніка. Пакупнікоў запрашаюць на вул. Фаціна,12 (тэрыторыя, прылеглая да СШ № 41), да міні-рынка Казіміраўскі (р-н Казіміраўка) і ГЦ «Форум» (м-н Саломінка). На наступныя выхадныя, 16 і 17 кастрычніка, кірмашы размесцяцца ў раёне гандлёвага комплексу «Крыніца» (м‑н Саломінка) і па вул. Чалюскінцаў,181 (прылеглая да СШ № 17 тэрыторыя).

На пляцоўцы каля ГЦ «Форум» па вул. Крупскай, 119, плодаваагароднінную прадукцыю будуць прадаваць 19–24 кастрычніка. У гэтыя ж выхадныя, 23 кастрычніка, пакупнікоў запрашаюць на пляцоўку ў раёне дома № 2 па вул. Арлоўскага (м-н Мір-2) і на тэрыторыю м‑на Ямніцкі. На пляцоўцы парку атракцыёнаў па пр. Пушкінскім, 1, восеньскі кірмаш таксама будзе працаваць 23 і 24 кастрычніка.

З 29 кастрычніка па 7 лістапада кірмаш зноў разгорнецца побач з ГЦ «Форум» па вул. Крупскай, 119. У апошнія выхадныя месяца, 30 і 31 кастрычніка, набыць неабходныя тавары можна будзе па вуліцы Алтайскай, 26 (на тэрыторыі, размешчанай побач з СШ № 13).

 

 

 

 

 

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая