RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Старшынёй абласнога Савета дэпутатаў абраны Аляксандр Гарошкін

Першая сесія абласнога Савета дэпутатаў дваццаць дзявятага склікання прайшла 4 сакавіка ў Магілёве. Адным з асноўных пытанняў парадку дня стала абранне старшыні абласнога Савета дэпутатаў. Шляхам тайнага галасавання аднагалосна была падтрымана кандыдатура дэпутата па Магілёўскай паўночнай выбарчай акрузе №51 Аляксандра Гарошкіна, які да гэтага часу займаў пасаду намесніка генеральнага дырэктара ААТ «Магілёўліфтмаш».

Удзел у пасяджэнні прынялі старшыня аблвыканкама Анатоль Ісачанка, памочнік Прэзідэнта - інспектар па Магілёўскай вобласці Леанід Мартынюк, старшыня абласной выбарчай камісіі Яўген Алекса, а таксама новаабраныя дэпутаты, члены ЦВК па Магілёўскай вобласці, члены аблвыканкама, аблвыбаркама, Маладзёжнага парламента пры абласным Савеце дэпутатаў, старшыні гаррайвыканкамаў і кіраўнікі мясцовых адміністрацый, кіраўніцтва структурных падраздзяленняў аблвыканкама, абласных камітэтаў, упраўленняў, службаў і арганізацый, прадстаўнікі СМІ.

Анатоль Ісачанка адзначыў, што падтрымаў кандыдатуру Аляксандра Гарошкіна, прапанаваную на ролю кіраўніка дэпутацкага корпуса рэгіёна дэпутатамі абласнога Савета: «Лічу, што гэта абсалютна правільны выбар. Чалавек вядомы на Магілёўшчыне, ваенны - ён прайшоў шлях ад матроса да ваеннага камісара вобласці. Адданы сваёй краіне патрыёт, які ўмее весці за сабой людзей. Таму мною была падтрымана яго кандыдатура на ролю старшыні, упэўнены, што ён дасць новы імпульс працы абласнога Савета дэпутатаў. Папярэдняе скліканне зрабіла шмат, працавала плённа, але заўсёды трэба рухацца наперад, павінна быць нейкае абнаўленне. І яно адбылося. Думаю, праца будзе ўзмоцнена і ў напрамку ўзаемадзеяння з выканаўчай уладай, і самай галоўнай задачы дэпутацкага корпуса - узаемадзеяння з людзьмі, сваімі выбаршчыкамі. Каб тыя абяцанні, якія былі дадзены, былі выкананы. І, канечне, павінен быць канструктыў, каб мы разумелі адзін аднаго, працавалі і рухаліся наперад».

Кіраўнік рэгіёну павіншаваў Аляксандра Гарошкіна з абраннем на пасаду, а таксама ўвесь абноўлены дэпутацкі корпус: «Людзі вам даверылі вельмі шмат, абраўшы сваімі прадстаўнікамі ў органах улады. Не толькі каб вырашаць асобныя пытанні, а каб мы ўсе разам працавалі, і нашая Магілёўшчына развівалася і квітнела». Акрамя гэтага, ён падзякаваў за працу старшыні абласнога Савета дэпутатаў дваццаць восьмага склікання Ірыне Раінчык, адзначыўшы, што неўзабаве яе прафесійны вопыт, разуменне працэсаў, што адбываюцца ў грамадстве, спатрэбіцца на іншай, не менш адказнай пасадзе.

У сваю чаргу, Аляксандр Гарошкін падзякаваў за аказаны гонар і, адказваючы на пытанні журналістаў, распавёў пра свае працоўныя планы на новай пасадзе: «Заўсёды зыходзіў і зыходжу з таго, што перш, чым вызначыць задачы, якія ставіш перад сабой або падначаленымі, неабходна правесці глыбокі, дэталёвы аналіз. Па-першае, тых сіл, якія будуць побач з табой працаваць над іх выкананнем, па-другое, саміх задач, якія стаяць перад дэпутацкім корпусам у гэты няпросты час. Ён, у прынцыпе, ніколі не бывае простым, але сёння, з улікам падзей, якія адбываюцца вакол нашай дзяржавы, варта быць больш мабілізаваным. Таму адназначна, правядзем такі аналіз, размяркуем абавязкі, зыходзячы з таго, у якім напрамку кожны зможа прынесці больш карысці, таксама размяркуем задачы. Пасля гэтага будзем рабіць усё, каб наш Прыдняпроўскі край, наша краіна жылі і квітнелі, каб нашыя людзі ганарыліся, што жывуць у Беларусі».

Ён падкрэсліў, што лічыць неабходным перш за ўсё наладзіць цеснае і канструктыўнае ўзаемадзеянне з выканаўчай уладай: «Мы павінны добра разумець, што ў гэты час няма іншых людзей і дэпутацкі корпус павінен падстаўляць плячо ў вырашэнні сацыяльна-эканамічных пытанняў рэгіёну. Будзем працаваць над гэтым. Адназначна, каб задача была выканана, важна, каб арганізм працаваў поўнасцю, а не толькі асобныя яго часткі. І такая задача будзе ставіцца. Другое, на што хачу звярнуць увагу і што абазначаў яшчэ ў сваёй перадвыбарнай праграме, гэта лозунг: «Думаючы пра народ – не забываць пра канкрэтнага чалавека». Для таго і існуе дэпутацкі корпус, каб туды мог прыйсці чалавек са сваёй канкрэтнай праблемай, і гэта праблема павінна быць вырашана. Або асобным дэпутатам, або сумесна з выканаўчай уладай. І тады людзі адчуюць, што дэпутаты - гэта сіла, рукамі якой можа быць шмат зроблена. Мы думаем аб людзях, аб народзе, аб краіне, ды і часам праблема канкрэтнага чалавека не патрабуе вялікіх грашовых выдаткаў і сіл, проста трэба паставіцца да яе ўважліва і для чалавека з'явіцца рашэнне, за якое ён будзе ўдзячны. На гэта і будзе накіравана праца дэпутацкага корпуса».

Таксама падчас працы сесіі былі абраны намеснікі старшыні абласнога Савета дэпутатаў. Імі сталі рэктар установы адукацыі «МДАІРА», дэпутат па Буйніцкай выбарчай акрузе № 43 Міхаіл Жудро і начальнік галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя аблвыканкама, дэпутат па Клічаўскай выбарчай акрузе №46 Аляксандр Старавойтаў.

У гэты ж дзень было разгледжана пытанне аб утварэнні пяці пастаянных камісій, выбраны іх старшыні і намеснікі старшынь. Так, старшынёй пастаяннай камісіі па прамысловасці, будаўніцтве, транспарце, сувязі, жыллёва-камунальнай і дарожнай гаспадарцы стаў дырэктар ААТ «Бабруйскі завод трактарных дэталяў і агрэгатаў, дэпутат па Жукаўскай выбарчай акрузе № 10 Уладзімір Кісель, яго намеснікам - генеральны дырэктар ААТ «Будаўнічы трэст №12» УКХ «БУДТРЭСТ-ХОЛДЫНГ», дэпутат па Цэнтральнай выбарчай акрузе № 30 Дзмітрый Марозаў.

Старшынёй пастаяннай камісіі па пытаннях сацыяльнай сферы, сацыяльнай абароны грамадзян і справах моладзі абраны галоўны ўрач Магілёўскай абласной дзіцячай бальніцы, дэпутат па Загорскай выбарчай акрузе № 41 Ігар Каско, яго намеснікам - дырэктар рэгіянальнага цэнтра прававой інфармацыі Магілёўскай вобласці, дэпутат па Алтайскай выбарчай акрузе № 40 Наталля Станкевіч.

Старшынёй пастаяннай камісіі па пытаннях мясцовага кіравання і самакіравання, законнасці і мандатам абрана дэкан факультэта бізнесу і права БДСГА, дэпутат па Горацкай гарадской выбарчай акрузе № 17 Наталля Глушакова, яе намеснікам - намеснік начальніка міліцыі грамадскай бяспекі УУС, дэпутат па Габраўскай выбарчай акрузе № 39 Сяргей Волкаў.

Старшынёй пастаяннай камісіі па эканоміцы, бюджэце і фінансах выбраны генеральны дырэктар ААТ «Магатэкс», дэпутат па Тэкстыльнай выбарчай акрузе нумар 25 Аляксандр Пацёмкін, яго намеснікам - дырэктар філіяла ААТ «БелАЗ» - кіруючая кампанія холдынгу «БелАЗ-Холдынг», дэпутат па Аўтазаводскай выбарчай акрузе № 33 Аляксандр Моніч.

Старшынёй пастаяннай камісіі па аграрных пытаннях, праблемах Чарнобыльскай катастрофы, экалогіі і прыродакарыстанню выбраны генеральны дырэктар Магілёўскай ДВЛГА, дэпутат па Быхаўскай выбарчай акрузе №13 Сяргей Максімовіч, яго намеснікам - дырэктар Слаўгарадскага лесанарыхтоўчага прадпрыемства, дэпутат па Слаўгарадскай выбарчай акрузе № 16 Міхаіл Ярмоленка.
 
Паводле слоў Аляксандра Гарошкіна, на працягу месяца пройдзе пасяджэнне дэпутацкага корпуса, на якім будзе зацверджаны склад камісій і размеркаваны задачы на бліжэйшую перспектыву.

Юлія Таранава, фота Галіны Гаўрыловіч

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая